«Калі я выйду на волю». Пісьменніца Ганна Комар напісала кнігу пра свой досвед зняволення

У выдавецтве «Скарына» выйшла кніга беларускай пісьменніцы Ганны Комар, якая прайшла праз затрыманне ў 2020 годзе і апісала атрыманы досвед.

4__1__19.jpg

Кніга дакументальнай прозы «Калі я выйду на волю» апісвае дзевяць дзён, якія Ганна Комар прабыла ў зняволенні ў 2020-м. Гісторыя раскрываецца праз дзённікавыя запісы самой аўтаркі і аповеды тых, хто пражывалі міліцэйскі гвалт, арышт і зняволенне ў той самы час, і блізкіх людзей, якія падтрымлівалі нас у тыя дні.

«У гэтай кнізе вы, верагодна, пазнаеце сябе, нават калі не распавядалі аўтарцы сваю гісторыю. У кнізе шмат падтрымкі і салідарнасці, у ёй цеплыня і гумар», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

«Гэта кніга — напамін пра найлепшых нас, смелых і аб’яднаных высокімі ідэямі. Мы такімі былі — і мы такімі застаёмся», — піша Комар у эпілогу.


Глядзіце таксама

У кнігі — незвычайны дызайн. Гісторыі, расказаныя іншымі, перададзеныя амаль без знакаў прыпынку, а на месцы паўз — доўгія прабелы, якія перадаюць асаблівасці маўлення і глыбокі эмацыйны досвед. Паколькі тэкст насычаны інтэнсіўнымі  перажываннямі, дызайн кнігі стварае шмат паветра, каб чытач ці чытачка пачуваліся вольна, каб даць адчуванне бяспекі і клопату.

Мовы кнігі — беларуская і руская (з рэдкімі англамоўнымі ўстаўкамі), бо гэта не толькі мастацкі твор, але і дакумент свайго часу.

Дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага саюза ў межах праекта EU4Culture усе сродкі ад продажу будуць накіраваныя на дапамогу рэпрэсаваным людзям з Беларусі.


5__1__14.jpg

Прэзентацыі кнігі з удзелам аўтаркі і дызайнеркі пройдуць у Варшаве (12 сакавіка, 19:00, Free Belarus), Беластоку (14 сакавіка, 18:30, хаб «Новая зямля») і Вільні (16 сакавіка, 16:30, Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча).

У пачатку красавіка кнігу можна будзе набыць (ці забраць замоўлены асобнік) у Грузіі. Па пытаннях замовы ў іншыя краіны можна пісаць на скрыню knihanavoliu@gmail.com.

Замовіць кнігу можна тут.