Блогер MozgON за кратамі прыдумаў тэст для беларусаў на імавернасць трапіць у турму

Блогер Уладзімір Цыгановіч (youtube-канал «MozgON») з чэрвеня 2020 года знаходзіцца пад вартай. Цяпер яго судзяць у гомельскім СІЗА-3 разам з Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым. Жонка блогера Наталля падзялілася са «Свабодай» апошнім лістом Уладзіміра.

0eaf4541_dc62_4334_88cf_f2cad1929582_w1597_n_r1_st.jpg

Ён піша пра сітуацыю ў краіне, суд над ім, таксама прыдумаў тэст для беларусаў на імавернасць трапіць у турму.
Уладзімір цяпер мае доступ толькі да дзяржаўнай прэсы, адкуль ён даведваецца пра «разгромныя расследаванні» мясцовых СМІ.
«Я разумею, хто і навошта піша падобныя тэксты. Уяві, ты маеш сабаку, каб ён ахоўваў твой дом ад рабавання. Уяві, ты наймаеш ахоўніка, каб ён дапамагаў сабаку ахоўваць твой дом. Уяві, ты ставіш сігналізацыю, каб яна спрацавала, калі будуць рабаваць твой дом. Уяві, ты будуеш чатырохметровы плот, каб ніхто не змог падысці да твайго дома. Уяві, ты ўсяму населенаму пункту па радыё, ТБ і газетах штодня расказваеш, што твой дом суперахоўваецца, абаронены і абрабаваць яго немагчыма.
Цяпер уяві, што звычайны мінак цісне на брамку, яна адчыненая, сігналізацыя не спрацоўвае, ён спакойна падыходзіць да дома. Ахоўнік і сабака праспалі, толькі гаспадар дома рэагуе на няпрошанага госця і ўздымае шум. Мінака затрымліваюць, ахоўнікі і сабака паказваюць бурную дзейнасць — каб патлумачыць, як так атрымалася і чаму яны недарэмна ядуць свой хлеб. У выніку звычайны мінак ператвараецца ў суперагента, які пры падтрымцы найлепшых спецслужб свету быў таемна закінуты на твой участак. Вось і ўсё, што я чэрпаю з такіх публікацый», — ахарактарызаваў «расследаванні» блогер.
У няволі ён прачытаў кнігу Ліліян Войніч «Авадзень». Хоць раман напісаны ў ХІХ стагодздзі, але Уладзімір знайшоў там паралелі з яго судом.
«У аўторак ранкам адбываўся ваенна-палявы суд. Ён цягнуўся нядоўга, гэта была толькі пустая фармальнасць, якая заняла не больш за 20 хвілін. Ды і іншага часу і не патрабавалася. Абарона не была дапушчана. У якасці сведак выступалі толькі раненыя сышчыкі і афіцэр, ды некалькі жаўнераў. Прысуд быў наканаваны. Мантанэлі даў неафіцыйную згоду, якой ад яго дабіваліся. Суддзям, палкоўніку Ферары, драгунскаму маёру і двум афіцэрам папскай гвардыі, уласна, не было чаго рабіць. Прачыталі абвінаваўчы акт, сведкі далі паказанні, прысуд замацавалі подпісамі і ўрачыста зачыталі асуджанаму.
Ён выслухаў яго моўчкі і на прапанову скарыстацца правам на апошняе слова толькі нецярпліва махнуў рукой», — працытаваў палітзняволены частку з рамана.
«Праўда, за 120 гадоў многае змянілася. Вось у мяне суды ўжо месяц ідуць, абарона ёсць. Нядаўна прыйшла думка, што ад сітуацыі, што склалася ў краіне, з усімі „прыгодамі“, выйгралі адвакаты. Попыт на іх паслугі вырас. Як кажуць у народзе, каму война, а каму — карова дойна», — зазначыў Уладзімір.
Ён піша, што хоць і прайшоў дзяржаўныя ўстановы адукацыі, атрымаў веды і адзнакі, «але не стаў дрэсіраваным».
«Што, магчыма, ставіцца за галоўную мэту. Глядзі, як атрымалася. Першае — школы. Іх было шмат, таму ў іх не атрымалася „загасіць“ мяне. Другое — інстытут. Паездка ў ЗША, плюс з трэцяга курса — на завочнае. Зноў не атрымалася паўнавартасна ўздзейнічаць. Трэцяе — войска. Не праходзіў службу. Чацвёртае — ранні шлюб, крэдыт, дзеці — зноў не спрацавала. Пятае — наёмная праца, дзяржаўная служба — зноў міма. Таму я для іх, маіх „апекуноў“, чужы, неяк так», — патлумачыў блогер.
Ён распрацаваў тэст для беларусаў: якая ў іх імавернасць трапіць у турму. З тэсту Уладзіміра вынікае, што найбольшую імавернасць трапіць за краты маюць людзі:

  • у якіх свой бізнес («значыць, умеюць самастойна вырашаць свае праблемы, а дзяржава не любіць такіх людзей, якія ўмеюць жыць без дзяржавы»);
  • якія маюць аўтамабіль-бездарожнік («бо вы гатовыя ездзіць не толькі там, дзе для вас праклалі дарогі»);
  • якія не служылі ў войску («бо вас не прывучылі быць паслухмяным і выконваць загады незнаёмых людзей у форме»);
  • якія маюць высокія адзнакі ў дыпломе, дасягненні ў спорце і інтэлектуальнай дзейнасці («калі вы разумны, то хутка можаце разабрацца, што вамі кіруюць, мякка кажучы, не вельмі разумныя людзі, а яны такога не любяць»).

«Вось такі забаўны тэст», — скончыў свой ліст Уладзімір.
Уладзіміра Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020 года. Яго вінавацяць паводле артыкулаў:

  • «Распальванне сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асоб» (ч. 3 арт. 130 КК);
  • «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч. 1 арт. 293 КК).

Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.