«Галоўны прынцып — не баяцца рабіць памылкі». Як беларусы ў эміграцыі вучаць мовы

Часта для таго, каб за мяжою знайсці працу, трэба валодаць мовай краіны, у якой плануеш жыць. Падзеі пасля 2020 года прымусілі многіх беларусаў карэнным чынам мяняць планы на жыццё — і людзі розных узростаў і прафесій былі вымушаны пачынаць з нуля. У тым ліку і вывучэнне мовы.

Вільня. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Вільня. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Я пачала вучыць нямецкую мову ў машыне, калі мы ехалі ў Швейцарыю: спампавала праграму для вывучэння мовы, глядзела відэаўрокі», — расказвае «Deutsche Welle» Іна Зайцава, вядомая ў Беларусі як «бчб-нявеста», якая выходзіла на пратэсты ў бел-чырвона-белай вясельнай сукенцы. Напрыканцы 2020 года жанчыне з сям'ёй давялося эміграваць ва Украіну. Улетку 2022 года ні яна, ні яе муж не змаглі працягнуць там ВНЖ і вырашылі пераехаць у Швейцарыю. «Я разумела, што няма часу разгойдвацца, што я павінна паклапаціцца пра сваю сям'ю, пра дзяцей, што мне патрэбна праца», — расказвае беларуска.

Іна Зайцава: Чытаю ўжо чацвёртую кнігу па-нямецку

Паводле слоў Іны, у Швейцарыі можна знайсці працу і без ведання мовы, але нізкааплатную. Таму спачатку Іна займалася самастойна па дзве-тры гадзіны на дзень, пазней — дыстанцыйна з рэпетытарам. «Мы не сталі чакаць бясплатных курсаў, нанялі сваю сяброўку для індывідуальных урокаў. Я і мой муж займаліся па паўтары гадзіны чатыры разы на тыдзень», — расказвае жанчына. Акрамя гэтага, паводле яе слоў, «быў і велізарны кавалак самастойнай працы». «Мы падзялілі дзень напалам: паўдня муж сядзіць з дзецьмі, паўдня — я. Мы не працавалі, нам далі дапамогу і жыллё. Я прачыналася і паўдня займалася толькі мовай, нічым іншым», — згадвае Іна.


Глядзіце таксама

За першыя паўгода беларуска пацвердзіла веданне нямецкай на ўзроўні А2 (элементарны. — Заўв. рэд.). Потым пайшла на прафесійныя курсы па прыборцы. У Швейцарыі ёсць дыпломы для любога ўзроўню працы. «З самых простых мне больш за ўсё падабаецца прыборка, — тлумачыць суразмоўца. — На курсах узровень мовы пачаў расці, таму што там не было рускамоўных».

Выкладчыкі дзівіліся таму, што за сем месяцаў Іна змагла вывучыць мову. Цяпер яна працуе як індывідуальны прадпрымальнік, занятая тры дні на тыдзень, каб заставаўся час для вывучэння мовы.

«Мой узровень нямецкай вырас да сярэдняга: я гляджу фільмы з субцітрамі, чытаю ўжо чацвёртую кнігу па-нямецку, па-ранейшаму адпрацоўваю граматыку», — расказвае Іна. Яна плануе за год дасягнуць узроўню ведання мовы вышэйшага за сярэдні і паступіць у Швейцарыі ў магістратуру па спецыяльнасці «Псіхалогія». «Як толькі хочацца ленавацца, згадваю, што магістратуру давядзецца адкласці яшчэ на год, таму ўвесь вольны час я аддаю вывучэнню мовы. Гэта «зубрэнне» ў лепшым сэнсе гэтага слова, як хацеў мой тата, калі мне было гадоў 14», — жартуе «бчб-нявеста».

Навуковец Алег Дарашэвіч вывучыў літоўскую мову ў 68 гадоў

Вучоны Алег Дарашэвіч у Беларусі кіраваў праектам па ранняй дыягностыцы хранічных захворванняў. У 2020 годзе ён збіраў подпісы за вылучэнне Валерыя Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты, за ўдзел у пратэстах атрымаў 14 сутак адміністрацыйнага арышту і штраф і ў 68 гадоў вымушаны быў з'ехаць з Беларусі. Цяпер ён жыве ў Літве, уцягнуўся ў «грамадскую працу з беларускай дыяспарай», кансультуе беларусаў па пытаннях здароўя. А яшчэ за некалькі месяцаў вывучыў літоўскую. Дарашэвіч прызнаецца, што планаваў пачаць у Літве медыцынскую практыку, але атрымаць ліцэнзію, на жаль, не змог — праз адсутнасць шэрагу дакументаў, якія пры затрыманні ў 2020-м забралі беларускія сілавікі. Аднак дзякуючы мове, паводле яго слоў, «сацыялізацыя ў літоўскім грамадстве прайшла паспяхова».


Глядзіце таксама

У вывучэнні літоўскай мовы беларускаму навукоўцу дапамагла методыка балгарскага прафесара Лазанава, пра якую ён даведаўся яшчэ ў юнацтве. Сутнасць метаду — глыбокае апусканне ў моўнае асяроддзе. Таму пасля пераезду ў Літву беларус перш за ўсё запісаўся ў бібліятэку, праводзіў там па шэсць гадзін: слухаў выступленні мясцовых палітыкаў, якія захоўваюцца ў фондах бібліятэкі, перакладаў іх на рускую, склаў па іх для сябе навучальны дапаможнік. Алег прызнаецца, што ўжо праз месяц пачаў разумець мову. «Самы цяжкі момант — практыка. Каб пачаць гаварыць, трэба спрабаваць. Я стаў размаўляць, хадзіць на нейкія мерапрыемствы, навострываў мову. Галоўны прынцып — не баяцца рабіць памылкі», — упэўнены беларус.

IT-спецыяліст Андрэй: «Хацеў разумець літоўскую хаця б на пачатковым узроўні»

Андрэй (імя зменена) працуе ў сферы IT і жыве ў Літве з сакавіка 2022 года. Адразу пасля пераезду мужчына пайшоў на анлайн-курсы літоўскай мовы для замежнікаў. «Хацеў разумець мову хаця б на пачатковым узроўні, каб проста чытаць надпісы. На мой погляд, на самым пачатку важна вывучыць нейкія агульныя фразы, а таксама лічэбнікі — каб паразумецца ў краме або зразумець прагноз надвор'я па радыё», — расказвае Андрэй.

Беларус кажа, што наведваў курсы тры месяцы, потым кінуў, бо не было часу: «Трэба было падцягваць англійскую, якая патрэбна для працы». Пры гэтым Андрэй працягвае вучыць літоўскую «пасіўна»: чытае нешта ў інтэрнэце, стараецца выкарыстоўваць мову ў бытавых сітуацыях. «Спрабую, напрыклад, у краме нешта пытацца на літоўскай. Часам мне складана зразумець, што мне адказваюць, але, прынамсі, я практыкую, — адзначае Андрэй. — Калі дыялог доўгі, я прашу перайсці на англійскую або рускую».


Глядзіце таксама

Паводле назіранняў суразмоўцы, прыкладна палова яго калег, якія пераехалі ў Літву, сталі вучыць мову. Ён мяркуе, што многія беларусы не вучаць літоўскую, бо не ведаюць, як доўга яшчэ будуць заставацца ў гэтай краіне, да таго ж, «у Вільні амаль усе ведаюць альбо рускую, альбо англійскую», што «зніжае стымул для вывучэння літоўскай».

Лекарка Вольга: «Я стымулявала сябе на камунікацыю на польскай»

Лекарка Вольга (імя зменена) пераехала ў Польшчу два гады таму. Мову пачала вучыць на анлайн-курсах за некалькі месяцаў да эміграцыі. Пасля пераезду беларуска інтэнсіўна займалася з рэпетытарам і старалася пагрузіцца ў моўнае асяроддзе. «На тыдзень было чатыры ўрокі, і, безумоўна, пачалася жывая камунікацыя, — расказвае жанчына. — Напрыклад, перад паходамі да мясцовых лекараў ці ў нейкія ўстановы я пісала ў нататніку касцяк размовы. Так я стымулявала сябе на камунікацыю, таму што без яе выніку не будзе». Што тычыцца вывучэння медыцынскай лексікі, то беларусцы дапамагло чытанне прафесійнай літаратуры. Вольга кажа, што калі ў яе не было рэпетытара, то вучыла мову самастойна: глядзела фільмы, чытала, слухала аўдыякнігі.


Глядзіце таксама

«У Польшчы шмат бясплатных курсаў — напрыклад, пры бібліятэках, але гэта вельмі павольны тэмп вывучэння. Да таго ж, такі фармат мне не пасуе праз графік працы», — прызнаецца беларуска. Поспехаў у новай мове, пераканана Вольга, можна дамагчыся толькі пры комплексным падыходзе і працяглым вывучэнні, але пры гэтым важна і не перагружаць мозг. «Хай у мяне цяпер сярэдні ўзровень граматыкі, але мне важна, што я разумею людзей, а яны разумеюць мяне», — адзначае яна.