Паэта асудзілі на 13 сутак за тое, што паказваў «вікторыю»

Суд Цэнтральнага раёна Мінску прысудзіў 13 сутак адміністрацыйнага арышту паэту Дзмітрыю Строцаву за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве». Судзіла паэта Вікторыя Шабуня, паведамляе «Свабода».

a67c9c8a_142f_486f_8f8a_2eb14ed00d70_cx0_cy14_cw0_w1023_r1_s.jpg

«Судзілі па 23.34, — расказала яго жонка Ганна Строцава, якая была на судзе. — Нібыта ёсць відэа з нейкай камеры, на якім 4 кастрычніка побач з Дзмітрыем ідзе калона людзей са сцягамі. А ён паказвае „вікторыю“. Гэта цяпер дастаткова, каб пасадзіць чалавека на 13 сутак».

Дзмітры, па словах Ганны, на судзе сказаў, што затрымалі яго каля іх дому.

«Патэлефанаваць сваякам не далі, — кажа Ганна. — Але недзе каля 19-й гадзіны яму сказалі, што мне паведамілі. Хоць гэта няпраўда, мы а 23-й вечара ўчора падавалі заяву аб знікненні чалавека».

Па словах Ганны, муж выглядае нармальна, наколькі гэта было відаць праз экран у скайпе. Ні на што не скардзіўся. Цяпер яна спрабуе паспець перадаць неабходныя яму лекі.

«У яго не вельмі добрая кардыялягічная сітуацыя, — кажа яна. — Ён увесь час прымае падтрымліваючыя лекі. І ён алергік, у яго бранхіяльна-лёгачнага плану алергія, лекі яму неабходныя».

Літаратар знік раніцай 21 кастрычніка. Пазней сваякі знайшлі яго прозвішча ў спісах затрыманых Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна.

Дзмітры Строцаў удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і адкрыта пісаў пра гэта. Пра сітуацыю ў краіне ён казаў і ў сваіх вершах. Яны перакладаліся на розныя мовы.