«Прыкметна схуднеў, на здароўе не скардзіцца». Палітвязень Сяргей Спарыш чытае Кафку ў няволі
Намесьнік старшыні незарэгістраванай партыі «Народная грамада», паплечнік Міколы Статкевіча адбыў у калёніі больш за палову прызначанага судом тэрміну.
Ізалятар, праца на ачыстцы дратоў, самаадукацыя. Вось што было вядома пра паплечніка Мікалая Статкевіча, актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша, які яшчэ ў чэрвені 2020 году трапіў за краты і праз год апынуўся ў калёніі № 22 пад Івацэвічамі, дзе адбывае пакараньне ў 6 гадоў пазбаўленьня волі. Дасьведчаная крыніца расказала «Свабодзе» пра зьмены ў жыцьці вядомага палітвязьня за кратамі.
«Працаваў на абдзіраньні дратоў, а цяпер вучыцца на маляра-тынкара», — паведаміў суразмоўца. Да зьняволеньня Сяргей Спарыш працаваў зваршчыкам на Менскім заводзе колавых цягачоў, куды ўладкаваўся, калі пакінуў кансэрваторыю. Там ён вучыўся на кампазытара і напісаў сымфонію, але расчараваўся ў музыцы і ўладкаваўся на завод. Каб быць, як ён казаў, «бліжэй да народу».
Пра цяперашні настрой Сяргея крыніца кажа гэтак: «Трымаецца, застаецца ў добрым гуморы, настрой нармальны. Шмат чытае і піша. Ужо не адзін год піша вялікую працу па гісторыі. Яшчэ працягвае вывучаць францускую і ўдасканальвае нямецкую мову. Вынік добры, калі меркаваць па тым, што ён прачытаў «Замак» Кафкі на мове арыгіналу, то бок па-нямецку».
Паводле крыніцы, Сяргею Спарышу ўдаецца перадаваць замоўленыя кнігі, хоць «часам бандэролі яму не выдаюць».
«Прыкметна схуднеў. Асабліва на здароўе не скардзіцца, але ў яго праблемы з зубамі, якія там вырашыць складана. Яму даходзяць прадуктовыя пасылкі, таму мае магчымасьць падсілкавацца», — расказала крыніца.
Паводле крыніцы, сувязь зь Сяргеем Спарышом нерэгулярная: «Бывае, што доўга няма званкоў і лістоў, але потым маўчаньне перарываецца. Вось нядаўна быў кароткі званок».
Яшчэ да 2020 году актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша шмат разоў затрымлівалі на апазыцыйных акцыях. У 2021 годзе яго судзілі па так званай справе тэлеграм-каналу «Армия с народом» і прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку 191-га (перашкаджэньне ажыцьцяўленьню выбарчых правоў).
Гэты артыкул быў выстаўлены актывісту за крытычныя
выказваньні ў адрас старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, якую шмат хто
лічыць адказнай за фальсыфікацыі выбараў у Беларусі. Сваёй віны ні па адным з
абвінавачаньняў Сяргей Спарыш не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі
Спарыша палітвязьнем.