Падлеткі, якія разам з бацькамі з'ехалі з Беларусі: Мы таксама пакутуем

Мы шмат пішам і гаворым пра эміграцыю — але так, быццам гэта толькі «дарослыя гульні». А між тым, раптоўныя пераезды ўплываюць і на нашых дзяцей. Так, напрыклад, двое падлеткаў расказваюць пра свой досвед ад'езду з краіны ў падкасце.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларускія падлеткі Рома і Ева ў 16 гадоў перажылі эміграцыю, «якой не прасілі». Новая школа, новыя сябры, адзін заплечнік з сабой, трывога. Цяпер яны запісваюць падкаст, дзе збіраюць эмігранцкія гісторыі падлеткаў. «Медыязона» паразмаўляла з імі пра тое, як змянілася іх жыццё праз перамен у жыцці бацькоў і спытала, ці збіраюцца яны ў Беларусь, калі вырастуць.

Запіс падкаста займае ў Ромы з Евай некалькі гадзін, з якіх да слухача даходзіць толькі 15-20 хвілін. Пасля Ева мантуе запіс, прыбіраючы ўсё лішняе. Яшчэ некалькі гадзін сыходзіць на тое, каб загрузіць запіс на стрымінгавыя сэрвісы. «Google Podcasts» і «Spotify» дазваляюць зрабіць гэта бясплатна. У «Apple Podcasts» Ромы і Евы пакуль няма: платформе трэба плаціць грошы за размяшчэнне. А падлеткі нічога не зарабляюць на сваіх запісах — і не імкнуцца да гэтага.

«Я хачу, каб нас слухалі не толькі падлеткі. Бацькі, людзі ў якіх няма дзяцей. Важна ведаць, што адбываецца з іншымі. Так, у дарослых свае важныя праблемы: знайсці ў новай краіне працу і жыллё. Але і нам па-свойму трэба неяк будаваць тут новае жыццё. Я хачу, каб пра падлеткаў пачулі — нам таксама цяжка», — кажа Ева.

«Бабулі вырашылі не гаварыць, што з'язджаем»

Рома родам з Брэста. Цяпер ён жыве ў Польшчы, з Беларусі разам з мамай, айчымам і малодшым братам ён з'ехаў у студзені 2022 года. Бацькі Ромы ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе, а калі пратэсты сціхлі — раздавалі самвыдатаўскія газеты і расклейвалі налепкі. Маме некалькі разоў тэлефанавалі са Следчага камітэта — прасілі з'явіцца. Сям'я вырашыла з'ехаць.

З'ехалі, уладкаваліся ў Кіеве, потым, перад пачаткам поўнамаштабнай вайны перабраліся ў Львоў, а адтуль — у Польшчу.


Глядзіце таксама

Ева — з Мінска. Пасля пачатку вайны кампанія, у якой працавалі яе бацькі, паставіла ўмову: абавязковая рэлакацыя ўсіх супрацоўнікаў. Ева даведалася пра дату пераезду за 8 дзён.

Пазнаёміліся Ева з Ромай ужо ў Беластоку, там і пачалі працаваць над падкастам.

«Цяпер шмат гавораць пра дарослых — інтэрв'ю бяруць у дарослых, але мы пацярпелі ад пераездаў не менш, у нас хапае сваіх праблем», — тлумачыць Рома.

Яны з Евай вырашылі, што будуць збіраць у падкасце гісторыі падлеткаў-мігрантаў: тых, каму давялося пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед бацькоў, ці тых, хто проста з'ехаў з краіны на вучобу і па больш перспектыўную будучыню.

У першых эпізодах падкаста падлеткі расказваюць пра ўласны ад'езд з краіны.

У Ромы ён быў сумбурным: увечары сабралі рэчы і ноччу ўжо былі ў аўтобусе на Кіеў.

«Мы нават вырашылі спачатку не гаварыць, што з'язджаем, нашай бабулі, каб яе не хваляваць. Але яна прыйшла раней з працы і ўбачыла, як мы збіраем рэчы. Давялося прызнавацца», — расказвае Рома.

У новае жыццё кожны чалец сям'і ўзяў з сабой па заплечніку — так першапачаткова дамовіліся. Рома кажа: акрамя рэчаў першай неабходнасці ўзяў з сабой нататнік з фоткамі і запісамі некалькіх сяброў, на памяць.

«Яны нават не ведалі, што я з'ехаў. Мама сказала пакуль нікому не гаварыць, таму я напісаў ім пра тое, што з'ехаў і не ведаю, калі вярнуся, калі ўжо быў у Кіеве», — кажа ён.

Бацькі Евы думалі пра пераезд даўно. Сваю ролю ў прыняцці рашэння адыгралі і пратэсты і рэпрэсіі 2020 года. Ева згадвае іх так:

«Гэта змяніла маё стаўленне да жыцця. Мне было цяжка, мяне тады замкнулі дома, без Інтэрнэту. Летам, у канікулы, хацелася б пагуляць. А ты сядзіш дома і думаеш, што бацькоў могуць пасадзіць. А я што? Я застануся з сястрой? Ці мы можам з'ехаць у любы момант? А што наогул будзе заўтра?»

З Беларусі Ева з бацькамі з'язджала на машыне, таму ў яе была магчымасць узяць з сабой больш рэчаў. На памяць пра жыццё ў Мінску яна ўзяла з сабой гітару і укулеле — некалькі гадоў таму яна пачала займацца музыкай і не змагла выбраць, які з інструментаў ёй бліжэй.

«Пераезд — гэта рашэнне маіх бацькоў, якое ад мяне наогул не залежала, мяне паставілі перад фактам. ... Мне гаварылі пра тое, што гэта калі небудзь адбудзецца, але ў мяне была надзея, што я там адвучуся 11 класаў або да нейкай канчатковай кропкі майго дзіцячага ўзросту і потым пачну новае жыццё ў іншай краіне», — распавядае дзяўчына ў падкасце.


Глядзіце таксама

Пасля ад'езду з Беларусі Ева адразу апынулася ў Беластоку. Рома згадвае яшчэ пра жыццё ва Украіне — кажа, У Кіеве было выдатна. Падабалася жыць у вялікім, хуткім горадзе.

«Мы жылі ў доме ў Алены Жаркевіч, там было яшчэ некалькі дзяцей прыкладна майго ўзросту. Мы хутка знайшлі агульную мову, я таму там сабе сяброў нават і не шукаў», — кажа ён.

Напярэдадні вайны сям'я перабралася ў Львоў, а 24 лютага давялося спешна пакідаць і Украіну.

«Мы тады ў хостэле жылі. Мама мяне будзіць і кажа, на эмоцыях уся: "Прачынайся, гэты підарас на нас напаў". Я спачатку не паверыў», — згадвае хлопец.

«Нашы аднакласнікі нас не разумеюць». Адаптацыя

Сцэнары да выпускаў падкаста Рома з Евай пішуць «на каленцы», самы першы напісалі на ўроку фізкультуры ў каледжы. Сярод пытанняў для гасцей падкаста адно — пра адаптацыю ў новай краіне. Ім самім адаптацыя далася па-рознаму.

«Пакуль яшчэ вучобы тады яшчэ не было, я днямі спрабавала апрытомнець. Страшна было — усё ж трэба пачынаць з нуля тут. Мяне выцягвалі толькі мае сябры ў Беларусі, я ўвесь час была з імі на сувязі. Тэлефон адкладваю — і ў мяне льюцца слёзы»,  кажа Ева.

Рома расказвае, што новых сяброў знайшоў хутка, мае зносіны ў асноўным з беларусамі і ўкраінцамі. Палякаў сярод сяброў у падлеткаў няма.

«Нашы аднакласнікі — яны нас не разумеюць, яны не ведаюць, што цяпер адбываецца ў Беларусі, ва Украіне, іх гэта не вельмі хвалю»е, — лічыць Рома.

«Галоўнае адрозненне — стаўленне настаўнікаў да хатніх заданняў, да вучняў». Адукацыя

У сваіх выпусках падлеткі плануюць размаўляць з гасцямі падкаста пра планы на будучыню і пра адукацыю ў іншых краінах. Самі Рома з Евай атрымліваюць медыцынскую адукацыю ў Беластоку, Рома дакладна вырашыў, што хоча стаць доктарам, Ева — пакуль не. Падлеткі кажуць, што да новай мовы адаптаваліся хутка, і яны разумеюць усё, пра што ідзе гаворка на ўроках. Акрамя профільных прадметаў.

«Цяпер неяк усё быццам у парадку, добры сярэдні бал. Але хімія і біялогія па-польску — гэта нейкая эльфійская мова», — кажа Рома.

«У Беларусі было цяжка, у параўнанні з Польшчай. Але галоўнае адрозненне — стаўленне настаўнікаў да хатніх заданняў, да вучняў у прынцыпе. У іх няма такога, што ты павінен нешта ведаць, вучыцца. Гэта табе патрэбна. Калі ты чагосьці не ведаеш, гэта твае праблемы, табе з гэтым жыць», — дзеліцца ў падкасце ўражаннямі Ева.

«Лепш за Брэст няма месца». Але будучыні там няма

Падлеткі не бачаць сваю будучыню ў Беларусі. Абодва вераць, што ў краіне адбудуцца аднойчы дэмакратычныя перамены, але кажуць, што часу чакаць у іх няма.


Глядзіце таксама

«Я веру, што ўлада ў Беларусі зменіцца, адбудуцца перамены, але на гэта сыдзе шмат-шмат гадоў. А тут, у Польшчы, эканоміка больш стабільная і краіна больш дэмакратычная. Тут цяпер больш магчымасцей — атрымаць добрую адукацыю, атрымліваць потым годны заробак»,— кажа Рома.

Дадому, у родныя гарады, Рома з Евай хочуць прыязджаць толькі ў госці. Абодва вельмі цёпла адклікаюцца пра іх.

«Брэст я, вядома, вельмі люблю, ён не асабліва ціхі, не асабліва шумны. Там добра і летам, і зімой. Лепш за Брэст няма месца», — кажа Рома. Паводле яго слоў, перш за ўсё, калі атрымаецца прыехаць, ён наведае сваіх сяброў, па якіх вельмі сумуе.