Беларускі палярнік у Літве — гісторыя эміграцыі і скарэння Антарктыкі

Масавая эміграцыя беларусаў праз пераслед унутры краіны паспрыяла таму, што цяпер у многіх галінах не хапае кваліфікаваных кадраў. З’язджаюць дактары, настаўнікі, IT-спецыялісты. Беларусь пакідаюць нават вучоныя. Гісторыя аднаго з іх — у матэрыяле "Настоящего времени".

Ілюстрацыйнае фота "НЧ"

Ілюстрацыйнае фота "НЧ"

За апошнія тры гады ў Літву, Латвію і Эстонію, паводле звестак мясцовых міграцыйных ведамстваў, прыбылі дзясяткі тысяч людзей з Беларусі. Паток беларусаў рэзка павялічыўся пасля пратэстаў 2020-га. Лідарам па колькасці бежанцаў з Беларусі сярод краін Балтыі сёння з'яўляецца Літва. Паводле ацэнак Дэпартамента міграцыі Літвы, цяпер тут знаходзяцца каля 40 тысяч грамадзян Беларусі. Абсалютная большасць пакінула радзіму з палітычных прычын. Большая частка беларусаў, якія прыехалі ў Літву, знайшлі працу. Некаторыя — у навуковай сферы.

Журналісты "Настоящего времени" пагаварылі з адным з іх — навукоўцам-палярнікам з Мінска.

Дзмітрый Лукашанец — беларускі біёлаг, вучоны, удзельнік палярных экспедыцый у Антарктыдзе і ў Арктыцы. Да 2020 года ён быў адным з кіраўнікоў былога Інстытута заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, але пасля пачатку пратэстаў і хвалі рэпрэсій, якая рушыла за імі, быў вымушаны пакінуць радзіму.

"Усё было добра нейкі час. 2018-2019 гады былі, скажам так, часам майго ўзыходжання, і ў той перыяд я заняўся даследаваннем Антарктыды. Так атрымалася, што я трапіў у беларускую антарктычную экспедыцыю і абраў такі шлях даследчыка-палярніка", — расказвае Дзмітрый Лукашанец.

Паводле яго слоў, пасля "беспрэцэдэнтнага ціску і гвалту" з боку ўлады працягваць займацца навукай у Беларусі стала немагчыма.

"Проста было прынята рашэнне з'язджаць. Вядома, акцэнт быў зроблены на блізкім замежжы. У прыярытэце былі Польшча і Літва. Я нават памятаю момант, калі я канкрэтна гэтым заняўся: гэта быў лістапад 2020 года. Калі, можа, вы памятаеце, было гучнае забойства Рамана Бандарэнкі ў Беларусі. Гэта быў такі важны паказчык. Было відавочна, што гэта гвалт не спыніцца. Нічога наша рэвалюцыя, на жаль, не адваявала", — працягвае Дзмітрый.

Мінчук Раман Бандарэнка, як мяркуецца, быў збіты да смерці сілавікамі. Гэтае забойства, кажа Лукашанец, стала для яго асабіста "апошняй кропляй і заахвоціла спешна з'ехаць".

Цяпер навуковец жыве ў Літве, у Клайпедзе. Там яму прапанавалі працу ў адным з навуковых інстытутаў Клайпедскага дзяржуніверсітэта.

"Два гады я ўжо жыву тут, — кажа ён. — Працую ў навуцы, у Інстытуце марскіх даследаванняў. У цэлым я працягнуў свой трэнд — вывучэнне палярных экасістэм. З тых часоў я ўжо чатыры разы пабываў у Арктыцы, тры разы на Шпіцбергене і адзін на раз у Грэнландыі. Гэта, вядома, досвед незабыўны — і як для чалавека наогул, і для даследчыка гэта таксама вельмі важна".

Дзмітрый не адзіны імігрант у Клайпедскім універсітэце. ВНУ прымае як беларусаў, якія пакінулі краіну пасля пратэстаў, так і бежанцаў з Украіны.

"Людзі часова інтэгруюцца, пакуль ідзе вайна. Прыемна, што яны знаходзяць для сябе магчымасці ў Літве, у Клайпедзе, увасабляць у жыццё тыя мэты, якія яны ставілі перад сабой раней. Разам з клайпедскімі навукоўцамі яны могуць займацца сваімі даследаваннямі і той дзейнасцю, якая для іх важная", – кажа рэктар Клайпедскага ўніверсітэта Артурас Разбадаўскас.

Ён адзначае, што Дзмітрый і яго клайпедскія калегі-палярнікі "робяць вельмі важную справу". Ледавікі на Шпіцбергене з'яўляюцца унікальным месцам для назірання за зменамі клімату і глабальнай экасістэмы.

Інстытут марскіх даследаванняў у Клайпедзе ўваходзіць у топ-200 лепшых акіянаграфічных вышэйшых школ свету, згодна з Шанхайскім рэйтынгам ВНУ. Сёння там працуюць каля 200 чалавек, у іх сучаснае абсталяванне. Больш за тое, у клайпедскіх навукоўцаў нават ёсць сваё ўласнае даследчае судна і падводныя робаты, якія дапамагаюць ім у экспедыцыях.

Дзмітрый Лукашанец адзначае: нягледзячы на тое, што Літва не ўваходзіць у пул "арктычных дзяржаў", у навуковай супольнасці краіны ў галіне палярных даследаванняў ёсць свае моцныя бакі. Напрыклад, праца ў зонах адступіўшых леднікоў. Гэта важна для вывучэння працэсаў глабальнага змянення клімату. Акрамя таго, калі параўноўваць узровень клайпедскай ВНУ з профільнымі інстытутамі ў Беларусі, кажа ён, апошнія "відавочна прайграюць літоўцам".

"Канешне, калі параўноўваць з месцам, адкуль я прыехаў, гэта неба і зямля. На карысць Клайпеды, натуральна. Пра гэта можна доўга гаварыць — у палоне якіх ілюзій знаходзяцца навукоўцы постсавецкіх краін, у краінах СНД. Ім здаецца, што ўсё ў іх добра, але насамрэч розніца каласальная", — працягвае Дзмітрый Лукашанец.

Пасля пратэстаў у Беларусі навуковец пераехаў у Літву разам з сям'ёй. Яго жонка — таксама вучоная — сёння працуе ў марскім музеі Клайпеды, а дзеці навучаюцца ў школе. У бліжэйшы час Дзмітрый зноў плануе адправіцца ў экспедыцыю і разлічвае на тое, што ў будучыні пры яго ўдзеле літоўскія навукоўцы адкрыюць для сябе Антарктыду.

"Гэта такая мара, напэўна, таму што Антарктыда не адпускае. Гэта немагчыма забыць. Арктыка — гэта вельмі прыгожа, так, але Антарктыка — гэта космас. Гэта зусім іншае", — кажа ён.