«Мы не можам запісаць па-беларуску, бо рускія нашы браты». Як дыскрымінуецца беларуская мова

Аўтарка кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная прадставіла вынікі даследавання «Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі» на рускай і англійскай мовах. Раней гэтыя вынікі былі апублікаваны па-беларуску, ёсць таксама версія на нямецкай мове.

dsc_3056__1__logo_1_logo.jpg.webp

«Штодзень» разам з «Мова Гомель» прыглядзеўся да некаторых лічбаў і фактаў.

Падчас даследавання былі апытаны 482 чалавекі ва ўзросце ад 15 да 72 гадоў, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. У фокусе апытання была даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове. Даследаванне ўключае не толькі статыстыку, але кароткія расповеды людзей з іх асабістага досведу.

Як вядома, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначае дзяржаўнымі мовамі дзве мовы: беларускую і рускую. Праўда, быў кароткі перыяд, з 1990 па 1995 гады, калі беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. І калі заканадаўства надае роўны статус беларускай і рускай мовам, на практыцы мы маем збольшага рускамоўнае асяроддзе ва ўсіх сферах, у тым ліку ў адукацыі, у крамах, у дзяржаўных установах і так далей.

«Па-беларуску немагчыма атрымаць адукацыю, аформіць картку ў банку, запісацца да лекара, скласці дамову, набыць прадукты, прачытаць важную тэхнічную інфармацыю. Калі ў звычайнай побытавай сітуацыі чалавек звяртаецца на беларускай мове да прадаўца ў краме, менеджара ў банку, служачага ў дзяржаўнай арганізацыі ці проста да мінака, у большасці выпадкаў суразмоўца перадусім адрэагуе не на змест сказанага, а на факт ужывання беларускай мовы. Рэакцыя можа быць як пазітыўная, так і негатыўная», — піша Аліна Нагорная ва ўступным слове.

Сярод анкетаваных 77,8% адказалі, што сутыкаюцца з перашкодамі пры выкарыстанні беларускай мовы!

Глядзіце таксама

Беларуская мова і адукацыя

Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў. Аднак мову вызначае заснавальнік установы з улікам меркавання бацькоў, што не дае гарантыі таго, што, да прыкладу, у школе будзе беларускамоўны клас, бо ўсё ў канчатковым выніку залежыць ад рашэння мясцовых улад. Удзельнікі даследавання ў пераважнай большасці (95%) хацелі б, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю на беларускай мове.

Вельмі красамоўнай выглядае статыстыка па розных установах адукацыі. Так, калі казаць пра дашкольныя дзіцячыя ўстановы, то ў 1987-1988 навучальным годзе па-беларуску ў садках выхоўваліся 19,3% дзетак, а па дадзеных на 2020-2021 гады ўжо толькі 9%.

Калі глянуць на школьнае навучанне, то ў сярэднім кожны год колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, скарачаецца на 1%. Пры гэтым пікавым быў 1998-1999 навучальны год, калі па-беларуску ў школах навучаліся 30,5 працэнтаў дзяцей. Па стане на 2020-2021 год ужо толькі 10,2 працэнта.

У вышэйшай адукацыі зусім усё кепска:

2005-2006 гады — 1,9% студэнтаў навучаліся па-беларуску;

2020-2021 гады — 0,08%.

371487049_692845626269037_3618314820706444638_n.jpg

Беларуская мова і інфармацыя

У гэтым раздзеле гаворыцца аб прысутнасці беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі, інтэрнэце, на ўказальніках і шыльдах, у крамах на этыкетках тавараў, транспарце і так далей, нават у меню.

Расповед адной з удзельніц даследавання Таццяны: «Мы шпацыравалі ўздоўж вадасховішча Дразды і зайшлі выпіць кавы. Я папрасіла кавы і мне прынеслі «Каву» — іспанскае ігрыстае віно».

Гэты прыклад выклікае сумную ўсмешку, аднак сведчыць пра тое, што ў крамах, кавярнях, аптэках і так далей беларускую мову не заўсёды разумеюць, хоць, можа, часта і робяць выгляд, што не разумеюць, маўляў, «разговаривайте на нормальном языке». Пра магчымасць атрымаць інфармацыю пра тавар у крамах і аптэках на беларускай мове адказалі станоўча толькі 4,4% апытаных.

Аліна Нагорная прыводзіць яшчэ такі прыклад: у 2011 годзе ўсяго на каналах нацыянальнага тэлебачання перадачы вяліся па-беларуску 626 гадзін (4% эфіру), па-руску – 14 882 гадзін (96% эфіру). На сёння ў Беларусі не існуе ніводнага цалкам беларускамоўнага тэлеканала!

Удзельнік даследавання Сяргей: «Аднойчы, ідучы на чыгунку, вырашыў, што буду гаварыць па-беларуску пры замове квіткоў. Было гэта ў маім родным Мазыры, на чыгуначнай станцыі «Козенкі». Прыйшоў ды й кажу, што хачу купіць квіткі. Спачатку жанчына спрабавала нават адказваць мне на беларускай, але потым чамусьці вырашыла, што я паляк і пачала адказваць на англійскай. Было вельмі смешна, але разам з тым і крыўдна».

Застаецца дадаць, што паводле афіцыйнай статыстыкі, літаратура на беларускай мове займае 11,4% у агульнай колькасці адзінак выдавецкай прадукцыі і 17,1% у яе сукупным накладзе.

385537267_320892050730372_1542945186782456662_n.jpg

Абслугоўванне ва ўстановах і беларуская мова

Лякарні, кавярні, банкі, цырульні, крамы, дзяржаўныя ўстановы… Беларускай мовы ў абслугоўванні катастрафічна не хапае.

Распавядае ўдзельнік даследавання Андрэй: «Калі я атрымліваў пашпарт, захацеў, каб уся інфармацыя і пазнакі ў ім былі па-беларуску. Але мне не хацелі запісваць па-беларуску прапіску. Хвілін, напэўна, дзесяць мы там змагаліся. Яны казалі, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы і я не магу выбіраць, на якой мове мне пазнакі рабіць, бо "мы ўсім пішам па-руску". Там быў дзіўны аргумент: "Мы не можам запісаць па-беларуску, бо рускія нашы браты". Гэтую спрэчку скончылі таксама даволі парадаксальна, я сказаў: “У маёй жонкі брат жыве ў Германіі, давайце пісаць па-нямецку”. У выніку яны напісалі па-беларуску».

Дарэчы, заканадаўства ўстанаўлівае, што дзяржаўныя служачыя павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў памеры, неабходным для выканання іх працоўных абавязкаў. «Разам з тым, зыходзячы з сённяшняй практыкі ў Беларусі, работнікі органаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўных арганізацый лічаць, што кожны, хто да іх звяртаецца, абавязаны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы», — піша Аліна Нагорная.

Пазнаёміцца поўнасцю з даследаваннем «Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі» можна тут.

Раней Аліна Нагорная напісала кнігу «Мова 404», у якую ўвайшлі каля сотні гісторый пра моўную дыскрымінацыю. Гэтая кніга была агучана беларусамі і беларускамі, таму яе можна паслухаць.

Беларуская мова ўключана ЮНЕСКА ў спіс моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (статус: vulnerable, «уразлівы»).