Наша сіла — у салідарнасці. Як падтрымаць палітвязняў?

Каманда праваабарончага цэнтра «Вясна» зрабіла гайд па тым, як магчыма падтрымаць палітзняволеных за кратамі і на абмежаванні волі — і знутры краіны, і з-за мяжы.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Пасылкі 

Палітзняволеных можна падтрымаць сапраўдным падарункам — пасылкай з ласункамі ды прыемнай драбязой. Такі спосаб актуальны для вязняў, якія знаходзяцца ў СІЗА і прысуд у дачыненні да якіх не уступіў у законную сілу. У пасылку можна класці тое ж, што і ў перадачу, толькі дадаць вопіс-пералік у адвольнай форме. Узгадняць пасылкі з роднымі палітвязня не трэба, але, калі ёсць сувязь, то можна дазнацца пра тое, што любіць чалавек.

Колькасць і вагавыя абмежаванні для пасылак не вызначаныя — толькі тыя, што вам паведамяць на пошце. Але ёсць выключэнне для вязняў, якія знаходзяцца ў брэсцкім СІЗА-7 і для некаторых вязняў баранавіцкага СІЗА-6. Адміністрацыя гэтых ізалятараў залічвае вагу пасылак у агульную вагу перадач. У Брэсце гэтыя абмежаванні тычацца амаль усіх палітвязняў, а ў Баранавічах — толькі некаторых.

Што класці ў пасылку, а што — нельга

Для пасылак дзейнічаюць тыя ж абмежаванні, што і на перадачы, але ёсць і дадатковыя. Напрыклад, у пасылку нельга класці прадукты, якія хутка псуюцца. Існуе пералік прадметаў, якія асуджаныя могуць атрымліваць у пасылках. Яго можна знайсці ў «Правілах унутранага распарадку папраўчых устаноў». Сярод дазволенага:

  • зефір, цукеркі, мармелад, пасціла, халва, шакалад;
  • бульба хуткага прыгатавання, макароны хуткага прыгатавання, суп хуткага прыгатавання, шматкі (грачаныя, аўсяныя);
  • вяленае мяса, каўбаса (сыравяленая, сыравэнджаная),
  • сыр
  • кава любая, чай ліставы;
  • арэхі, курага, фінікі, цукаты;
  • печыва, сухары;
  • цёплыя шкарпэткі;
  • канверты, аркушы паперы, паштоўкі, сшыткі;
  • каляровыя алоўкі, фламастары, шарыкавыя асадкі (чырвоныя забароненыя).

У некаторых камерах халодна, таму варта падбаць, каб зняволенаму было цяплей. Таму для пасылак будуць актуальныя, напрыклад, цёплыя ваўняныя шкарпэткі. Каб зрабіць зняволеным прыемна, можна дасылаць шкарпэткі з цікавымі і каляровымі малюнкамі.


Глядзіце таксама

З касметыкай у пасылках сітуацыя цяжэйшая. Але можна перадаць духмянае мыла, крэм для рук і гігіенічную памаду.

Бандэролькай можна адправіць пустыя канверты, прыгожыя паштоўкі і паперу, асадкі, налепкі, каб вязні змаглі павіншаваць са святамі сваіх родных і блізкіх людзей.

Так, у пасылкі, напрыклад, нельга класці чарнасліў, разынкі, сланечнікавыя семкі, казінакі, зёлкі, памэла і грэйпфруты, пекінскую капусту, соль, кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды, акварэль, шматразовыя станкі для галення, бяспечныя нажніцы, шалік, вільготныя сурвэткі, ватныя палачкі, запальнічку, пластыкавы посуд.

Якія існуюць абмежаванні для пасылак з-за мяжы? 

Да 1 красавіка 2023 года норма адной пасылкі з-за мяжы складае 31 кілаграм, а кошт усяго што перасылаецца, павінен быць не болей 1000 еўра. Мы раім рабіць невялікія пасылкі коштам да 30-40 еўра. На пошце вас папросяць запоўніць форму і пералічыць, што вы дасылаеце і колькі гэта каштуе. Майце на ўвазе, што пасылка можа ісці каля 5-6 тыдняў.

Як спакаваць пасылку? 

З усяго, што вы набылі ў пасылку, трэба зняць фабрычную ўпакоўку, зрэзаць цэтлікі, а прадукты харчавання перакласці ў празрыстыя пакеты. Інструкцыю па прыгатаванні і назву прадукта можна выразаць і пакласці ў пакет. Па магчымасці напішыце пералік усяго ўкладзенага ў пасылку на аркушы паперы на рускай ці беларускай мове.

На пошце вы можаце выбраць скрыню таго памеру, які вам падыходзіць, ці выкарыстоўваць сваю. Не забудзьце напісаць усе даныя палітвязня, уключаючы імя па бацьку і адрас утрымання.

Звычайна, пасылку можна адсочваць па штрых-кодзе, які выдаюць на пошце. Так вы даведаецеся, што яна не згубілася і патрапіла да вязня.

Уявіце неверагодную ўдзячнасць і радасць чалавека, які атрымае вашу пасылку! Гэта знак таго, што пра яе ці яго не забылі, знак падтрымкі і веры ў вольную Беларусь. 

Лісты 

Ва ўсіх месцах утрымання нашых палітвязняў лісты застаюцца асноўным спосабам камунікацыі. З пачаткам поўнамаштабнага нападу на Украіну карэспандэнцыю з беларускімі вязнямі моцна блакуюць, ды ўсё ж нешта даходзіць да адрасатаў. У калоніі варта адпраўляць заказныя лісты. Яшчэ можна дасылаць проста пустыя паштоўкі — так больш шанцаў, што іх аддадуць, ды і самі палітвязні змогуць павіншаваць са святамі сваіх блізкіх.


Глядзіце таксама

Важна! Лісты і паштоўкі можна адпраўляць, не адыходзячы ад кампутара ці тэлефона, з дапамогай:

  1. Валанцёрскай ініцыятывы «Майстэрні паштовак салідарнасці»;
  2. Сэрвісу «письмо.бел».

Блакаванне лістоў і паштовак — адзін з пашыраных метадаў ціску з боку супрацоўнікаў СІЗА, турмаў, калоній. Аднак давайце памятаць, што, калі лісты дойдуць, яны могуць аказацца ледзь не адзінай светлай падзеяй на святы. Акрамя гэтага, словы падтрымкі можна перадаваць і праз сваякоў, ад якіх лісты да вязняў прабіваюцца.

Падтрымка «хімікаў»

Для палітзняволеных «хімікаў», якія знаходзяцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу, можна таксама замовіць дастаўку ежы ці падарунка, але загадзя ўзгадніўшы з імі час. На «хіміях» вязням можна карыстацца тэлефонамі, таму можаце наўпрост павіншаваць іх са святамі ў сацсетках і мэсэнджарах. Таксама можаце адправіць ім звычайную пасылку — тут на іх змест абмежаванняў няма. Але грашовыя пераводы не прадугледжаныя.

Падтрымка «хатніх хімікаў»

Варта памятаць і пра асуджаных да «хатняй хіміі», якія вельмі абмежаваныя ў волі, хоць і знаходзяцца дома. Вы можаце сачыць за імі ў сацсетках і падтрымліваць іх асабіста. Напрыклад, дзве асуджаныя да «хатняй хіміі» керамісткі Кацярына Лесавік і Анастасія Малашук ладзяць майстар-класы па лепцы з гліны і прадаюць свае гліняныя вырабы. Калі вы нешта набудзеце ў іх, то гэта будзе добрай падтрымкай.

Падтрымка сем'яў палітвязняў

Сем’ям палітвязняў можна дапамагаць са зборам перадач для зняволеных, а можна і самі сем’і віншаваць са святамі. У гэтым асабліва маюць патрэбу дзеці палітвязняў, пазбаўленыя магчымасці бачыць бацькоў. Падтрымаць іх можна як асабіста, гэтак і паўдзельнічаўшы ў зборах фондаў салідарнасці.

Так, напрыклад, можна дапамагаць данатамі палітзняволеным і іх сем'ям праз прыватныя зборы BYSOL (але толькі калі вы не ў Беларусі!), а таксама і былым вязням, якія адбылі тэрміны і выйшлі на волю. Акрамя гэтага, заклікаем далучацца да каляднага збору для дзяцей, чые бацькі апынуліся ў зняволенні па палітычных матывах.


Глядзіце таксама

Распаўсюд інфармацыі

Палітзняволеныя Беларусі — бадай галоўны боль нашай краіны, бо тысячы чалавечых лёсаў ужо некалькі гадоў запар праходзяць праз пакуты, катаванні, зняволенне і нават смерць. Таму нам трэба намагацца, каб былі пачутыя галасы тых, хто змагаецца са штодзённымі выпрабаваннямі за кратамі.

Расказвайце пра праблемы палітвязняў і палітычную сітуацыю ў Беларусі ў сацыяльных сетках; дзяліцеся гэтым са сваімі сябрамі і знаёмымі ўнутры Беларусі, бо праз пераслед за чытанне навін незалежных СМІ ў людзей не застаецца бяспечных крыніц праўдзівай інфармацыі; тлумачце суразмоўцам з іншых краін нашу сучасную рэпрэсіўную гісторыю. І памятайце, што сіла беларусаў — у салідарнасці. Толькі разам мы можам дапамагчы тым, хто вымушаны адзначаць усе святы ў адзіночнай камеры, альбо з сукамернікамі.

Падтрымка «Вясны» і палітзняволеных праваабаронцаў

На сёння за кратамі знаходзіцца пяцёра праваабаронцаў «Вясны» — іх асудзілі да пазбаўлення волі толькі за тое, што яны абаранялі правы беларусаў. Нягледзячы на гэта, дзясяткі праваабаронцаў і сотні валанцёраў «Вясны» працягваюць сваю працу па абароне і фіксацыі парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. 

Акрамя магчымасці падтрымаць «Вясну» падпіскай на Patreon, з'явілася магчымасць зрабіць аднаразовы данат праваабаронцам.

Усе сабраныя ахвяраванні будуць накіраваныя на падтрымку дзейнасці арганізацыі, а таксама палітзняволеных «вясноўцаў».

Важна! Калі ласка, рабіце пераводы, толькі калі для вас гэта бяспечна. Мы настойліва просім не рабіць пераводаў з картак беларускіх ці расійскіх банкаў