Нуль, на які нельга дзяліць, або Некалькі слоў пра дыскрымінацыю

1 сакавіка ў свеце адзначаецца «Нуль дыскрымінацыі» — дзень, які для многіх пра дзяжурныя фразы і заклапочанасць, а для нас прынцыпова важны.

image_82.webp

«Нуль дыскрымінацыі» — гэта мара. Такая ж, як «нуль СНІДу» або «нуль гвалту». Чалавек так уладкаваны, што заўсёды будзе шукаць адрознасці ў іншых. Гэтыя адрознасці пужаюць, прымушаюць насцярожвацца, абараняцца, выбіраючы агрэсію замест спроб зразумець.

Прымхі і забабоны, няздольнасць паставіць сябе на месца «не такога» ці «не такой» спараджаюць тое, што мы называем дыскрымінацыяй. Людзі з цёмнай скурай, альбіносы, азіяты, людзі з гетэрахраміяй, сляпыя, нямыя, людзі з інваліднасцю, інтэрсэкс-людзі, ЛГБТК+ супольнасць, адзінокія маці і дзеці-сіроты, вернікі і атэісты, тыя, хто размаўляюць на тытульнай мове і на мове, якая экспансуецца, — гэта спіс можна працягваць бясконца. Заўсёды знойдуцца падставы для дыскрымінацыі, калі фокус чалавека скіраваны на раздзяленне, а не яднанне. 


Глядзіце таксама

Ні адна з сацыяльных груп не абаронена ад небяспекі парушэння правоў; кожны можа стаць ахвярай дыскрымінацыі: эйджызму, сэксізму, расізму. Паводле даных ЮНЭЙДС, расце няроўнасць у дачыненні да больш за 70% насельніцтва зямнога шара, перашкаджаючы эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю. Супрацьдзеянне няроўнасці і спыненне дыскрымінацыі маюць вырашальнае значэнне для выкаранення СНІДу — хваробы, якая і стала падставай для ўвядзення Сусветнага дня супраць дыскрымінацыі.

Сёння СНІД усё яшчэ не пераможаны. Не толькі праз тое, што ў нас недастаткова ведаў, магчымасцей і сродкаў, але і праз недасяжнасць у многіх рэгіёнах прафілактыкі і лячэння ВІЧ. Напрыклад, нядаўнія даследаванні паказваюць, што верагоднасць заражэння ВІЧ сярод мужчын-гомасэксуалаў і іншых мужчын, якія маюць сэкс з мужчынамі, у два разы вышэй у краіне, што практыкуе крымінальны пераслед за сэксуальную арыентацыю, чым у краіне са спрыяльным заканадаўствам.

Беларусь у гэтым сэнсе на ўсіх парах імчыць назад. Рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, якая займалася праблемамі недыскрымінацыі, інклюзіі, барацьбы ў тым ліку з ВІЧ і СНІДам, прасоўвала роўнасць правоў чалавека для ўсіх, ліквідацыя НДА і грамадскіх аб’яднанняў робяць немагчымымі далейшую працу на рост эмпатыі ў грамадстве, разумення і прыняцця важнасці кожнага і кожнай для паўнавартаснага функцыянавання дзяржавы.


Глядзіце таксама

Законы ў краіне ўсё больш ператвараюцца ў карныя інструменты. Вось-вось запрацуюць папраўкі ў заканадаўства, якія крыміналізуюць гомасэксуальнасць і свабоднае жаданне не мець дзяцей. Дзяржава сама дыскрымінуе сваіх грамадзян — і робіць гэта не першы год. Мы ўжо цудоўна ведаем, што следам за грамадскімі актывістамі ў турмы пайшлі адвакаты, рабочыя, вучоныя, архітэктары, вернікі. Следам за геямі і лесбійкамі пойдуць ЛГБТК-фрэндлі людзі, а потым, як у лепшых традыцыях гестапа, — тыя, хто «парушаюць чысціню крыві»: беларуска-турэцкія пары, беларуска-армянскія, грузінскія, таджыкскія і г. д. Скажаце, перабольшваю? Не бывае такога? Адзін з самых страшных, самых кранальных для мяне фотаздымкаў, зробленых нацыстамі, выяўляе пару: яна — немка, ён — паляк; іх публічна судзяць за каханне.


Адзін са здымкаў пастаяннай экспазіцыі «Тапаграфія тэрору», Берлін

Адзін са здымкаў пастаяннай экспазіцыі «Тапаграфія тэрору», Берлін

Гэта, канешне, не кадры з павешанымі і закатаванымі, але гэта нашмат страшней, таму што ёсць пачаткам расчалавечвання — таго, за чым пасля і ідуць катаванні і забойствы.

Дзяржава цяпер не саромеецца ў выбары сродкаў. З экранаў тэлевізараў круглыя суткі можна пачуць адборную мову нянавісці. Яна, канешне, ужо даўно ўспрымаецца намі як норма, а між тым, гэтая «норма» і ёсць паказчыкам шалёнага ўзроўню гвалту, які такая мова і спараджае. Тое, што льецца з тэлевізараў, — толькі вяршыня айсберга. А ўнізе, глыбей, у засценках і катавальнях — самае страшнае. «Правільныя» здзекуюцца з «няправільных». І гульня гэтая — сапраўды не на жыццё, а на смерць.


Глядзіце таксама

У іншых, больш развітых грамадствах дзень «Нуль дыскрымінацыі» — гэта падстава пагаварыць пра надзённыя рэчы ў школах, універсітэтах, на міжнародных пляцоўках і ў СМІ. У нас «нуль дыскрымінацыі» — гэта мара, якая цяпер здаецца недасягальнай. Мара, пра якую трэба гаварыць услых. Так, потым будзе магчымы пачаць нанава — адбудаваць той фундамент, на якіх будуць магчымымі нашы надзённыя рэчы. Фундамент правоў чалавека, роўнасці, недатыкальнасці, каштоўнасці кожнага жыцця. Стане магчымым аднаўленне законнасці, дзяржава-агрэсар зойме сваё месца за кратамі, а ўсе мы пойдзем жыць далей свае жыцці і змагацца за свае каштоўнасці. А пакуль гэта немагчыма, нам застаецца толькі нагадваць сабе і іншым пра той свет, у якім мы хочам жыць, — свет без нянавісці і гвалту. Спадзяюся, мы яго яшчэ помнім.