Беларусы сабралі 50 тысяч еўра на аперацыю Віталю Тысеву, збітаму лукашыстамі ў 2020 годзе

Чарговы прыклад цудоўнай салідарнасці беларусаў: больш за 1500 нашых суайчыннікаў адгукнуліся на заклік дапамагчы былому жыхару Стоўбцаў, а цяпер палітычнаму эмігранту Віталю Тысеву грашыма на аперацыю. У выніку сродкі амаль сабраныя за кароткі тэрмін, паведамляе «Вясна».

Фота zrzutka.pl

Фота zrzutka.pl

У жніўні 2020 года Віталя Тысева затрымалі падчас пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі і жорстка збілі. У яго пачаў развівацца вельмі агрэсіўны анкілазіруючы спандыліт (аутаімунная хвароба злучальнай тканкі), зрасліся ўсе суставы хрыбетніка і розныя іншыя суставы. У шпіталь ён не пайшоў, асцерагаючыся рэпрэсій з боку лукашэнкаўскіх службаў. Напярэдадні паўторнага затрымання ён паспеў з'ехаць у Польшчу.

Праведзеная ў Польшчы поўная дыягностыка хрыбетніка паказала, што Віталю тэрмінова патрэбная аперацыя па рэканструкцыі ўсяго пазваночніка. Пасля азнаямлення з медыцынскай дакументацыяй клініка Караліна ў Варшаве падрыхтавала каштарыс выдаткаў на аперацыю ў памеры 81 281,00 злотых плюс каля 30% звыш гэтай сумы трэба мець дадаткова на выпадак форс-мажорных абставін.

Гэтыя грошы (каля 20 тысяч еўра) беларусы сабралі хутка, але ў апошні момант польская клініка адмовілася рабіць аперацыю.

Неўзабаве была знойдзена нямецкая клініка, дактары якой запэўнілі, што дапамогуць Віталю Тысеву. Але аперацыя ў Германіі каштуе куды больш — 55 100 еўра.

Як паведаміў у фэйсбуку заснавальнік дабрачыннага фонду By_Help Аляксей Лявончык, агулам цяпер сабрана 50 300 еўра, застаецца зусім крыху.

Збор сродкаў для Віталя Тысева праводзіцца на інтэрнэт-пляцоўцы zrzutka.pl. Дапамагчы Віталю Тысеву, бо зашмат грошай на здароўе не бывае, можна па спасылцы. Таксама збор арганізаваны фондамі BYSOL і By_Help.

Зараз Віталь Тысеў мае пасведчанне аб інваліднасці сярэдняй цяжкасці, але час працуе супраць яго, бо хвароба хутка прагрэсуе. З дапамогай студэнта-медыка Крысціяна Шынкевіча атрымалася ўзяць пад кантроль аўтаімуналагічную запальную частку хваробы мужчыны, але змены, якія ўжо паўсталі, можна вылeчыць толькі хірургічна.

Цяпер Віталь пакутуе ад страты рухомасці ўсяго хрыбетніка і цяжкасці дыхання ў выніку здушэння спіннога мозгу ў шыйным аддзеле і націску на дыхальныя шляхі і стрававод. Без аперацыі гэта прывядзе да паралічу ўсіх неабходных для дыхання цягліц і смерці. Віталю цяжка есці, таму што хрыбетнік моцна сціскае гартань. Віталь мужна ўсё трывае, змагаецца за жыццё і не здаецца.