На працу не бяруць, па-ранейшаму пад каўпаком. Як экс-палітвязні спрабуюць наладзіць жыццё ў Беларусі

Калі беларусы, асуджаныя за палітыку, адбылі пакаранне, рэпрэсіі для іх не заканчваюцца. Акрамя таго, што некаторым пасля калоній і СІЗА складана адаптавацца на волі, людзі часта адчуваюць пастаянны стрэс праз фінансавыя пытанні. Многія месяцамі не могуць уладкавацца на працу і, нягледзячы на сваю адукацыю і стаж, вымушаны згаджацца на любую прапанову, толькі б не застацца без сродкаў да існавання і не трапіць яшчэ і ў базу «дармаедаў».

cihi_supraciu._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas4_logo.jpg.webp

Такіх гісторый шмат, толькі вось гаварыць пра іх публічна згаджаюцца адзінкі — былыя палітвязні (і небеспадстаўна) асцерагаюцца новага ціску з боку сілавікоў. У такой сітуацыі аказаліся і гераіні гэтага матэрыялу. Жанчыны расказалі «Люстэрку», як спрабавалі ўладкавацца на працу і атрымлівалі адмовы, як з гэтым спраўляюцца і на што жывуць.

Імёны суразмоўніц зменены з меркаванняў бяспекі.

«Ведаеце, мы заўсёды неяк спраўляліся. А тут даходзіла да таго, што нам адключалі святло за нявыплату. Мне пра гэта нават сорамна гаварыць»

За сваё выказванне ў адрас улады і сілавікоў Ганна атрымала паўтара года «хатняй хіміі», а перад гэтым адседзела больш за паўгода ў СІЗА. Жанчына з Гродзенскай вобласці і да затрымання працавала ў гандлі, кажа, што вельмі любіла свой калектыў і цаніла давер калег і кіраўніцтва, які заслужыла гадамі сваёй працы.

Ганна з небагатай сям'і. Яна з пяцігадовай дачкой жыла разам з бацькамі і малодшымі, яшчэ няпоўнагадовымі, братамі. Так склалася, што зараблялі толькі Ганна і бацька, потым у яе мамы яшчэ і выявілі анказахворванне. Таму, яшчэ калі ў пачатку следства жанчына зразумела, што ёй патрэбны адвакат і гэта дорага, запанікавала: дзе сям'і ўзяць на яго грошы?

— Пакуль я была ў СІЗА, з перадачамі і аплатай адваката дапамагалі знаёмыя, сябры, суседзі. Людзі як даведаліся, што мяне затрымалі, дык панеслі да нас дадому ўсё што толькі можна. Гэта, вядома, вельмі дапамагло, бо сваіх грошай родным не хапіла б. І лісты, перадачы ад людзей вельмі дапамагалі трымацца. Але нават так на судзе ў нейкі момант я адчула, што сапраўды вінаватая: «Божа мой, якая я злачынца, а мама ж мяне выхоўвала добрым чалавекам!». Хоць ведала, што гэта несапраўдны суд, што я не здзяйсняла злачынства, за якое мяне мусяць трымаць у клетцы. А потым зразумела, што галоўнае — абы не адправілі назад у СІЗА ці на Антошкіна (у жаночую калонію №4 у Гомелі). Галоўнае — толькі дадому.

Ганну прызналі вінаватай, асудзілі на «хатнюю хімію» і адпусцілі ў зале суда. Пасля выхаду на волю на палітзняволеную абрынуліся новыя выдаткі, а звяртацца па дапамогу ў фонды яна не наважылася: і нязвыкла, і страшна.

— Калі мяне пасадзілі і калі я выйшла — два розныя светы: цэны падскочылі моцна. Было вельмі складана. Я моцна схуднела, і трэба было цалкам памяняць гардэроб. Плюс лекі і вітаміны — я была зялёнага колеру, валасы лезлі, зубы выпадалі. Калі пайшлі размовы, што трэба звяртацца ў нейкія ініцыятывы па дапамогу… Разумееце, калі выходзіш, здаецца, што ты ўвесь у жучках, за табой цяпер пастаянна сочаць і, калі, не дай бог, нават паглядзіш нейкі «няправільны» тэлеграм-канал, прыедуць, забяруць і заб’юць. Кшталту: «Ты што, з першага разу не зразумела?» Таму мне неяк дапамаглі прадуктамі, бо сям’я ў нас вялікая, дастатку асаблівага няма, і бывалі сітуацыі, калі нават есці не было чаго, бо даўгі назапасіліся, вядома, капітальна, крэдыты заставаліся яшчэ з «мінулага жыцця».


Глядзіце таксама

У краме Ганну ўвесь гэты час чакалі, захоўваючы за ёй месца, далі магчымасць пасля перажытага прыйсці ў сябе, і праз два тыдні жанчына вярнулася на працу. І ўсё нібыта было добра.

— Я працавала, ездзіла адзначацца на «хімію», бо стаяла на ўліку, але потым кіраўніцтва змусілі мяне звольніць. Начальнік сказаў: «Мы рабілі што маглі, змагаліся за цябе, але сказана звальняць без тлумачэння прычыны». І ты, здавалася б, прайшла СІЗА, жыццё пачало наладжвацца, а тут на роўным месцы ўсё зноў бурыцца. Пачалася паніка — у мяне маленькае дзіця, няма ніякіх грошай у запасе. Ну, і гэта была мая сапраўды любімая праца, надзвычайны калектыў. Усе калегі, вядома, плакалі: «Як табе цяпер жыць? Няўжо і так мала кепскага ў жыцці прайшла — трэба яшчэ і пазбавіць працы?!»

Знайсці новую працу хутка не атрымлівалася, і паніка расла: трэба было аплачваць рахункі, купляць прадукты, яшчэ і хутчэй уладкавацца, да таго ж маглі ўзнікнуць прэтэнзіі, што парушаю ўмовы адбыцця пакарання.

— Я выклала рэзюмэ — у мяне добрая працоўная гісторыя: вялікі стаж, усюды адпрацоўвала кантракт, ішла на павышэнне. І мне ўсе тэлефануюць, кажуць, што з радасцю возьмуць на працу. Але я ж разумела, што служба бяспекі будзе ў любым выпадку правяраць, і адразу папярэджвала: хлопцы, дзяўчаты, у мяне дзве «крыміналкі», яны палітычныя. І адказ адразу быў адзін: «Ой, прабачце, але не». Усё роўна, дзяржаўнае ці прыватнае прадпрыемства, арганізацыя — усе проста адмаўлялі. Даходзіла да смешнага: у адной кампаніі прапанавалі пачакаць, удакладніць у кіраўніцтва — у мяне з’явілася надзея. Праз паўгадзіны супрацоўнік ператэлефанаваў: «У дырэктара цяпер таксама праблемы, ён і хацеў бы дапамагчы, але баіцца, што і за нас возьмуцца. Нам вельмі шкада, але ніяк. Але ён прасіў вам перадаць «Жыве Беларусь»!», — пераказвае Ганна.

Жанчына кажа, што калі спачатку нават не разглядала іншыя сферы — яе цікавіў толькі гандаль, то потым ужо была гатова мыць падлогі, рабіць што заўгодна, абы далі працу.

— Я ўвесь час плакала і сапраўды лічыла сябе кепскім чалавекам. І думала, «як змагла так спатыкнуцца ў жыцці», калі выбілася ў людзі, дамаглася ўсяго сама, а потым апусцілася на самае дно. Таго месяца я амаль не памятаю, толькі ўвесь час перажывала: разумела, што не нясу грошай у дом, а прадукты ем, і маё дзіця есць. І мы карыстаемся святлом, вадой, а нічога даць не можам. Наогул нічога. Гэта было жудасна.

Праз некалькі беспаспяховых месяцаў пошуку працы Ганне ўсё ж удалося ўладкавацца прадаўцом у невялікую прыватную краму — «трошкі людзі прыкрылі вочы на сёе-тое». Жанчына лічыць, што, калі б не знаёмыя, працу шукала б нашмат даўжэй.

— Я тады была такая шчаслівая, што гатова была працаваць наогул без выхадных толькі за тое, што ў мяне нарэшце ёсць гэтая праца і я магу прыносіць грошы ў дом. Але пачала шмат працаваць фізічна, і гэта адбіваецца на здароўі. Цяпер ці хварэю кожны месяц, ці зашчамляе нерв, і я не магу разагнуцца, паралізуе нагу, спіна баліць так, што ворагу не пажадаеш. Але без гэтага працы ў краме не бывае.

Але праблемы для сям'і Ганны не скончыліся: праз тое, што яна «палітычная», з працы звольнілі і яе бацьку. Як ні спрабаваў, мужчына не мог знайсці працу, Ганна засталася адзінай карміцелькай у сям'і. З заробкам прадаўца справіцца з гэтай задачай было складана — даўгі раслі. Жанчына ва ўсім вінаваціла сябе, але саромелася прасіць дапамогі.

— Тата быў галоўны карміцель у сям'і і моцна перажываў праз гэта, па-першае, а па-другое, ён мужчына, ну, а па-трэцяе, ён нічога не зрабіў, за што яго можна было б звальняць. І мне было сорамна… Мала таго, што ён і так цягнуў усю сям’ю, пакуль я была ў СІЗА, дык я яшчэ і зрабіць нічога не магу, каб дапамагчы сваёй сям'і — на іншую працу мяне не возьмуць…

— Ведаеце, мы заўсёды неяк спраўляліся, — працягвае жанчына. — А тут брат некалькі разоў трапіўся за безбілетны праезд, бо ў нас не было грошай нават на білет. Даходзіла да таго, што нам адключалі святло за нявыплату. Мне пра гэта нават сорамна гаварыць. Тата тэлефанаваў: «Аня, пазыч у каго-небудзь грошай. Я цябе прашу!» А я не магла — мне сорамна папрасіць. Гэта значыла б даць зразумець усім, што зноў усё кепска. А я толькі хацела паказаць, што спраўляюся, хоць па факце некалькі месяцаў цягнула ўсю сям’ю адна на тысячу рублёў.

Ганна ўспамінае, што неяк прызналася сяброўцы, што не можа запрасіць яе ў госці, бо ў доме нават няма гарбаты, каб яе пачаставаць.

— Яна прывезла мне вялікі пакунак! А цяпер, калі ёй нешта з дачы перадаюць, заўсёды дзеліцца з намі. Вось так людзі дапамагаюць, і толькі таму мы неяк вытрымліваем, — кажа суразмоўніца. — Прасіць грошай я да апошняга не хацела: мне здаецца, быццам я іх краду ў людзей. Чаму хтосьці мусіць мне іх даваць? Ёсць сем'і, дзе і тата, і мама адседзелі і не могуць уладкавацца [на працу] — і ім цяжэй, чым мне. Украіне цяжэй, чым мне. Але сябры ўгаварылі адкрыць збор, хаця б каб пагасіць крэдыты і даўгі, трошачкі выдыхнуць і пачаць жыць.


Глядзіце таксама

Сябры і дапамагаюць Ганне не здавацца. Яшчэ, дадае, вытрымліваць выпрабаванні дапамагае якраз тое, што ўся сям’я разам, хоць жыць ушасцёх у адной кватэры бывае няпроста.

— Калі мы разам, у нас моцная сям’я, мы зможам усё пераадолець. Нават калі грошай няма, калі куча крэдытаў і даўгоў, усе падтрымліваем адно аднаго, і ўсе праблемы падаюцца глупствам. У СІЗА мой самы вялікі страх быў, што блізкія ад мяне адмовяцца, у нас жа ніхто ніколі не сядзеў у турме. А аказалася, што ўсе родныя за мяне змагаліся і цяпер ганарацца мной, кажуць, што я змагла зрабіць (змагацца ў 2020-м, прайсці затрыманне і адбыць тэрмін за палітыку) за ўсіх іх. Можа, мяне зноў звольняць к чорту, але прыходзіш дадому і адчуваеш, што ты дома, а магла б быць у іншым месцы, дзе застаюцца іншыя людзі, якія зусім гэтага не заслугоўваюць. І ты абяцала ім жыць і за сябе, а яшчэ і за іх.

Каб зарабляць больш і зберагчы здароўе, Ганна спрабавала знайсці іншую працу. Але палітзняволеную нават з прыстаўкай «экс» браць не хочуць. А яшчэ над ёй зноў навісла пагроза звальнення — пачалі ціснуць на кіраўніцтва.

— Калі скончылася «хатняя хімія», я думала шукаць нешта новае — я ж ужо не палітзняволеная! Але аказалася, што ўсю паднаготную правяраюць, а былых «палітычных» не бывае — так мне сказалі. Канец «хіміі» значыць толькі тое, што я магу начаваць не дома, хадзіць дзе хачу і выязджаць за межы Мінска, але я па-ранейшаму пад каўпаком.

У нейкі момант ужо проста пачынаеш думаць, што ты ізгой, крымінальніца і нармальнага жыцця больш не будзе — так і будзеш далей раскладваць тавары ў маленькай краме, псаваць здароўе, матаць нервы. Ці давядзецца з’язджаць, але я не хачу пакідаць сям’ю, таму трымаюся і спадзяюся на нешта добрае. Мне дапамагае псіхолаг, але калі зноў адбываюцца ўспышкі чагосьці дрэннага, проста тэлефаную сяброўцы, і ў мяне заўсёды адна фраза: лепш бы я памерла маладой. Бо ў такія хвіліны ўжо не вывожу — не атрымліваецца. Занадта шмат усяго валіцца, я не паспяваю адбівацца. Дапамагае толькі разуменне, што, калі не супакоюся і скачуся ў дэпрэсію, стане яшчэ горш і страчу нават тое, што ёсць.

Таму, калі зноў звольняць, я нават не ведаю, што рабіць. Знаёмыя прапануюць прайсці нейкія курсы, перавучыцца, а я сябе не ўяўляю нікім іншым! Мне падабаецца гэтая праца. Ды і страшна пачынаць нешта новае. Але ў мяне няма магчымасці апускаць рукі — я цяпер за галоўную ў сям'і, трэба падладзіцца пад умовы, як было і ў СІЗА. Мне здаецца, ужо мусіць быць нейкая светлая паласа, — спадзяецца Ганна.

У Ганны адкрыты збор на «BYSOL», вы можаце падтрымаць яе фінансава па спасылцы.


Глядзіце таксама

«Неяк інспектар тэлефанаваў: „Кіраўніцтва аддзела цікавіцца, за чый кошт вы жывяце. Вы ж не працуеце“»

Больш за 20 гадоў Наталля адпрацавала на дзяржпрадпрыемстве, потым год даглядала паралізаванага бацьку, а наступны год — сядзела за «абразу прадстаўніка ўлады». Мінулай зімой яна вызвалілася і вярнулася ў свой горад у Магілёўскай вобласці. Яе сын даўно ў Польшчы, таму пасля вызвалення параіў не спяшацца ўладкоўвацца на працу: «Мама, зрабі візу і прыязджай да мяне, мы столькі не бачыліся». Ужо пасля, пагасцяваўшы, экс-палітзняволеная пачала шукаць працу.

— Я пайшла ў цэнтр занятасці. Дзяўчынкі нашы «палітычныя» ўжо хадзілі туды, і я ведала, што гэта проста для адпіскі: яны накіроўваюць, а людзей усё роўна не бяруць. У асноўным яны адпраўляюць на вакансіі, звязаныя з уборкай: санітаркі, прыбіральшчыцы, яшчэ ў садку нянечкі патрэбны, але нас туды не бяруць. Адной жанчыне ўсё казалі «чакайце, чакайце», а колькі чакаць? Яны быццам і не адмаўляюць — афіцыйна ж не напісана нідзе, што нас нельга браць. Мы ж адбылі свае пакаранні, дайце нам працу! Але не. А калі сама спрабуеш уладкавацца, дзяржпрадпрыемствы не бяруць, ды я туды і не хачу па сваіх перакананнях. У садкі, школы патрабуюцца тэхнічкі, але як толькі даведваюцца, што я «палітычная», махаюць галавой: «Не». Кажуць, што радыя б, ды начальства не пагодзіцца.

Ведаю мужчыну з іншага горада — у яго пенсія невялікая, яшчэ нейкія адлічэнні ад яе забіраюць. Вось ён не можа знайсці працу і жыве за кошт старэнькай мамы. Яго гэта, вядома, напружвае, ён усюды пытаецца, а яму нічога канкрэтна не могуць адказаць.

Жанчына расказвае, што спроб працаўладкавацца ў яе было не так шмат, а праз няўдачы і адмовы яна не асабліва хвалявалася. Кажа, ёсць невялікія зберажэнні, ды і родныя заўсёды дапамогуць.

— Блізкія мяне вельмі падтрымліваюць. Сястра прадукты сабе купляе — і мне нясе. Сын дапамагае кватэру аплачваць. Хоць неяк інспектар тэлефанаваў: «Кіраўніцтва аддзела цікавіцца, за чый кошт вы жывяце. Вы ж не працуеце». Вось я ім тлумачыла, што рабіла «стратэгічныя запасы» і нейкая сума ў мяне да калоніі была — можа, пару тысяч долараў я назбірала. І, кажу, у мяне шмат сваякоў! Сёння ў сястры паела, заўтра ў цёткі. Да каго ні прыду — усе хочуць мяне накарміць, — смяецца Наталля. — Ведаеце, я калі ў калонію трапіла, важыла так канкрэтна… Але вырашыла: трэба з гэтага месца хоць нешта займець — будзем худнець! Скінула, можа, кілаграмаў 17 — мэтаскіравана ела маленькімі порцыямі, без хлеба. А там худнеецца хутка і лёгка. Дык вось цяпер я ўжо нават паправілася трошкі. Ну, калі сястра зварыла боршч і кліча на боршч, як не пайсці? А з сяброўкамі як не сустрэцца? І, ведаеце, некаторыя сябры пераводы пасылалі ў калонію, нядаўна сустрэла аднакласніка — пытае: «Табе грошы патрэбны?» Так што, кажу, свет не без добрых людзей, інспектар.

Падтрымка родных і знаёмых — гэта галоўнае, кажа жанчына і прызнаецца, што, хоць яе ашчаджэнні ўжо заканчваюцца, яна імкнецца дапамагаць іншым.

— Вядома, я гэты час старалася эканоміць, купляць толькі неабходнае. Але тым, у каго няма нічога, праўда цяжка. Вось ёсць у нас у горадзе жанчына: ёй 60, у дзяцей — свае дзеці, крэдыты; усюды, куды б яна ні спрабавала ўладкавацца, адмаўляюць. А ў яе толькі нядаўна пенсія з’явілася, і тое мінімальная, яе не хапае. Неяк яна кажа: «Так хочацца сала, але купіць не магу». Вось мы з дзяўчатамі скінуліся і купілі ёй кавалачак сала, на дзень нараджэння падарылі грошы. Думалі падарунак, але, можа, чалавеку хлеба купіць няма за што? Так што ў нас усе адно аднаму дапамагаюць. Нейкія рэчы, калі маленькія, але яшчэ добрыя, прыносяць. Мне самой купляць ужо нічога не трэба — старых добрых хапае, а я не такая, каб выкідаць.


Глядзіце таксама

У пачатку восені Наталля прыйшла ў прыватную арганізацыю, дзе на падмену шукалі прыбіральшчыцу. Жанчыну пагадзіліся ўзяць, за пару тыдняў працы заплацілі каля 250 рублёў. Але галоўнае для экс-палітзняволенай — паабяцалі разгледзець яе кандыдатуру, калі асноўная супрацоўніца пойдзе на пенсію. Нешта іншае яна шукаць ужо не збіраецца і кажа, што радая і такой працы.

— Неяк я зайшла на адно прыватнае швачнае прадпрыемства — там мой артыкул нікога не збянтэжыў: «А чым гэтая жанчына адрозніваецца ад іншых? Чаму мы не можам яе ўладкаваць?» Але ў мяне ўжо зрок сеў, спіна баліць, а трэба восем гадзін сядзець, вялікі план, і я зразумела, што гэта не маё. Мне лепш уборкай займацца, чым шыць. Таму вось вясной мяне, магчыма, возьмуць прыбіральшчыцай. Спадзяюся на гэта, бо запасы мае, як я казала, ужо заканчваюцца. Хай там невялікі заробак, рублёў 500 — хопіць на камуналку і прадукты. А астатняе ў мяне, здаецца, і ёсць. У сястры агарод, калі трэба будзе, вырашчу сабе «зялёнкі» — з голаду не памру дакладна, — бадзёра трымаецца Наталля.

Знаёмыя часта пытаюць, чаму яна не з’язджае з краіны, калі за мяжой жыве сын і гатовы падтрымаць яе пераезд. Жанчына ўсім адказвае: няма на каго пакінуць ката.

— Па-першае, я не планавала ехаць. Па-другое, у мяне кот, ён ва ўзросце. Пакуль я сядзела, у яго абвастрылася хвароба нырак, калі я яму зраблю прышчэпку, каб выехаць, ён, магчыма, памрэ. А я не хачу ўзяць грэх на душу — колькі кату адпушчана, столькі хай і жыве. А так, можа, я і з’ехала б… Але куды падзець ката? Пакінуць яго і аддаць камусьці не магу. Жывёлы ж, як дзеці, яны вачыма толькі цябе і шукаюць, чакаюць дапамогі. А мы добрыя, трэба ім дапамагаць, — кажа суразмоўца і дадае, што стараецца адганяць думкі, што будзе, калі з працай усё ж адмовяць. — Ведаеце, я працую з псіхолагам і стараюся не зацыклівацца на дрэнным. Сама выдатна ведаю, што будзе так, як мусіць быць. Вось праз усё перажывала, а цяпер не гляджу навін, бо памяняць нічога не памяняеш, а так сабе толькі псіхіку зруйнуеш. Ці дажывеш потым да той светлай будучыні, каб убачыць яе на свае вочы? Таму я сябе не траўмірую.

Жанчына прызнаецца, што ёй дагэтуль часта сніцца калонія. Псіхолаг параіла прыдумляць добрую канцоўку сну, і гэта дапамагае.

— Наша здароўе залежыць ад нас, мы павінны сябе правільна настройваць, каб не звар’яцець. Так і з працай: калі спрабуеш уладкавацца, іх адно слова «палітычная» ўжо палохае. Але тое, што яны ўсе так кажуць і рэагуюць, мяне не хвалюе: я сябе злачынцай не лічу, — цвёрда кажа Наталля.