Палітзняволенага блогера MozgON зноў будуць судзіць

Аўтара Youtube-канала «MozgON» Уладзіміра Цыгановіча зноў будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да 16 гадоў пазбаўлення волі.

mozgon.jpg

43-гадовага аўтара Youtube-канала «MozgON» Уладзіміра Цыгановіча толькі тры месяцы таму перавялі ў новую калонію пасля апошняга прысуду — у красавіку яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення, паведамляюць праваабаронцы.

За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі № 11 ініцыявала ўзбуджэнне другой запар крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»).

Цяпер палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да 16 гадоў пазбаўлення волі. Судзіць Уладзіміра пачнуць ужо 30 лістапада ў Ваўкавыску. 

Глядзіце таксама

Уладзімір Цыгановіч — блогер, аўтар youtube-канала MozgON. У зняволенні палітвязень знаходзіцца ўжо больш за тры гады — яго затрымалі 9 чэрвеня 2020 года. Спачатку яго двойчы пакаралі «суткамі» паводле адміністрацыйных справаў, а потым перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.

Цыгановіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў») і ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»). 14 снежня 2021 Уладзіміра асудзілі па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў калоніі.

Спачатку палітвязня накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калонію № 3, але праз паўгады Уладзіміру ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады.

Але на гэтым ціск на палітвязня не скончыўся. Вясной 2023-га года супраць Уладзіміра ўзбудзілі крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы» (ч. 2 арт. 411 КК).

Справу пачалі разглядаць 7 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. На другім пасяджэнні, 10 красавіка, суддзя Таццяна Касцюк агучыла прысуд палітвязню — адзін год калоніі ў дадатак да 15 гадоў зняволення.

Цяпер стала вядома, што ў судзе Ваўкавыскага раёна 30 лістапада пачнуць разглядаць чарговую справу супраць палітвязня паводле арт. 411 КК. Справу будзе весці суддзя Мікалай Сяргейка.

Падтрымайце Уладзіміра паштоўкамі, лістамі і тэлеграмамі:

ПК №11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118

Уладзімір Уладзіміравіч Цыгановіч