Беларуская салідарнасць не скончылася, яна сышла ў падполле
12 лістапада, у трэцюю гадавіну забойства Рамана Бандарэнкі, беларусы адзначаць дзень салідарнасці. З такой ініцыятывай у кастрычніку выступіла Святлана Ціханоўская. Але што зараз са знакамітай беларускай салідарнасцю? Ці не сышла яна ў нябыт праз зверствы лукашэнкаўскага рэжыму, якія не спыняюцца з 2020 года, праз дэматывацыю, атамізацыю і адчай?
Адразу адказ: не, салідарнасць нікуды не дзелася. Проста яна змяніла формы, метады і патэрны. Па сутнасці, салідарнасць сышла ў падполле ў мэтах бяспекі яе неабыякавых суб’ектаў і аб’ектаў.
Гэтая цёплая хваля накрыла Беларусь у 2020-м.
Спачатку падчас пандэміі — калі беларусы ачмурэлі ад ваяўнічай абыякавасці рэжыма да смяротнага каронавірусу, а потым фактычна ўзялі на сябе ролю дзяржавы і пачалі дапамагаць адно аднаму.
Потым падчас перадвыбарчай кампаніі — калі, адчуўшы сваю большасць і доўгачаканы шанец на перамены, людзі ўключыліся ў палітычныя працэсы, усяляк садзейнічалі апанентам Лукашэнкі, валанцёрылі, крочылі поплеч на легальныя агітацыйныя акцыі Святланы Ціханоўскай.
Нарэшце — падчас паслявыбарчых пратэстаў, калі сотні тысяч выходзілі на вуліцы і заяўлялі нязгоду з фальсіфікацыямі. Беларусы дапамагалі ахвярам гвалту сілавікоў, стваралі самыя разнастайныя ініцыятывы для падтрымкі суайчыннікаў, розным чынам спрыялі першым палітвязням і іх сем’ям.
І ў першым, і ў другім, і ў трэцім выпадках людзі былі гатовыя дзяліцца, аддаваць важнае — скідваліся грашыма, збіралі рэчы і медыкаменты, ахвяравалі ўласнымі часам, камфортам, бяспекай.
Тады з’явілася тое знакамітае «беларус беларусу беларус», якое хутка абляцела краіну і казала само пра сябе.
Вядома, цяпер нічога гэтага ў Беларусі няма. Бо за ўсё — турма.
Ахвяраваць грошы ініцыятывам нельга — экстрэмізм. Нельга абвясціць збор сродкаў у тэлеграм-канале, бо тэлеграм-канал — экстрэмісцкі. Зладзіць нейкую дабрачынную акцыю небяспечна, таму што прыедуць «барацьбіты з экстрэмізмам» у балаклавах. Выказаць спагаду, праявіць эмпатыю, выказаць падтрымку ў сацсетках — усё гэта ў сённяшняй Беларусі нясе пагрозу і рызыкі апынуцца за кратамі.
Але салідарнасць не знікла. Яна сышла з публічнай прасторы, стаілася, часткова эмігравала. А калі і зменшылася, то прапарцыянальна рэпрэсіям і натуральнай дэпалітызацыі грамадства праз тры гады пасля падзей 2020-га.
Сёння асноўнае гуртаванне беларусаў адбываецца, канешне, за мяжой — там, дзе бяспечна і куды не прыбягуць лукашэнкаўскія пагромшчыкі з аўтаматамі. Найбольш запатрабаваная форма салідарнасці — дапамога сваім матэрыяльнымі сродкамі. І тое, як гэта адбываецца і якія вынікі прыносіць, не можа не натхняць.
Летам прайшоў анлайн-марафон «Нам не ўсё адно!», які меў на мэце сабраць грошы для палітвязняў і іх сем’яў. За пару сутак беларусы скінуліся на грандыёзную суму — амаль 600 тысяч еўра. Гэта была такая выразная праява салідарнасці, што недзе ў Мінску лукашэнкаўцам стала балюча. Неўзабаве яны ўзбудзіліся на цэлую крымінальную справу супраць арганізатараў і ўдзельнікаў. Паводле, канешне, аднаго з «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Суцэльная бздура, зразумела, ніякіх вынікаў ад той крыміналкі не будзе, з яе хіба можна пасмяяцца. Але паказальна, што марафон стаў падзеяй нават для рэжыму, якога пэўна здзівілі маштабы акцыі і яе плён.
Але тая летняя акцыя — толькі вяршыня айсберга. Беларусы падтрымлівалі і падтрымліваюць трапіўшых у бяду землякоў штодзённа.
Нядаўна сталінскія тэрміны атрымалі музыкі папулярнага гурта Tor Band, які натхняў пратэстоўцаў у 2020-м. Фонд BySol традыцыйна для такіх выпадкаў абвясціў збор сродкаў. Палітвязням патрабавалася 9000 еўра на вырашэнне надзённых пытанняў. Іх сабралі менш чым за суткі. Збор яшчэ не закрыты, і на патрэбным рахунку ўжо больш за 14 тысяч.
Моўныя актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак пасля некалькіх гадоў канспірацыі ўсё ж выехалі з дзецьмі ў Беларусі ў Літву — на першы час папрасілі ад суайчыннікаў падтрымкі. Хацелі 5000 еўра, за кароткі час сабралі амаль шэсць з паловай.
Эмігранту Віталю Тысеву пасля збіцця лукашэнкаўскімі сілавікамі ў 2020 годзе былі патрэбныя грошы на аперацыю. Пад пагрозай была магчымасць паўнавартаснага жыцця. Складаная тая хірургія каштавала пад 50 тысяч еўра. Сабралі, дапамаглі. Аперацыя прайшла паспяхова, Віталь аднаўляецца і ўжо спрабуе хадзіць.
Бабруйскі лекар Міхаіл Самборскі, які быў вымушаны эміграваць разам з сям’ёй, меў параўнальна невялікую патрэбу — 800 еўра на вопратку і школьныя дробязі для дзяцей. Сабралі больш за чатыры з паловай тысячы.
Шматдзетная маці, вымушаная эмігрантка з Янава Марына Кіявец распавяла ў інтэрв’ю пра свае цяжкасці ў Польшчы — іншыя беларусы абарвалі ёй тэлефон, прапануючы самую розную дапамогу, ад грошай да ўборкі кватэры і пакупкі прадуктаў.
«Калі пачалася хваля салідарнасці, я ў нейкую хвіліну не стрымалася і плакала. Гэта такі шквал эмоцый, што ты не застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. Кожны не прайшоў міма тваёй бяды, а павярнуўся да цябе тварам і спрабуе нешта зрабіць, каб табе было хоць крыху лягчэй», — расказвала ўзрушаная беларуска.
Літаральна ў пятніцу з’явілася інфармацыя пра смерць у Латвіі былога палітвязня Вадзіма Кавалёва. Цяпер патрэбныя грошы на дастаўку цела ў Беларусь і пахаванне. Гэта будзе каштаваць 2500 еўра, і за першыя суткі сабрана амаль тысяча. Няма сумневаў, што будзе пералічана і астатняе.
Такіх гісторый шмат, і беларусы не скнарацца. На сайце BySol ёсць масавыя і даволі важкія зборы: на эвакуацыю з краіны тых, каму пагражае палітычны пераслед, ужо сабрана 68 тысяч еўра з 70, на дапамогу палітвязням, якія выйшлі на волю, — больш за 33 тысячы з 40, на дапамогу беларускім дабраахвотнікам ва Украіне — амаль 165 тысяч еўра са 180.
Пры гэтым фонд арганізаваў «агульны збор» на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій, і там увогуле лічбы, параўнальныя з марафонам «Нам не ўсё адно!» — сабралі амаль 420 тысяч еўра.
Вялікія сумы, вялікія патрэбы — вялікая салідарнасць.
Такое ўзаемнае ратаванне — самае каштоўнае, што ёсць у беларусаў, якія сёння пакутуюць унутры краіны альбо пераадольваюць цяжкасці ў эміграцыі. Пакуль трывае салідарнасць, пакуль людзі падтрымліваюць адно аднаго і працягваюць руку дапамогі — беларус застаецца беларусу беларусам і надзея на лепшае жыве.