Хронікі рэпрэсій. Пяць гадоў дальнабойшчыку за петарду, аблава на адвакатаў
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 29 лютага.
У Мінску 28 лютага супрацоўнікі КДБ зладзілі рэйд на адвакатаў. Па інфармацыі праваабаронцаў, было затрымана сама меней 12 адвакатаў. Большая частка з іх выйшлі на волю, а некаторыя застаюцца ў няволі. Прычыны затрыманняў невядомыя.
За апошнія тры з паловай гады сотні адвакатаў зазналі рэпрэсіі па палітычных матывах: некаторыя сталі фігурантамі крымінальных і адміністрацыйных справаў, а кагосьці пазбавілі ліцэнзій. Цяпер у зняволенні знаходзяцца шэсць палітзняволеных адвакатаў.
Мінгарсуд
завяршыў разгляд крымінальнай справы 50-гадовага кіроўцы-дальнабойшчыка Андрэя
Бурака. Мужчыну першапачаткова абвінавачвалі ў хуліганстве (ч. 3 арт. 339
КК) і стварэнні экстрэмісцкага фармавання, альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1
КК). Справу разглядаў суддзя Яўген Хаткевіч.
Паводле следства, увечары 11 траўня 2023 года «кіроўца аўтамабіля DAF, які праязджаў міма спыненай ваеннай транспартнай калоны, зрабіў падрыў неўстаноўленай прылады, самастойна вырабленай з піратэхнічных вырабаў, кінуўшы яго ў бок вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі».
Папярэдне мужчыну абвінавачвалі толькі ў хуліганстве, артыкул аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні з'явіўся падчас следства, а на судзе ўсё вывернулася наадварот: засталося толькі «экстрэмісцкае фармаванне».
Суддзя Яўген Хаткевіч прызначыў Бураку 5 гадоў пазбаўлення волі.
Гомельскі абласны суд вынес прысуд былому супрацоўніка жлобінскага завода БМЗ, бацьку траіх дзяцей Дзмітрыю Шчарбіну, абвінаваціўшы яго ў распальваніі іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 КК. Справу разглядаў суддзя Вадзім Бабыроў.
29-гадовага Дзмітрыя жорстка затрымалі амапаўцы ў кастрычніку 2023 года. Сілавікі абвінавацілі Шчарбіна ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 года, якія адбываліся на БМЗ.
Пры гэтым паведамлялася, што Дзмітрыя не будуць працягваць пераследваць, бо «пасля адкрытай гутаркі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і дакладнай ацэнкі сваіх дзеянняў ён можа спакойна жыць і працаваць. Так што міліцыя выкарыстоўвае не толькі сілавыя метады, але і размовы па душах. Палку ніхто не перагінае».
У выніку за каментары яму прысудзілі адзін год калоніі.
Палітвязня Аляксандра
Зіязэтдзінава другі раз судзяць за данаты. 29 лютага працэс пачаўся ў
Мінскім гарадскім судзе. Айцішніка абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-2
(«Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 2 арт. 290-1 («Фінансаванне
тэрарыстычнай дзейнасці»). Цяпер мужчыне пагражае да 15 гадоў калоніі. Справу разглядае
суддзя Алена Шылько.
Палітвязня восенню 2022 года ўжо асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-2 да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.
Пры гэтым ён «кампенсаваў шкоду», праз што яму абяцалі памілаванне.
У судзе
Ленінскага раёна Гродна 20 лютага адбыўся суд над мясцовым жыхаром
паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). Паводле пастановы суда,
ён паклаў побач з генконсульствам Расіі ў Гродне два гваздзікі і фота
палітзняволенага расійскага палітыка Аляксея Навальнага, які 16 лютага памёр у
папраўчай калоніі. Пасля гэта мужчына сфатаграфаваў кветкі і фотаздымак.
У гэты час каля консульства дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі, якія і затрымалі мужчыну.
Суд прызнаў яго вінаватым у пікетаванні і прызначыў яму 10-сутачны арышт.
У Смаргоні затрымалі мужчыну, які сарваў чырвона-зялёны сцяг з крамы. Інцыдэнт, як сцвярджаецца, адбыўся 27 лютага. Паведамляецца, што затрыманым аказаўся 35-гадовы мясцовы жыхар. У дачыненні да яго заведзеная крымінальная справа.
Сілавікі
затрымалі мужа і жонку з Фаніпаля, іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў
пратэстах.
Сілавікі
затрымалі дваіх жыхароў Гродна. Сцвярджаецца, што яны нібыта
ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, пакідалі абразлівыя каментары і распаўсюджвалі
«экстрэмісцкія матэрыялы».
Таксама быў
затрыманы менеджар па продажах. Акрамя ўдзелу ў пратэстах, яго
абвінавачваюць у рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога».
74-гадовы Анатоль
Прышчык з Мікашэвічаў выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Пенсіянер
адбываў свой арышт у ІЧУ Лунінецкага РАУС. Сядзеў мужчына на жорсткім рэжыме,
як для ўсіх палітычных: без пасцельных прыналежнасцяў, ні матраца, ні падушкі,
ні коўдры не было выдадзена. З прадметаў гігіены таксама нічога не давалі і не
ўзялі перадачу ў дачкі з гэтым. Наогул не ўзялі ні цёплага адзення, ні
прадуктаў, ні вады, толькі таблеткі і акуляры. Два тыдні без прагулак, без
душа. Добра, што затрымалі на вуліцы, калі пенсіянер быў у цёплай вопратцы — у
ёй ўсе 15 сутак спаў на жалезных палосках нар.
Уначы двойчы падымалі, каб мужчына і двое іншых палітычных выгукнулі, хто яны і па якім артыкуле адбываюць пакаранне. Днём трэба было высунуць рукі ў «кармушку» тройчы, каб надзелі кайданы, затым выводзілі ў калідор, ставілі ля сцяны з той жа справаздачай.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, у яго трапілі тэлеграм-каналы і чаты «Беларусы и Ко в Эстонии 97», «Твари Добруша», «‡ BASED.ВY ‡», «Княства базаванае»; інстаграм-старонка «libertas_belarus» з лагатыпам; ютуб-каналы «ЖестЬ Доброй Воли», «Саша, что ты несешь?!»; відэаролік «Навошта Лукашэнку выбары і што рабіць апазыцыі»; сацсеткі і лагатып праекту «Хай так TV»; сайт і сацсеткі ініцыятывы «Association of Belarusians in America»; сайт і сацсеткі праекту «Правовая инициатива»; мабільная аплікацыя «Радыё Свабода»; чат-бот «BELPOL»; старонка ў «Аднакласніках» «Вольная Беларусь»; цікток-старонкі «ЖестЬ Доброй Воли», «witzmag», «Виктория Райская», «Małaja», «Artem», «madeinminsk», «Типичный Борисов Беларусь», «ОБЫЧНОЕ УТРО», «damkretor».
Таксама «экстрэмісцкай» прызнаная песня «10 миллионов рабов» гурта «Дай Дарогу».
У Беларусі яшчэ сем новых палітвязняў — Вікторыя
Казакова, Дзмітрый Палякоў, Валерый Самсоненка, Уладзімір
Лісіца, Генадзь Васілюк, Яўген Кладаў, Радзівон Касцінец.
Цяпер, паводле спісаў праваабаронцаў, у Беларусі 1409 чалавек. Насамрэч іх
значна больш.