«Польшча — адзіная краіна, дзе беларусы могуць лёгка легалізаваць сваё знаходжанне»

Праз рэпрэсіі многія тысячы беларусаў вымушаныя былі шукаць прытулку ў іншых краінах. Асноўны «ўдар» беларускай эміграцыі прыйшоўся на Польшчу — менавіта там зараз жывуць і працуюць беларускія айцішнікі, дактары, творцы. «Reuters» напісала пра тое, як Варшава становіцца культурным цэнтрам Усходняй Еўропы.

Палац культуры і навукі ў Варшаве, падсвечаны ў колеры беларускага нацыянальнага сцяга, жнівень 2020. Фота: the-warsaw.com

Палац культуры і навукі ў Варшаве, падсвечаны ў колеры беларускага нацыянальнага сцяга, жнівень 2020. Фота: the-warsaw.com

Польская сталіца паступова ператвараецца ў буйны цэнтр творчых людзей, асабліва пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Украінка Юлія Крывіч уваходзіць у супольнасць мастакоў з усяго былога Савецкага Саюза, якая з'яўляецца часткай творчага жыцця Варшавы.

Яна пражыла ў Польшчы больш за дзесяць гадоў і цяпер арганізуе выставы, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы ў Варшаўскім музеі сучаснага мастацтва з мэтай супрацьстаяць калектыўнай траўме расійскага каланіялізму.

«Мы прыйшлі сюды (у музей) на трэці дзень ўварвання і засталіся. Нам падабаецца называць гэта акупацыяй Музея сучаснага мастацтва, і дырэктар задаволены такой акупацыяй, — жартуе дзяўчына. — Мы прыехалі сюды, каб зрабіць банеры для акцыі пратэсту ля расійскай амбасады, і засталіся».


Глядзіце таксама

Яшчэ да таго, як расійскія войскі ўварваліся ва Украіну, Польшча прымала тысячы мігрантаў, уключаючы людзей, якія ўцякалі ад інспіраванага Масквой ваеннага канфлікту на ўсходзе Украіны, а таксама ад рэпрэсій у Беларусі і дзяржавах Цэнтральнай Азіі.

Польшча, якая мяжуе з Беларуссю і Украінай, калісьці была часткай Расійскай імперыі, а затым на працягу дзесяцігоддзяў была часткай савецкага блоку, а таму, на думку Крывіч, з'яўляецца ідэальным месцам для мастакоў, якія даследуюць тэму «дэкаланізацыі Расіі», піша агенцтва «Reuters».

«Многія з маіх сяброў з Кыргызстана, Украіны і Беларусі адчуваюць сябе тут як дома, таксама ментальна, культурна і ідэалагічна... У нас агульнае мінулае», — кажа культурная дзяячка.

Тэатр

Варшава стала таксама ўрадлівай глебай для драматургіі.

Ва ўнутраным дворыку Варшаўскага новага тэатра Марына Дашук чакае на выступ сваёй падапечнай Паліны Дабравольскай, 27-гадовай беларускай рэжысёркі і актрысы, якая заканчвае рэзідэнцыю для беларускіх артыстаў, што стартавала ў 2021 годзе.

44-гадовая Дашук працуе тэатральным прадзюсарам у Польшчы з 2013 года, але толькі пасля падаўлення антыўрадавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе яна засяродзілася на працы з калегамі — беларускімі артыстамі.

«Калі пачалася рэвалюцыя ў Беларусі, мастакі пачалі ўцякаць... Затым Іван Вырыпаеў (драматург і рэжысёр рускага паходжання) прапанаваў паставіць тэатральную п'есу з удзелам беларускіх акцёраў, і так пачалося наша маштабнае супрацоўніцтва з Новым тэатрам», — расказвае Дашук.

Назва п'есы «1,8 м» адсылае да прасторы, якая ёсць у вязняў у перапоўненых беларускіх турмах. Спектакль рэжысёра Вырыпаева заснаваны на судовых прамовах і лістах палітвязняў.


Глядзіце таксама

Новы тэатр не толькі даў акцёрам-бежанцам магчымасць выступаць, але і дапамог ім з пражываннем і візамі. Следам за ім гэтую практыку падхапілі і іншыя польскія ўстановы.

«Польшча — адзіная краіна, дзе беларусы могуць лёгка легалізаваць сваё знаходжанне... Усе незалежныя мастацкія ініцыятывы, якія раней былі ў Мінску, цяпер знаходзяцца ў Варшаве», — кажа Дашук.

49-гадовы Вырыпаеў, чые п'есы былі пастаўленыя больш чым у 250 тэатрах па ўсім свеце, таксама запусціў новы праект у Варшаве — «Teal House», у якім працуюць украінскія і беларускія ўцекачы. Ён прапануе розныя мерапрыемствы: ад драматычных і музычных паказаў да ёгі і лячэння траўм.


Глядзіце таксама

У траўні Маскоўскі раённы суд завочна арыштаваў Вырыпаева за распаўсюд «фэйкавых навін» пра расійскіх салдат.

«Цяпер неверагодна трагічныя абставіны, — сказаў Вырыпаеў, маючы на ўвазе вайну. — Але ў Польшчы ёсць шанц стаць сапраўдным лідарам Усходняй Еўропы... Гэта шанц, які нельга страціць».