Цуд для дзяцей палітвязняў: BYSOL абвясціў калядную акцыю
Фонд салідарнасці BYSOL абвясціў чарговую дабрачынную акцыю. Гэтым разам яна накіравана на дапамогу маленькім беларусам, чые бацькі зараз знаходзяцца за кратамі па палітычна матываваных абвінавачаннях альбо прысудах.
«У многіх беларускіх дзяцей хтосьці з бацькоў (а часам і абодва) у гэты час знаходзіцца ў зняволенні па палітычных матывах. Многія сем'і вымушаныя сустракаць навагоднія святы ў чужой краіне, у расстанні, не маючы магчымасці зрабіць традыцыйныя падарункі родным. Для нас, беларускага фонду салідарнасці BYSOL, важна, каб у гэты час у сем'яў палітвязняў свята адбылося, нягледзячы ні на што», — гаворыцца ў паведамленні на сайце фонда.
Удзельнікі арганізацыі заклікалі беларусаў далучыцца да збору сродкаў для дзяцей палітычных зняволеных.
«Разам з вамі мы можам зрабіць так, каб палітзняволеныя мамы і таты падарылі сваім дзецям радасць і напамін пра сябе ў гэтыя дні. Дзякуючы невялікаму цуду, які мы з вамі ў сілах ажыццявіць», — адзначаецца ў абвестцы.
Каманда фонду BYSOL нагадала, што штогод праводзіць акцыі, з дапамогай якіх дзеці палітвязняў атрымліваюць падтрымку ад неабыякавых людзей, пакуль іх бацькі знаходзяцца не дома. «Вельмі натхняе, што так шмат людзей, якім не ўсё роўна», — прызнаюцца ў фондзе.
«Толькі дапамагаючы адзін аднаму, падтрымліваючы тых, каму цяжка, мы дорым дзецям будучыню, якое жадаем сабе», — дадаюць у BYSOL.
Як атрымаць дапамогу?
BYSOL просіць сваякоў палітвязняў альбо тых, хто ўжо адбыў пакаранне і вызваліўся, запоўніць на сайце адпаведную заяўку на атрыманне дапамогі. Опцыя актыўная да 9 снежня уключна.
Мяркуецца, што на падарунак кожнаму дзіцяці будзе выплачана €100.
Ахвяраваць дзецям палітзняволеных можна па спасылцы.
Агулам фонд мае намер сабраць 20 тысяч еўра, амаль 4 тысячы беларусы ўжо пералічылі на дабрачынны рахунак.
Важна
Варта памятаць пра меры перасцярогі. У сённяшніх умовах ахвяраваць з Беларусі з картак беларускіх банкаў вельмі небяспечна, бо нават дапамогу «не тым» дзецям лукашэнкаўцы лічаць «экстрэмізмам». Лепш рабіць гэта з-за мяжы і з рахункаў замежных банкаў.