Паэт Дзмітрый Строцаў: Жыццё і творчасць павінны быць свабоднымі
Расейскамоўны паэт зь Менску Дзьмітры Строцаў за кнігу «Беларусь перакуленая», у аснову якой леглі падзеі 2020 году, атрымаў некалькі міжнародных літаратурных прэмій. А да іх яму давялося паспытаць «узнагароду» ад уладаў — зьняволеньне ў турме на Акрэсьціна.
Цяпер Дзьмітры Строцаў на шматлікіх сустрэчах з чытачамі па ўсёй Эўропе расказвае пра перасьлед беларускіх творцаў на радзіме і ўсяляк імкнецца ім дапамагчы. У тым ліку і праз выданьне кніг беларускіх паэтаў за мяжой, што стала асноўнай тэмай гутаркі са «Св*бодай».
— З вашай лёгкай рукі ў замежжы паўстала яшчэ адно
беларускае выдавецтва. У Бэрліне вы заснавалі «hochroth Minsk». То хіба і
пачнем з назвы, бо ж кажуць, як карабель назавеш, так ён і паплыве.
— Hochroth — нэалягізм зь верша нямецкай паэткі Караліны фон
Гюндэродэ. З эпохі рамантызму. Слова склалася з двух, якія можна перакласьці як
«высокі» і «чырвоны». Так і атрымалася «hochroth» — «зыркачырвоны». У звычайнай
гаворцы гэтае слова не выкарыстоўваецца. Яго як назву ўзяў заснавальнік
бэрлінскага выдавецтва Марка Бэкендорф.
Цяпер філіі «hochroth» існуюць у некалькіх гарадах —
Бэрліне, Ляйпцыгу, Мюнхэне, Гайдэльбэргу і іншых. Па маёй просьбе нямецкія
калегі згадзіліся прыняць у супольнасьць выдавецтваў і беларускую філію
«hochroth Minsk».
— Як і чаму паэт Дзьмітры Строцаў стаў выдаўцом?
— Выданьнем паэзіі я займаюся зь першай паловы 1990-х.
Спачатку было менскае выдавецтва «Виноград», якое я заснаваў зь Ігарам
Палевіковым. Потым зьявіўся праект «Новые Мехи», у якім з 2002 году выдаецца
паэтычная сэрыя «Минская школа» і альманах з такою ж назваю. Праект не закрыты.
— Ваша выдавецтва заявіла пра сябе зьяўленьнем на сьвет
адразу трох кніг. І ўсе яны паэтычныя. І аўтары ўсіх трох — жанчыны.
Супадзеньне? Сьвядомы выбар? Ці акрэсьленая рэдакцыйна-выдавецкая палітыка?
— «Hochroth» выдае толькі паэзію, і мяне прынялі ў супольнасьць
як выдаўца паэзіі. Што цалкам супадае з маім настроем. У новай Беларусі, якую
мы адкрываем для сябе з 2020 году, выразна праявіўся «жаночы твар». І я
шчасьлівы даць магчымасьць прагучаць галасам любімых беларускіх паэтак у першай
сэрыі выдавецтва. Але праект, канечне, ня будзе гендэрным.
— Усе тры першыя кнігі маюць аднолькавы графічны дызайн
вокладак, толькі адна маленькая дэталь адрозьнівае іх колерам. Ці гэтак будуць
аформленыя і наступныя кнігі, і ці стане такі дызайн вашым фірмовым знакам?
— У «hochroth» ёсьць пэўныя прынцыпы, якія ўсталяваліся да
майго ўваходжаньня ў супольнасьць выдаўцоў. Гэта агульная ўнівэрсальная
канструкцыя кнігі, некалькі стандартных фарматаў, аднолькавы набор матэрыялаў.
Кнігі зьбіраюцца ўручную кожным з выдаўцоў. І важна, каб любую з кніг, пры
неабходнасьці, можна было падрыхтаваць у любым з выдавецтваў. (Так, з прычыны
вялікага наплыву замоваў, частка менскіх кніг цяпер друкуецца ў Ляйпцыгу.) Але
гэта тычыцца толькі матэрыялаў і канструкцыі кнігі, вёрстка і дызайн папяровага
блёку знаходзяцца ў падпарадкаваньні кожнага з выдаўцоў.
— Чытачы вельмі прыязна сустрэлі вашыя першыя выданьні,
актыўна замаўляючы іх. А якая сыстэма распаўсюду вашых кніг? Ці могуць яны
трапіць да чытачоў у Беларусь?
— Калі пайшла хваля замоваў на першыя кнігі «hochroth
Minsk», нямецкія калегі моцна зьдзівіліся. Яны адрэагавалі на гэта словамі: «У
Беларусі паэзія яшчэ мае сацыяльную значнасьць, у Нямеччыне гэта даўно ня так».
У «hochroth» ёсьць сайт, празь які можна замаўляць кнігі з
дастаўкай на тэрыторыі Эўразьвязу. Кнігі менскае філіі трапяць у беларускія
кнігарні, якія цяпер адкрываюцца ў эўрапейскіх гарадах. Спэцыяльныя пастаўкі
нашых кніг у Беларусь пакуль немагчымыя.
— Паэтычных зборнікаў якіх беларускіх аўтараў чакаць?
— Гатовая да друку кніга Ганны Комар. Цяпер вяду перамовы
адразу зь некалькімі беларускімі аўтарамі, але іх імёнаў ня буду называць.
— Некаторыя літаратары, заснаваўшы свае выдавецтвы, уласныя
творы прынцыпова выдаюць у іншых выдавецтвах. А вы як будзеце?
— У выдавецтвах «Виноград» і «Новые Мехи» выходзілі мае
аўтарскія зборнікі. У бэрлінскім «hochroth» у 2020 годзе выйшла мая кніга ў
нямецкіх перакладах і цяпер рыхтуецца двухтомнік па-нямецку і па-расейску. Я не
абцяжарваю сябе неабавязковымі прынцыпамі.
— А якія прынцыпы жыцьця і творчасьці для вас непарушныя?
— Жыцьцё і творчасьць павінны быць свабоднымі. Гэтае простае
патрабаваньне вельмі цяжка выконваецца. Мы абцяжараныя многімі абставінамі,
якія навязваюць нам несвабоду ў самых розных формах. Несвабоду мы ўтрымліваем і
ў сабе саміх. Творчая інтуіцыя і мастакоўская адчувальнасьць падказваюць нам
нашыя тупікі. Але не заўсёды мы гатовыя з гэтым сустрэцца і пачаць дзейнічаць.