Ганна Комар пра сваю кнігу: «Мне хацелася перадаць наш калектыўны досвед 2020-га як мага больш поўна»

Ганна Комар — паэтка, перакладчыца, актывістка, якая нядаўна дэбютавала як празаік. Яна стварыла кнігу дакументальнай прозы «Калі я выйду на волю» — у ёй распавядаецца пра турэмны досвед аўтаркі і досвед іншых людзей, якія так ці інакш былі звязаныя з яе гісторыяй.

Фота byculture.org

Фота byculture.org

У лонданскім выдавецтве Skaryna Press пабачыла свет кніга паэткі і перакладчыцы Ганны Комар«Калі я выйду на волю»

«Радыё Свабода» пагаварыла з Ганнай пра яе герояў і няпросты шлях кнігі да чытачоў.

«Татаў адказ быў адзіным, які выбіваўся з агульнага рытму ўзаемаразумення і падтрымкі»

— Ваша кніга — гэта не толькі дзённікавыя запісы дзевяці дзён вашага зняволеньня ў верасні 2020-га, але і аповеды тых, хто прайшоў праз міліцэйскі гвалт, арышт і зняволеньне ў той жа час, і блізкіх людзей, якія падтрымлівалі вас у тыя дні. Як вы знаходзілі сваіх суразмоўцаў?

— Я сабрала гісторыі яшчэ ў 2020 годзе. Тады я захоўвала сувязь з некаторымі былымі сукамерніцамі, якія пагадзіліся падзяліцца сваім досведам для кнігі. Сярод тых, хто таксама быў у Мінску на вуліцы Машэрава ў вечар майго затрымання, але пазбег затрымання альбо каго адпусцілі са штрафамі, былі знаёмыя і знаёмыя знаёмых. Мне хацелася перадаць наш калектыўны досвед як мага больш поўна, таму я запісвала аповеды розных людзей, у тым ліку тых, каго не ведала асабіста.

Кніга Ганны Комар

Кніга Ганны Комар

Былі людзі, з якімі даўно хацелася пагутарыць, напрыклад маці, якія прыходзілі на пратэсты з маленькімі дзеткамі, і вось у мяне з'явіўся такі шанец. Сяброўкі і блізкія ахвотна дзяліліся аповедамі пра тое, як чакалі мяне на волі, шукалі, збіралі перадачы, пісалі лісты. Я нават свайго тату запытала, што ён думаў пра мой арышт. Яго адказ быў адзіным, які выбіваўся з агульнага рытму ўзаемаразумення і падтрымкі.

«Кантакт з многімі я згубіла наўмысна, з мэтаў бяспекі»

— А ці ведалі вашы суразмоўцы, што іх сведчаньні будуць уключаныя ў гэтую кнігу? Ці ўсе былі згодныя, каб вы запісалі іх гісторыі і надрукавалі іх?

— Так, усе мае суразмоўцы ведалі, што я збіраю матэрыял для кнігі, і ўсе былі згодныя. А як можа быць па-іншаму? Такія гісторыі можна збіраць, толькі калі чалавек ведае тваю мэту. Зразумела, што з 2020-га прайшло даволі шмат часу і правільна было б атрымаць яшчэ раз дазвол ад усіх маіх суразмоўцаў. Але з многімі ў мяне нават няма кантакту — я яго згубіла наўмысна, з мэтаў бяспекі. Я ніколі не называла файлы імёнамі і адразу пасля інтэрвію выдаляла кантактныя даныя. Таму цяпер, на жаль, нават не ўсе героі і гераіні кнігі даведаюцца, што яна выйшла... Я спадзяюся, што аднойчы змагу знайсці іх і падарыць асобнік, калі гэта будзе для ўсіх нас бяспечна.

— Вы запісалі і змясцілі рэальныя гісторыі канкрэтных людзей. А ці ўсе яны ўвайшлі ў кнігу? Які быў прынцып адбору сведчаньняў? Унікальнасць гісторый? Іх брутальнасьць? Ці нешта яшчэ?

— Знітоўвае ўсе сведчанні ў кнізе мой дзённік — вакол яго будуецца аповед. Я тады была зусім не дасведчаная ў дакументальнай прозе, таму ўсё рабіла інтуітыўна. Сабрала пэўную колькасць гісторый, якой мне падалося дастаткова, намагаючыся паказаць розныя адценні сумесна перажытага досведу. Мне было цікава, што розныя людзі пражывалі яго па-рознаму: хтосьці вельмі драматычна, хтосьці з гумарам. Я паспрабавала паказаць брутальнасць міліцэйскага гвалту і бязглуздзіцу турэмнай сістэмы, спосабы супраціву і выжывання ў турэмных умовах, салідарнасць і падтрымку ад тых, хто заставаліся на волі. І тое, як змяніў нас той досвед — нешта станоўчае, што мы змаглі з яго вынесці. Кожная гісторыя для мяне важная, таму я мала што са сведчанняў пакінула па-за кнігай.

Кніга Ганны Комар

Кніга Ганны Комар

— На старонках кнігі многія прозвішчы затушаваныя, пры гэтым імёны засталіся. Пазначаныя і месцы зняволення некаторых вашых герояў. Ці не створыць ім гэта праблем з бясьпекай, калі яны застаюцца ў Беларусі?

— Не затушавалі імёны са спісу «Вясны» на адной са старонак. Усе астатнія імёны і прозвішчы, назвы РАУСаў і іншыя звесткі, якія, на мой погляд, могуць несці небяспеку для маіх герояў, схаваныя. Я доўга ўзважвала, як правільна зрабіць, і лічу, што ў цяперашнім выглядзе немагчыма ідэнтыфікаваць, чые галасы прадстаўленыя ў кнізе, гэта цалкам калажны тэкст. Больш за тое, нічога крымінальнага яны не зрабілі і не сказалі — мы сваё пакаранне за тыя дні ў 2020-м ужо адбылі. Пры гэтым я дакладна ведаю, што большасць герояў кнігі знаходзяцца за мяжой.

«Гэтая кніга — даніна павагі і ўдзячнасці тым, хто былі побач»

— Мовы кнігі — беларуская і руская (з рэдкімі англійскімі ўстаўкамі). Чаму вы выбралі менавіта такі моўны варыянт тэксту?

— Гэта дакументальная проза, і я вельмі не хацела змяняць мову аповедаў, бо гэта тады б непазбежна паўплывала на змест сказанага. Для мяне няма розніцы, на якой мове расказвалі мне свае гісторыі, важнейшы быў давер. Таксама было цікава эксперымэнтаваць з формай і шукаць спосаб перадачы жывога маўлення на пісьме. Я яго знайшла: гэта карацейшыя і даўжэйшыя прабелы на месцы косак, двукроп’яў і іншых знакаў прыпынку, акрамя кропак і пытальнікаў. Англійскамоўныя ўстаўкі паказваюць, што не толькі ўнутры Беларусі мы былі салідарныя, а што за межамі нас таксама моцна падтрымлівалі. І я асабіста за тую падтрымку ўдзячная. Для мяне ўвогуле гэтая кніга — даніна павагі і ўдзячнасці тым, хто былі побач. Так і заканчваецца яе пралог — прысвячэннем «Усім, хто былі побач».

Глядзіце таксама

«Мне хацелася хаця б праз дызайн зрабіць гэты досвед менш балючым»

— Чаму кніга выходзіць амаль праз чатыры гады пасля апісаных падзеяў?

— Я доўга пісала і рэдагавала яе. Першы чарнавы варыянт дапісала ўлетку 2021 году, у рэзідэнцыі для пісменьнікаў і перакладчыкаў у Вісбі (Швецыя). Пасля некалькі разоў рэдагавала, але мне штосьці муляла, я адчувала, што недагаворваю нешта істотнае для сябе. Я была цалкам задаволеная тым, як гучалі галасы іншых, але адчувала, што не раскрыла свой і, па сутнасці, што хаваюся за іншымі. Пасля быў пераезд у Лондан, новыя клопаты, іншыя задачы, і кніга чакала. Увосень 2022-га я змагла на месяц паехаць у пісьменніцкую рэзідэнцыю ад Next Page Foundation у Сафіі (Балгарыя), дзе зрабіла апошнюю рэдакцыю тэксту.

Глядзіце таксама

Але скончыць тэкст — гэта адна частка працы; дызайн, вёрстка і выданне — іншая вялікая частка. Па-першае, у мяне была ідэя зрабіць нязвыклы дызайн тэксту. Я адпачатку разумела, што не хачу, каб ён проста ішоў суцэльным масівам, каб аповеды ішлі адзін за адным, бо насамрэч многія падзеі адбываліся адначасова ў розных пунктах аднаго і таго ж двара, у розных частках той самай турмы альбо адначасова ўнутры і па-за турмой. Да таго ж я разумела, што тэкст няпросты, і мне хацелася паклапаціцца пра чытача, хаця б праз дызайн зрабіць гэты досвед хіба менш балючым. Патрабавалася вялікая дызайнерская праца, а гэта дорага, як і друк кнігі. Такім чынам, мы змаглі пачаць працу, толькі калі атрымалі фінансаванне ад Еўрасаюзу ў рамках праекту EU4Culture. На стварэнне і друк кнігі нам спатрэбілася дзевяць месяцаў.

Але цяпер усё гатова, на сакавік запланаваныя прэзентацыі ў Варшаве, Беластоку і Вільні. Будзе прэзентацыя ў Лондане і, магчыма, у Тбілісі, у красавіку. Паколькі ўсе сродкі ад продажаў мы накіруем на падтрымку рэпрэсаваных людзей з Беларусі, то цяпер важна, каб кніга трапляла да чытацкай аўдыторыі.