Хронікі рэпрэсій. Апеляцыя Эдуарда Бабарыкі, новая крыміналка Іллі Міронава
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў за 23 лістапада.

Вярхоўны суд 27 лістапада разгледзіць апеляцыйную скаргу на прысуд Эдуарда Бабарыкі. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Ігара Буката.
Мінскі абласны суд 5 ліпеня вынес прысуд па справе Эдуарда Бабарыкі — 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцнега рэжыму. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года па першапачатковым абвінавачанні.
Палітвязня прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 («Пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 243 («Ухіленні ад выплаты падаткаў») Крымінальнага кодэкса.
Былога палітвязня, якога судзілі за надпіс на слупе «Света, я вас кахаю», перазатрымалі пасля вызвалення і зноў будуць судзіць.
Аляксандра Плескацэвіча ў снежні 2021 года асудзілі да 2 гадоў «хіміі» паводле арт. 339 КК («Хуліганства») за тое, што пакінуў надпісы і расфарбоўваў белай і чырвонай фарбамі хаты, слупы і будынкі ў сваёй вёсцы. Адзін з надпісаў — «Света, я вас кахаю». Свой тэрмін Аляксандр адбываў у магілёўскай ПУАТ-43, адкуль выйшаў у лютым 2023 года.
Пасля вызвалення мужчыну затрымалі па адміністрацыйнай справе. Яго асудзілі на 10 сутак за тое, што ён «у нявызначаны час з 16 па 27 лютага нанёс на 7 вокнаў і вугал фасада дома бела-чырвона-белую сімволіку».
Цяпер стала вядома, што мужчына затрыманы ўжо ў межах новай крымінальнай справы. Яго абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» (ч. 1 арт. 130-1 КК) і «хуліганстве» (ч. 2 арт. 339 КК). Справу будуць разглядаць у Брэсцкім абласным судзе 28 лістапада. Суддзём прызначаны Андрэй Сіз.
Глядзіце таксама

У Гродне затрымалі дырэктара фірмы пасажырскіх перавозак Ігара Соладава. Прычынай нібыта сталі каментары ў тэлеграм-каналах пра беларускіх і расійскіх вайскоўцаў.
У Карэлічах затрымалі мясцовага экскурсавода Юрыя
Красоўскага. 15 лістапада сілавікі забралі мужчыну з дому. Суд пастанавіў
арыштаваць Красоўскага паводле арт. 19.11
КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх
матэрыялаў) на 15 сутак.
Гэта ўжо як мінімум чацвёртае затрыманне для яго. Раней Юрыя Красоўскага арыштоўвалі ў 2020, 2021 і 2022 гадах.
На былога палітвязня Іллю Міронава завялі чарговую
крымінальную справу. Пра гэта ў
фэйсбуку паведаміла маці Іллі Валянціна Міронава, якую выклікалі ў якасці
сведкі ў Следчы камітэт. Паводле якога артыкула абвінавачваюць былога
палітзняволенага, невядома. Ілля Міронаў пасля адбыцця тэрміну па крымінальнай
справе некалькі разоў быў затрыманы і арыштаваны на «суткі» паводле
адміністрацыйных артыкулаў. Цяпер ён у Літве.
48-гадовага
палітвязня, фатографа Дзмітрыя Сончыка, у якога ў лістападзе 2021 года ў
магілёўскай турме здарыўся інсульт і інфаркт, хочуць прымусова накіраваць у
псіхіятрычную бальніцу. Дзмітрыя асудзілі да 3 гадоў калоніі за каментары. Да
вызвалення яму засталося каля чатырох месяцаў.
Былыя вязні калоніі № 2 распавялі, што цяпер Дзмітрый утрымліваецца ў медчастцы. У палітвязня нібыта назіраюцца праблемы з псіхічным здароўем, таму мясцовыя лекары пад выглядам гэтага выдаюць яму нейкія лекі. «Лячэнне» пачалося яшчэ да таго, як палітвязня змясцілі ў медчастку. Супрацоўнікі ПК-2 хочуць этапаваць Дзмітрыя на абследаванне ў гомельскую псіхіятрычную бальніцу, але ён адмаўляецца. Таксама вязні распавялі, што ў яго праблемы з карэспандэнцыяй. Былыя зняволеныя, якія звязаліся з праваабаронцамі, вельмі занепакоеныя станам Дзмітрыя пасля яго «лячэння» ў медчастцы ў калоніі.
Глядзіце таксама

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у некаторых палітзняволеных адміністрацыі папраўчых ўстановаў забіраюць лісты салідарнасці, якія ім раней дасылалі родныя або неабыякавыя беларусы. У іх супрацоўнікі шукаюць інфармацыю, якая можа быць выкарыстана для ўзбуджэння крымінальных справаў, у тым ліку і інфармацыю пра тых, хто рабіў ахвяраванні ў фонды салідарнасці.
Праваабаронцы раяць не паведамляць у лістах палітвязням асабістыя даныя іншых людзей, а таксама любую адчувальную інфармацыю.
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі яшчэ дзвюх адвакатак. Гаворка ідзе пра Юлію Карачун і Аксану Пучкоўскую, якія раней працавалі ў складзе Мінскай абласной калегіі адвакатаў.
Кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце спыніла дзеянне ліцэнзій адвакатак «у сувязі са здзяйсненнем правін, не сумяшчальных са званнем адваката».
У чым менавіта прычына пазбаўлення ліцэнзій, прэс-служба
Міністэрства юстыцыі не паведамляе. Пры гэтым Юлія Карачун у 2021
годзе была сярод адвакатаў па палітычных справах, якіх выклікалі на
пераатэстацыю. Тады яна яе прайшла.