Асобная думка. Але ж мы ёсць! (с) «Стылягі»
Гэта першае, што мне ўзгадваецца, калі я чытаю розныя разважанні пра так званыя «субкультуры». Зусім не істотна, як яны самі сябе называюць. Важна, што яны існуюць, на іх звяртаюць увагу. Часам зусім не тыя, хто павінен, і зусім не так, як мае быць.
Мне вельмі не падабаецца само вызначэнне «субкультура». Ёсць у гэтым слове нешта зневажальнае. Маўляў, Пушкін ці Міцкевіч — гэта культура, а вось гэтае ваша — не. З маленства чалавек гадуецца ў нейкіх межах: гэта прыгожа, а вось гэта брыдота і нельга з такім нават ніякіх дачыненняў мець. Але ж калі трошкі паразважаць, пры такім падыходзе мы ніколі не ўбачылі б творы Пікаса і Шагала, Суціна і Малевіча. Цяпер гэта культура, а яшчэ не так даўно было, як зараз кажуць, той жа «субкультурай». Гэтага не разумелі... Неразуменне — асноўная падстава для забароны ці досыць асцярожнага стаўлення. Толькі адзінкі спрабавалі данесці каштоўнасць іншага погляду. Прайшлі гады... Адзінкі абраслі мільёнамі, і зараз «Евай» захапляюцца ва ўсім свеце.
Можна, канешне, казаць пра розныя «вокны Авертона» ў мастацтве, пра тое, што колішнія падлеткі нясуць сваё і гэта ўплывае. Але ж мы зараз пра «субкультуры» і моладзевую дурніцу. Калісьці джаз быў таксама «субкультурай», рок-н-рол быў той жа «субкультурай», а цяпер рэп ужо частка культуры (божухна, які я стары!). Час бяжыць, але стаўленне да чагосьці новага не змяняецца.
Культурныя з’явы не павінны абгрунтоўваць сваё існаванне. Яны альбо ёсць, альбо іх няма. І калі яны ёсць, то, бясспрэчна, яны камусьці падабаюцца. Інакш іх бы наўпрост не было. Гэта як багі — калі ў нейкага бога ніхто не верыць, то яго не існуе ўвогуле. Калісьці так з’явіліся хэві-метал і панк-рок, кубізм і авангард, сюр і арт-хаус. Так, яны калісьці былі таксама «субкультурай». Калісьці «Бітлз» былі толькі клубным ліверпульскім гуртом, але ж працяг мы ведаем. У іх вераць, іх чуюць і яны жывыя дагэтуль.
Можна прыгадаць яшчэ шмат прыкладаў, але ж мы зараз не пра тое. Мы пра тых, хто робіць «субкультуру» культурай. Ніколі ніхто не быў задаволены моладдзю — гэта аксіёма. «Вось мы ў іх часы...» — працяг можа быць раманам на 20тамоў ці серыялам на 10 сезонаў дакладна. Гэта не тычыцца людзей, якія яшчэ не страцілі памяць і пад кілішак чагосьці смачнага ўзгадваюць свае прыгоды ў юнацтве. Такіх цудоўных людзей, насамрэч, шмат, і гэта дае вельмі вялікую надзею, што ў нас усё будзе добра. Яны яшчэ памятаюць як самі былі юнакамі і вечарамі ганялі «ва ўсю моц» па «Панікоўцы» ці «Художніках», калбасіліся на рэйвах, а ўдзень зараблялі на ўсё гэтае хто як можа. Так, нічога нікому не падала з неба. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Напрыканцы 90-х мінулага стагоддзя было шмат «субкультур». Панкі, металісты, скейтары, скіны (зусім мала), байкеры-скамейкеры, сапраўдныя байкеры і шмат каго яшчэ. Але ўсе яны досыць нармалёва ўжываліся. Ты не такі, як усе? Завітвай! На тусоўцы было шмат «гурткоў па інтарэсах» — цікавіліся музыкай, матацыкламі, камп'ютарамі (ага, і такое было!). Не было толькі аднаго — агрэсіі! З'яўляліся, канешне, розныя персанажы, але іх вельмі хутка «выкідвалі»: з імі ніхто не жадаў тусіць. Рознае здаралася, але гэта былі сапраўдныя тусоўкі людзей, якія цікавяцца і жывуць рознымі «субкультурамі». Гэта было шчыра і сапраўдна.
Пытанне было: а як туды трапіць, каб не пабілі і не пагналі?.. Ды прыходзь, бяры піва і размаўляй з людзьмі. Вось і ўвесь пропуск! Напрыканцы 90-х сустракалі «па адзёжцы», было такое, — у мяне 90 заклёпак у джуце было. Сам рабіў. А потым ужо пайшло. Зараз тое самае — ну а як яшчэ падлеткам пазнаць адно аднаго? Нейкія фішачкі ў адзенні, колер валасоў ці іх даўжыня. Ды шмат чаго. Яны самі выдатна справяцца. Дрэс-код — гэта своеасаблівая сістэма «свой-чужы». Зусім не трэба ў гэтае лезці — мая вам парада. Вы не зразумееце, бо там такі бэкграўнд, што «мацімаядарагая».
Я не дарма прыгадаў на пачатку «Стыляг» Тадароўскага. Калі ваша дзіцё неяк адмыслова апранаецца ці хоча зрабіць нейкую незвычайную стрыжку... Радуйцеся! Ён (яна) не хоча быць шэрай масай. У яго (яе) ёсць свой светапогляд. І гэта ўжо не дзіцё. Гэта амаль дарослы Чалавек, з якім трэба па-даросламу паразмаўляць.
Заўсёды будуць людзі, якія будуць ісці і існаваць «супраць». І заўсёды да іх будуць далучацца такія ж.
Паслухайце музыку, якую слухаюць вашы дзеці. Паглядзіце разам TikTok. Паспрачайцеся, пакажыце сваё штосьці. А потым проста пафарбуйце валасы ў аднолькавы колер! Зганяйце разам на канцэрт, пашпацыруйце, паразмаўляйце. І ніколі не кажыце: «Я табе гэта забараняю!» Зрабіце разам «субкультуру» часткай Культуры.
P.S. Неяк мая маці (70+) сказала: «Слухай, а "AC/DC" ж неблагая такая музыка!»