Нечаканы Адам Міцкевіч: 10 фактаў пра паэта, якія здзьмухваюць бронзавы пыл

Як любы зорны класік, Адам Міцкевіч за дзесяцігоддзі пасля смерці добра «пабранзавеў». Вакол яго вобразу склаўся німб велічы, біяграфія стала ўзорнай і дасканала рэтушаванай. Якім ён быў сапраўдным — памятаюць уласныя лісты і мемуары сучаснікаў.

01_pomnik_adamu_mickeviczu_u_minsku.jpg


На вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 1798 года ў ваколіцах даўняга Наваградка ўбачыў свет Адам Міцкевіч. Ён стаў класікам літаратуры з сусветным імем. Вакол яго імя і па сёння вядзецца жорсткая «бітва за Міцкевіча» з галоўным пасылам: а чый жа ён? Народжаны на землях сучаснай Беларусі, па-польску ён узвялічыў Літву… Пакінем гэтыя спрэчкі зацятым спрачальнікам і лепш паглядзім, якім ён быў у жыцці.
«Пабранзавець» — незваротны лёс кожнага класіка. Што там казаць пра гады пасля смерці, калі Міцкевіч яшчэ пры жыцці лічыўся Прарокам і вялікім майстрам слова. Яго вершы моцна адгукаліся ў сэрцах патрыётаў на эміграцыі, паўстанцаў, тых, хто прагнуў адраджэння даўняй Рэчы Паспалітай са старонак «Пана Тадэвуша».
Ноткі настальгіі па сармацкай імперыі адгукаюцца ж і сёння… Сучаснікі і наступнікі яго ўзвялічылі, а яго тоеснасць крыху і згубілася. Канешне, калі ты класік, чый партрэт глядзіць са школьных падручнікаў, а помнік упрыгожвае не адзін дзясятак цэнтральных гарадскіх плошчаў, твая штодзённасць, не заўжды дабрачыслівая, хаваецца ў промнях велічы. Але ж і класікі таксама людзі. Якім быў Адам Міцкевіч сведчаць яго лісты і ўспаміны сучаснікаў.

Любіў каву, напісаў ёй оду

У ХІХ стагоддзі кава была ўлюбёным напоем шляхты, яе цанілі, ужыванне кавы ў маёнтку было цырымоніяй. Палымяна любіў гэты духмяны напой і рамантык Адам Міцкевіч. Вельмі любіў і без кубка годнай кавы кепска пачуваўся.
Аб гэтым паэт пісаў у лісце да свайго сябра Эдварда Адынца падчас свайго побыту ў Маскве ў лютым 1826 году, куды Міцкевіч прыехаў з Адэсы: «Жыву тут, як апошні янычар. Не маю асобнай кватэры, стол вельмі кепскі, віна і не чуваць, нават добрай кавы няма».
Міне дзесяцігоддзе і ў далёкім Парыжы аматар кавы Міцкевіч не здрадзіць свайму любімаму напою. Больш таго, уславіць яго на старонках знакамітай паэмы «Пан Тадэвуш». Дарэчы, падчас яе напісання паэт піў кавы вельмі шмат: і з ранку, і цягам дня. У сваім творы ён увасобіў успаміны з Літвы, напісаў, якая павінна быць кава ў сапраўдным старасвецкім доме: «Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела, чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела…». І абавязкова дадаць свежыя вяршкі!
Між іншым, брэнд «кава Міцкевіча» паспяхова сфармаваўся і напой, апісаны класікам, можна пакаштаваць у старасвецкай кавярні яго роднага Наваградка.

Кава Адама Міцкевіча, якую можна пакаштаваць у Наваградку

Кава Адама Міцкевіча, якую можна пакаштаваць у Наваградку

Пазычыў паліто ў Чачота і не вяртаў

Што казаць, малады Адам Міцкевіч і сябры з філамацкага колу не былі заможнымі, і такая важная і дарагая рэч, як паліто, была сапраўднай каштоўнасцю. Асабліва ж у прахалодную восень.
Кастрычнік 1819-га, Ян Чачот — лепшы сябар яшчэ па Наваградскай школе і Віленскаму ўніверсітэту — піша Міцкевічу: «Маё паліто, якое ты забраў, як можаш хутчэй вышлі мне, бо грошай, каб справіць што новае, цяпер няма. Таму вышлі, калі ласка, — усё ж у цябе ёсць паліто, а я сваё на людзях насіць не магу, бо старое і дзіравае…»
На жаласлівую просьбу сябра Адам коратка адказаў праз месяц: «Паліто не было з кім адаслаць, але хутка знайду нагоду; даўно ўжо выглядаю». На двары ўжо стаяў лістапад.

Малады Адам Міцкевіч (мініяцюра Л дэ Віўена)

Малады Адам Міцкевіч (мініяцюра Л дэ Віўена)


«І толькі для аднаго Адама ставілася бутэлька портару»

Факт таго, што на сваіх пасяджэннях філаматы пілі малако, — вядомы, гэта быў іх рытуал і сімвал чысціні памкненняў. Антоні Эдвард Адынец у сваіх успамінах кажа крыху больш пра напоі і закускі, якія ўжываліся ў філамацкім коле: «Віно, пунш, піва, не кажучы ўжо пра моцныя напоі, яўна былі выключаныя з праграмы. Малако, гарбата са здобай, крыху лепшай ад простых булак, лустачкі хлеба з сырам і садавіна складалі ўвесь запас наедку і ласункаў. Адзін-адзіны тост у гонар героя ўрачыстасці выконваўся калі не з малаком, то з малым кілішкам ковенскага мёду…»
А далей Адынец піша: «І толькі для аднаго Адама, калі ён прысутнічаў, як выключэнне ставілася бутэлька портару. Ён таксама адзін меў прывілей курыць люльку, ад якой на зборах, па пастанаўленні, іншыя ўстрымліваліся».

Апафеоз Міцкевіча. На выяве аўтар і героі яго твораў

Апафеоз Міцкевіча. На выяве аўтар і героі яго твораў

За натхненнем — у Шчорсы

У 1963 годзе ў Маскве пабачыў свет невялічкі зборнік выбранай лірыкі Адама Міцкевіча, які быў укладзены ўкраінскім паэтам Максімам Рыльскім. У прадмове літаратар напісаў, што некалькі год таму яму пашчасціла пабываць у мясцінах Міцкевіча: «бачылі дуб у Шчорсах, пад якім ён, згодна з паданнем, пісаў ці абдумваў паэму “Гражына”».
Маёнтак Шчорсы на Нёмане быў важным месцам для філаматаў. Тут знаходзілася знакамітая бібліятэка апошняга канцлера Вялікага Княства Літоўскага Іахіма Храптовіча. Шчорсы былі прытулкам для моладзі.
У 1819 годзе ў лісце да Яна Чачота Міцкевіч пісаў: «на гэтых днях збяруся ў Шчорсы другі раз і там некалькі тыдняў папрацую ў самоце». А ўжо праз месяц у лісце да іншых філаматаў — Юзэфа Яжоўскага і Ануфрыя Петрашкевіча — Адам пісаў наступнае: «раз’езды, паляванне, сузіранне прыгажунь, слуханне, гульні, дзействы, размовы з масонамі, развагі, смех да колікаў, патрыятычныя спевы ўсю ноч у вялікай грамадзе, часам хандра і сум — вось карціна маіх вакацый».
Застаецца толькі здзіўляцца, калі Міцкевіч яшчэ паспяваў пісаць ці абдумваць «Гражыну».

 Шчорсы паводле Н. Орды

 Шчорсы паводле Н. Орды


«Адам заўсёды вылучаўся кемлівасцю»

На вобраз Міцкевіча, які мы ведаем, у значнай ступені паўплывалі яго творы, дзе герой — прататып аўтара, як, напрыклад, у «Дзядах» ці ранніх баладах. Але Адам не быў такім хмурым і меланхалічным, як тое адлюстравана ў творах.
Пра характар маладога Міцкевіча добра напісаў у сваіх успамінах Ігнат Дамейка. Ён піша, што Адам у кампаніі са сваімі быў нязменна вясёлы, нават прыемны. Міцкевіч заўсёды вылучаўся кемлівасцю і незразумелай здольнасцю прывабліваць да сябе не толькі сваіх равеснікаў, але і намнога старэйшых, больш адукаваных за сябе. Не хаваў ён непрыязнасці да людзей ненатуральных, фальшывых, не цярпеў прэтэнцыёзнасці.
Паводле слоў Дамейкі, Міцкевіч з дзяцінства шанаваў набожных, хінуўся да людзей актыўных, неабыякавых да жыцця і больш за ўсё цаніў тых, хто па-сапраўднаму любіў свой край.

 Адам Міцкевіч паводле В. Ваньковіча

 Адам Міцкевіч паводле В. Ваньковіча

Ледзь не загінуў на паляванні

Па заканчэнні ў 1819 годзе Віленскага ўніверсітэта Адам Міцкевіч служыў настаўнікам у Коўна. На гэты час прыпадае выпадак, калі паэт ледзь не развітаўся з жыццём. Апісаў гэта Міцкевіч у сваім лісце да Юзэфа Яжоўскага ў красавіку 1820-га:
«На наступны дзень у мяне былі страшныя прыгоды, якія, аднак, добра скончыліся. Мы паехалі на бекасаў. Бальбіані [сябар Міцкевіча] гарцаваў і некалькі разоў раняў капялюш у бруд. Ён прапанаваў мне сесці на яго каня. Шалёны Расінант доўга катаваў мяне ўсялякімі скокамі, нарэшце, устаў на дыбы і ўпаў ніцма на мяне. На шчасце, я папярэдне дастаў ногі са стрэмені і адскочыў у бок, інакш конь раздавіў бы мяне…»Так магло б абарвацца жыццё будучага літаратурнага генія.

Адам Міцкевіч на кані

Адам Міцкевіч на кані

Мопс старых дзеў не палюбіў Міцкевіча

Ковенскі побыт быў цяжкім для Міцкевіча, шмат што яго там прыгнятала. Але прыёмы ў шляхецкіх дамах былі для яго значнай падзеяй. Частым госцем Міцкевіч быў у доме Кавальскіх.
Эдвард Адынец згадвае, што ў тых Кавальскіх часта бавілі час тры панны Сівіцкія — ужо немаладыя і непрыгожыя, але вельмі адукаваныя, пабожныя і адмысловыя музыканткі, якія прыходзілі іграць на інструменце: гэта падабалася Адаму. Што праўда, кожны візіт Міцкевіча ставіў Сівіцкіх у крытычны стан.Справа ў тым, што панны мелі старога фаварыта сям’і — мопса, якога празмерна любілі і ва ўсім патакалі. Дык вось, той мопс, невядома чаму, адчуў нейкую асаблівую непрыязь да Адама. Пры яго ўваходзе, брэшучы, скавычучы, выючы, хаваўся пад канапу, а з-пад канапы, калі Міцкевіч сядаў паблізу, надзіўся яго цішком кусаць за ногі. Панны Сівіцкія былі ў пастаянным клопаце, баючыся абразы госця, але ж і не мелі сіл лаяцца на вельмі ўлюбёнага мопса.      

Салон Валконскай у Маскве, дзе частым госцем быў Міцкевіч

Салон Валконскай у Маскве, дзе частым госцем быў Міцкевіч

Скарыўся перад абаяльнасцю пані Сабаньскай

Па выніку справы філаматаў Міцкевіч у кастрычніку 1824 году быў высланы ў выгнанне з Літвы. У 1825 годзе яго прытулкам сталі Адэса і Крым, дзе яго чакалі рамантычныя прыгоды.
Пра гэты эпізод жыцця Міцкевіча красамоўна занатаваў філамат, гісторык Мікалай Маліноўскі ва ўспамінах. Ён піша, што летам 1825 года прыбыла ў Адэсу сапраўдная чарадзейка, прыгажуня і разумніца — пані Караліна Сабаньская. У яе з Міцкевічам, як піша Маліноўскі, завязаліся свабодныя, разумей досыць блізкія, стасункі. Міцкевіч не змог не падацца магнетычнай чароўнасці непараўнальнай прывабнасці пані Караліны і з вялікай удзячнасцю прыняў запрашэнне суправаджаць яе ў падарожжы ў Крым.
Натхнёны Адам быў паланёны абаяльнасцю пані Караліны, і два ці тры яго санеты дазваляюць прыўзняць заслону над таямніцай гэтых стасункаў, якія ў той час былі паміж 27-гадовым паэтам і 22-гадовай чарадзейкай.

Адам Міцкевіч у Крыму і Караліна Сабаньская

Адам Міцкевіч у Крыму і Караліна Сабаньская

Рэчы ў эміграцыю збіралі

У 1829 годзе Міцкевічу ўдалося вырвацца за мяжу. Сведкам атмасферы збораў быў Эдвард Адынец. Ён піша, што ва ўсіх кутах пакоя, дзе збіралі Адама, запалілі свечы, а пасярэдзіне стаяла дарожная сумка. Вакол яе былі стосы адзення і бялізны, якую падносіў філамат Францішак Малеўскі, а Мар’ян Пясецкі ўсё пакаваў. Адынец адзначае: «Адам не ўмешваўся ў гэта».
Праз некалькі гадзін Міцкевіч ужо стаяў на палубе парахода, агаліўшы галаву, махаў хусцінкай. Ён пакідаў і Расійскую імперыю, і родную Літву назаўжды.

У Дрэздэне быў сумны, бесперапынна смаліў люльку

А праз год пасля ад’езду Міцкевіча пачалося лістападаўскае паўстанне 1830-га. Супраціў пацярпеў паразу, паўстанцы апынуліся на выгнанні. Адзін з іх, Ігнат Дамейка, сустрэўся з Міцкевічам у Дрэздэне. У сваіх мемуарах ён апісвае ўжо зусім іншага чалавека.
Дамейка піша, што ў Дрэздэне Адам звычайна быў сумным. Асабліва ягоныя боль і ўзрушэнне выступалі на твары, калі бачыў жаўнераў і паўстанцаў, што цягнуліся ў Францыю. Яго засмучалі частыя наведванні паўстанцаў, якія пакінулі на радзіме жонак і дзяцей. Міцкевіч сваім сябрам часта чытаў урыўкі з таго, што напісаў; тады ён працаваў над чацвёртай часткай «Дзядоў». Супольна ён наведваў італьянскую оперу, шпацыраваў, напяваў штосьці з Моцарта і бесперапынна смаліў люльку.
Але ж момантамі Міцкевіч быў вясёлы, лепш за ўсіх апавядаў пра падзеі з роднай гісторыі, сучаснай ці даўняй, жартаваў, заахвочваў да размоў, калі іншыя ўжо стамляліся.

 Адам Міцкевіч, фота (Jan Mieczkowski)

 Адам Міцкевіч, фота (Jan Mieczkowski)