Расія страціла магчымасць паўнавартасна фінансаваць вайну, і ўключае друкаванне грошай

Эканоміка Расіі не вытрымлівае цяжару вайны: Цэнтрабанк РФ пачаў схаваны друк грошай, якія ўкідваюцца ў эканоміку праз уяўнае набыццё аблігацый. Але Пуцін не збіраецца заканчваць вайну. І таму і ЗША, і Еўропа думаюць пра тое, як змусіць кіраўніка РФ да міру. Ідуць 1617-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

552038951_1147543234225420_4823411548184254229_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 272 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 ліпеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмаў расіян у раёнах Васільеўкі, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі, Маладзецкага, Чарнігаўкі, Новааляксандраўкі і ў бок Тарэцкага, Новапаўлаўкі, Кучарава Яру і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 31 атаку ў раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Русінага Яру і ў бок Сцяпанаўкі.

На Гуляйпольскім і Паўднёва-Слабажанскім кірунках расійцы здзейснілі па 20 атак на кожным.

На Славянскім кірунку войскі РФ штурмавалі 19 разоў у раёнах Крывой Лукаі, Закітнага, Рэзнікоўкі і ў бок Рай-Аляксандраўкі і Піскуноўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне 13 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ каля Дробышава, Лімана, Азёрнага, Ставак і ў раёнах Навасёлаўкі, Новаміхайлаўкі і Грэкаўкі.

* * *

Расійскія войскі працягваюць ціск на Канстанцінаўку, робячы пастаянныя спробы інфільтрацыі. Працягваюцца спробы замацавацца ў самім горадзе, каб засяродзіць пяхоту для нарошчвання перавагі і кантролю над мясцовасцю, паведамляе маніторынгавы аналітычны праект DeepState.

«Адной з асноўных задач застаецца спроба ўзяць пад кантроль частку горада паміж населенымі пунктамі Іллінаўка — Новадзмітроўка. Калі расійцам удасца акупаваць апошні, пад пагрозай акружэння акажацца групоўка, што ўтрымлівае абарону ў горадзе Часаў Яр. Цяпер лагістыка туды ўжо ўскладнена, праціўнік мае перавагу ў паветры, забяспечаную вялікай колькасцю дронаў», — пішуць аналітыкі.

Расіяне паралельна прымяняюць артылерыю і КАБы для знішчэння горада. Пакутуе таксама і ўся прылеглы агламерацыя, у прыватнасці, населеныя пункты Аляксеева-Дружкоўка і Дружкоўка паступова ператвараюцца ў руіны з-за пастаянных абстрэлаў. Знаходзіцца там зараз надзвычай небяспечна.

Славянск і Краматорск раўнаюць з зямлёй, пастаянна прымяняючы КАБы, рэактыўную артылерыю. Славянска-Краматорская агламерацыя паступова ператвараецца ў ізаляванае месца, куды неўзабаве можна будзе ехаць толькі ў выпадку крайняй неабходнасці для вядзення баявых дзеянняў, гаворыцца ў паведамленні.

* * *

У ноч на 29 ліпеня расійскія войскі здзейснілі чарговую атаку па Украіне, прымяніўшы 80 ударных беспілотнікаў розных тыпаў. 65 беспілотнікаў было нейтралізавана, паведамілі Паветраныя сілы УСУ. У паведамленні падкрэслілі, што атака працягваецца, а ў паветранай прасторы Украіны застаюцца расійскія БпЛА.

У расійскай Разані раніцай 29 ліпеня адбылася атака беспілотнікаў. У сацсетках пішуць аб пажары на складзе Wildberries і ўзгаранні на нафтаперапрацоўчым заводзе.

* * * 

758929752_1518406846728768_4260301378578754496_n.jfif

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social напісаў, што яго сустрэча з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім прайшла вельмі добра. «Вялікі гонар сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Зяленскім. Было абмеркавана шмат пытанняў. Сустрэча прайшла вельмі добра», — напісаў Трамп, не прыводзячы іншых дэталяў.

* * *

У Сенаце ЗША адбылося першае працэдурнае галасаванне па законапраекце аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі і Ірана, адным з аўтараў якога быў нябожчык сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм, паведамляе Суспільне.

Гэта галасаванне адкрыла дэбаты і разгляд пісьмовых паправак да законапраекта. Пасля іх заканчэння будзе фінальнае галасаванне за прыняцце закона, далей яго разгледзіць Палата прадстаўнікоў, а затым павінен падпісаць прэзідэнт ЗША.

Законапраект, які назвалі ў гонар Ліндсі Грэма, прадугледжвае санкцыі супраць расійскіх высокапастаўленых асоб, алігархаў і членаў іх сем'яў, банкаў, фінансавых устаноў, замежных асоб і кампаній, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны, а таксама судоў «ценевага флоту». Дакумент надае прэзідэнту ЗША права ўводзіць мэтавыя імпартныя мыты супраць дзяржаў, якія закупляюць значныя аб'ёмы расійскай нафты і газу або дапамагаюць абыходзіць энергетычныя санкцыі.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Fox News заявіў, што Украіна, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і еўрапейскія саюзнікі імкнуцца да як мага больш хуткага заканчэння вайны, аднак расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не дэманструе гатоўнасці да міру.

«Мы хочам спыніць гэтую вайну. Прэзідэнт Трамп хоча спыніць гэтую вайну, і еўрапейцы хочуць яе спыніць. Пуцін — не. Мы штодня просім спыніць вайну, дамовіцца пра спыненне агню і даць магчымасць дыпламатам весці перамовы. Але Пуцін гэтага не хоча. Вось у чым праблема», — падкрэсліў Зяленскі. Ён адзначыў, што менавіта таму Украіна павінна заставацца моцнай і працягваць супраціўляцца расійскай агрэсіі.

Прэзідэнт Украіны дадаў, што Украіна разлічвае на ўзмацненне санкцыйнага ціску супраць Расіі., і назваў важным законапраект, ініцыяваны Ліндсі Грэмам.

* * *

Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў, які ўдзельнічаў у сустрэчы ўкраінскай дэлегацыі з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і амерыканскімі прадстаўнікамі ў Белым доме, паведаміў, што Украіна і амерыканскія партнёры маюць «агульнае разуменне» неабходнасці як мага хутчэй завяршыць вайну на справядлівых умовах.

«Правялі змястоўную размову аб дыпламатычных і бяспекавых кроках, неабходных для набліжэння справядлівага міру. Разам з амерыканскімі партнёрамі маем яснае разуменне неабходнасці як мага больш хуткага і справядлівага заканчэння вайны», — напісаў кіраўнік Офіса прэзідэнта.

Па словах Буданава, бакі дамовіліся актывізаваць перамоўны працэс на ўсіх узроўнях.

* * *

Расія страціла магчымасць паўнавартасна фінансаваць вайну звыклымі эканамічнымі метадамі і паступова пераходзіць да схаванага друку грошай, паведамілі ў Службе знешняй разведкі Украіны.

Па даных СЗРУ, расійскі ўрад ужо не можа прыцягваць дастаткова сродкаў на адкрытым рынку, бо інвестары не спяшаюцца купляць дзяржаўныя даўгавыя паперы з-за высокіх ставак і рызык. Таму Мінфін РФ выпускае новыя аблігацыі, іх скупляюць дзяржбанкі, а Цэнтрабанк забяспечвае фінансавы рэсурс для гэтых аперацый.

«У выніку дзяржаўны доўг становіцца інструментам ўскоснай эмісіі. Бюджэт атрымлівае сродкі, але цаной залежнасці эканомікі ад друкавання рублёў і росту інфляцыйных рызык», — патлумачылі ў разведцы.

Гаворка, у прыватнасці, ідзе пра два новыя выпускі расійскіх аблігацый на 6,4 млрд долараў з пагашэннем у 2037 годзе і яшчэ на 12,8 млрд долараў з пагашэннем у 2042 годзе.

Па стане на пачатак ліпеня расійскія банкі назапасілі дзяржаўных аблігацый на 248,1 млрд долараў — амаль 9% усіх актываў банкаўскай сістэмы. З пачатку года гэты аб'ём вырас на 6,5 млрд долараў.

Па ацэнцы ўкраінскай разведкі, такая мадэль толькі ўзмацняе залежнасць расійскай эканомікі ад эмісіі грошай і стварае дадатковыя рызыкі для інфляцыі і фінансавай стабільнасці РФ.