Цікавыя факты пра кнігі і пісьменннікаў, якія вы маглі не ведаць
Самая цяжкая кніга важыць 320 кг. А дванаццаць самых маленькіх кніг свету змяшчаюцца ў... адной сталовай лыжцы. Сёння, 3 сакавіка, ва ўсім свеце адзначаецца Дзень пісьменніка. З гэтай нагоды прапануем вам нізку цікавостак пра кнігі і іх аўтараў.
Самыя-самыя...
Рассыпны набор з драўляных літар быў вядомы ў Індыі яшчэ за шмат стагоддзяў да Гутэнберга. А гліняныя літары ўжываліся ў Кітаі яшчэ ў ХІІІ стагоддзі.
***
Самая вялікая ў свеце кніга знаходзіцца ў адным з музеяў Амстэрдама. Яна называецца «Збор марскіх правілаў». Вышыня кнігі большая за рост сярэдняга чалавека, шырыня — 1 метр, таўшчыня — каля паўметра.
***
Самай цяжкай (па вазе) у свеце кнігай лічыцца геаграфічны атлас, які захоўваецца ў Брытанскім музеі ў Лондане. Атлас мае вышыню больш за адзін метр і важыць 320 кілаграмаў.
***
Адна з самых незвычайных у свеце кніг — «Боская камедыя» Дантэ, напісаная на лісце паперы памерам 80 на 60 см бенедыктынскім манахам Габрыэлем Чэлані. Усе 14 000 вершаў можна лёгка прачытаць няўзброеным вокам, а калі паглядзець на старонку з адлегласці, то бачыш маляўнічую карту Італіі. На гэтую працу Чэлані патраціў чатыры гады.
***
Дванаццаць самых маленькіх кніг свету змяшчаюцца ў... адной сталовай лыжцы. Сярод іх ёсць мініяцюрнае выданне Карана, слоўнік ангельскай мовы на 12 тысяч слоў і Канстытуцыя Францыі.
***
Самай дарагой кнігай у наш час лічаць унікальны «Апакаліпсіс», выдадзены французам Жозэфам Форы. Гэтая кніга ацэнена ў 100 мільёнаў «старых» франкаў. Яна выстаўлена ў Музеі сучаснага мастацтва ў Парыжы.
***
Італьянец Рыа Казэллі збірае сусветную калекцыю самых сумных кніг. У ёй каля 10 тысяч тамоў. Адзін італьянскі паэт-«няўдачнік», даведаўшыся, што ўсе яго зборнікі знаходзяцца ў спісе Казэллі, ледзь не стаў самагубцам.
***
«Адзіныя і найглыбокія сакрэты медыцынскага мастацтва» — такую назву мела не тонкая, у 100 старонак, кніга, знойдзеная запячатанай сярод рэчаў славутага галандскага доктара Германа Бурхавэ пасля яго смерці ў 1738 годзе. Кніга была прададзена на аўкцыёне за колішнія 10 тысяч даляраў золатам. Пасля таго, як пячатка на кнізе была зламана, выявілася, што старонкі яе былі... чыстымі. Толькі на тытульным лісце меўся надпіс: «Трымай галаву ў холадзе, ногі ў цяпле, і ты зробіш бедняком лепшага лекара».
Мала хто ведае...
Мала хто ведае, што Адам Міцкевіч быў не толькі паэтам, але і празаікам-фантастам. І зазірнуў і ў наш «тэлекасмічны» час. У рамане «Гісторыя будучыні» ён пісаў пра акустычныя прыборы, з дапамогай якіх, седзячы ля каміна, можна слухаць канцэрты з далёкага горада, а таксама пісаў пра механізмы, што дапамагаюць насельнікам Зямлі падтрымліваць сувязь з істотамі, якія насяляюць іншыя планеты... І таксама апісаў Еўропу будучыні, якая «ўпала» пры кітайскім уварванні, але Захад выратаваў жанчын — і яны сталі змагарамі заўтрашняга дня. У двухпалатным парламенце яны сядзяць у ніжняй палаце, мужчыны — у верхняй. Гераічная жанчына-лідар, якая ачоліла жанчын і моладзь (гэта значыць тыя часткі грамадства, якія не страцілі сваіх пачуццяў, адданасці і гераізму), выйграе пераможную «бітву за Віслу».
***
Анарэ дэ Бальзак, пачынаючы працаваць над новым творам, замыкаўся ў пакоі на адзін-два месяцы і шчыльна зачыняў аканіцы, каб праз іх не праходзіла святло. Пісаў ён пад свечкамі, апрануты ў халат, па 18 гадзін штодня!
***
Лёс здаўна несправядліва ставіўся да многіх пісьменнікаў. Сярод іх — ангельскі празаік XVI – XVII стагоддзяў Джон Стоў, які на схіле гадоў апынуўся ў страшнай галечы. Ангельскі ўрад выдаў адмысловы ўказ, які абвяшчаў: «З прычыны таго, што Стоў патраціў сорак пяць гадоў на збіранне матэрыялаў для гісторыі Англіі і дванаццаць на апісанне гарадоў Лондана і Вестмінстара, мы даём яму наш літасцівы і каралеўскі дазвол прасіць міласціню ў нашых падданых».
***
У «Рабінзона Круза» ёсць працяг. У ім Рабінзон зноў трапляе ў караблекрушэнне і змушаны дабірацца ў Еўропу праз усю Расію. Восем месяцаў ён, зімой, жыве і чакае цяпла ў Табольску. У Расіі гэты раман не выдаваўся з 1935 года. Асцерагаліся алюзій на сталінскія лагеры?
***
Вальтэ́р адначасова пісаў некалькі твораў. Сядаючы да працоўнага стала, ён, у залежнасці ад настрою, браў пэўны рукапіс і працягваў над ім працаваць.
***
Жан Жак Русо, французскі пісьменнік і філосаф, быў аўтарам музычнага слоўніка і напісаў камічную оперу «Вясковы вядзьмак», якая стала родапачынальніцай французскіх опер-вадэвіляў і якая пратрымалася на французскай опернай сцэне больш за 60 гадоў.
***
Жуль Верн марнаваў шмат гадзін у дзень на вывучэнне навуковай літаратуры, выпісваючы цікавыя для яго факты на адмысловыя карткі. У яго картатэцы было больш за 20 тысячаў такіх запісаў. А што б ён «натварыў» у нашую інтэрнэтную эпоху?
***
Стваральніца знакамітага рамана «Авадзень» Этэль Ліліян Войніч была і кампазітарам, а свае музычныя творы лічыла больш значнымі за літаратурныя.
Упершыню апублікавана ў "Літаратурнай Беларусі" № 3 (199)