Гісторыя Беларусі і магчымасці для незалежнасці

Для любога заняволенага народа, які імкнецца да свабоды і незалежнасці, існуюць гістарычныя вокны, калі, здавалася б, немагчымая мара аб сваёй дзяржаўнасці можа стаць дасяжнай.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Развіццё сітуацыі вакол Беларусі пасля выбараў 2020 года выклікае шмат паралеляў з больш раннімі гістарычнымі падзеямі. Прычым гэтыя паралелі маюць як унутраны, так і знешні характар. Гэты тэкст, апублікаваны на delfi.lt, з'яўляецца своеасаблівай гістарычнай рэтраспектывай, прысвечанай паралелі паміж сённяшняй сітуацыяй і падзеямі крыху больш чым стогадовай даўніны для Літвы і Беларусі.

Крыху гісторыі

Мала хто, бадай, акрамя прафесійных гісторыкаў ведае, што ў першай Літоўскай Рэспубліцы некаторы час існавала Міністэрства беларускіх спраў. Першым яго кіраўніком быў Язэп Варонка (Іосіф Варонка, 1891-1952). Ён быў шматграннай і цалкам неадназначнай фігурай, асабліва пасля Другой сусветнай вайны. Розныя перыяды жыцця гэтага чалавека цалкам падрабязна апісаны гісторыкамі. Таму наўрад ці неабходна падрабязна апісваць перыпетыі яго біяграфіі, варта згадаць толькі некаторыя яе вехі.


Глядзіце таксама

Язэп Варонка нарадзіўся ў Кузніцы Сакольскага павета. Цяпер гэтая вёска знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, недалёка ад мяжы з Беларуссю. Яго маладосць была звязана з Санкт-Пецярбургам, дзе ён некаторы час быў вольным слухачом на юрыдычным факультэце мясцовага універсітэта. У 1923 годзе Варонка перабраўся ў ЗША. Аднак найбольш насычаны палітычнымі падзеямі перыяд яго жыцця прыпадае, бадай, на 1917-1923 гады, і ён звязаны з Беларуссю і Літвой.

Варонка быў адной з ключавых фігур у працэсе стварэння беларускай незалежнай дзяржаўнасці на аскепках Расійскай імперыі. Ён першым кіраўніком урада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і першым міністрам замежных спраў. Незалежнасць Беларусі ў межах беларускай этнаграфічнай тэрыторыі была абвешчаная 25 сакавіка 1918 года з дапамогай Трэцяй Устаўной граматай Рады БНР. Для беларусаў гэтая дата вядомая як «Дзень Волі». Шмат гадоў ён шырока адзначаецца беларусамі па ўсім свеце. Аднак у самой Беларусі гэты дзень дагэтуль не мае аніякага афіцыйнага статусу. Нягледзячы на падтрымку насельніцтва, лёс беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі быў вельмі нядоўгім і завяршыўся вымушаным выгнаннем урада БНР.


Язэп Варонка. Фота: wikipedia.org

Язэп Варонка. Фота: wikipedia.org

Для любога заняволенага народа, які імкнецца да свабоды і незалежнасці, існуюць гістарычныя вокны, калі, здавалася б, немагчымая мара аб сваёй дзяржаўнасці можа стаць дасяжнай. Першая сусветная вайна павярнулася не толькі ліквідацыяй Расійскай імперыі, але і дала шматлікім паняволеным ёю народам шанец на атрыманне або аднаўленне незалежнасці. Сярод гэтых народаў былі літоўцы і беларусы.


Глядзіце таксама

Літоўцы, нягледзячы на цяжкасці і тэрытарыяльныя спрэчкі, змаглі паспяхова завяршыць гэты працэс і стварыць незалежную дзяржаву, хай нават і з «часовай сталіцай» у Каўнасе. Беларусам гэта не ўдалося. Існуюць розныя спробы растлумачыць тое, чаму так выйшла. Часцяком яны стэрэатыпныя і з'яўляюцца паўторам устойлівых гістарычных наратываў пра нібыта слабую беларускую ідэнтычнасць і запозненае ў параўнанні з суседзямі развіццё беларускага нацыянальнага руху. Аднак, ключавой тут здаецца менавіта тая дыспазіцыя сіл, якая мела месца ў Беларусі на момант адкрыцця гэтага гістарычнага акна. Як пісаў у адным са сваіх артыкулаў Віктар Сукяніцкі (1901-1983), польска-амерыканскі гісторык права і ўраджэнец Каўнаса, падчас Першай сусветнай вайны значная частка насельніцтва сучаснай Беларусі была эвакуявана ў цэнтральную Расію, і гэтае насельніцтва было фактычна заменена прызванымі з усёй імперыі салдатамі, адпраўленымі на перадавую ў Беларусь. Пры гэтым, колькасць прызваных перавышала колькасць эвакуяваных на 1,5 мільёна чалавек.

Менавіта гэтая разнамасная і ўзброеная публіка стала асновай улады бальшавікоў у Беларусі. Гаворачы сённяшнім тэрмінамі, тагачасная Беларусь уяўляла сабой такую раннюю версію «ЛДНР». Гісторыя не трывае ўмоўнага ладу. Аднак можна меркаваць, што ў больш спрыяльных геапалітычных умовах беларуская нацыянальная дзяржаўнасць магла б тады стаць рэальнасцю. Рада БНР існуе дагэтуль, з'яўляючыся самым старым у свеце ўрадам у выгнанні. У тыя далёкія гады Літва стала прытулкам для многіх актыўных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. Але тут важна адзначыць шэраг нюансаў. Па-першае, БНР разглядала Вільню і прылеглыя да яе раёны як частку сваёй тэрыторыі. Па-другое, гэтае супрацоўніцтва шмат у чым было абумоўлена міжнароднай сітуацыяй, калі Літва сутыкнулася з пагрозай страты часткі сваіх тэрыторый, уключаючы Вільню, а прадстаўнікі беларускага руху спадзяваліся захаваць кантроль хоць над нейкай часткай этнічных беларускіх зямель, якія не трапілі пад фактычны кантроль бальшавікоў і адроджанай Польшчы. Па-трэцяе, перамовы ўвосень 1918 года Тарыба (Рада) вяла не з Радай БНР, а з Віленскай беларускай радай (ВБР), якая была своеасаблівым рэгіянальным каардынацыйным цэнтрам беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый. Пры гэтым, сябры ВБР былі кааптаваныя ў Раду БНР і бралі ўдзел у падрыхтоўцы Трэцяй Устаўной граматы. Аднак для Тарыбы ВБР была хутчэй прадстаўніком беларускай меншасці на тэрыторыі Літвы. Таму дадзены кантэкст у Літве разглядаўся як выключна ўнутраны, і пры стварэнні Міністэрства беларускіх спраў, а таксама падтрымцы іншых беларускіх ініцыятыў літоўскія ўлады кіраваліся ўласнымі інтарэсамі.

Літва дала прадстаўнікам беларускага нацыянальнага руху пляцоўку для сваёй дзейнасці па-за польскім і бальшавіцкім кантэкстамі. Наколькі эфектыўна яна была выкарыстаная — пытанне спрэчнае. Аднак здаецца, што беларусы маглі б дасягнуць большага. З аднаго боку, адносная «правінцыйнасць» у тыя часы Каўнаса абмяжоўвала такія магчымасці. У гэтым крыецца адзін з ключавых кантрастаў з цяперашняй Літвой, якая з'яўляецца чальцом NATO і ЕС і мае ў іх паўнапраўны голас, да якога прыслухоўваюцца іншыя чальцы гэтых арганізацый. З іншага боку, тагачасныя беларускія актывісты не змаглі пазбегнуць унутраных канфліктаў, абумоўленых рознымі знешнепалітычнымі арыенцірамі.

Сённяшнія рэаліі і крыху рэтраспектывы

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года сітуацыя ў Беларусі значна змянілася ў горшы бок і Літва ў чарговы раз стала прытулкам для вялікай беларускай эміграцыі. Пэўная паралель з падзеямі стогадовай даўніны бачыцца ў тым, што ў Літве знаходзіцца штаб Святланы Ціханоўскай. Зразумела, што параўноўваць з Ціханоўскую з прадстаўнікамі Рады БНР не зусім карэктна. Многія СМІ часцяком называюць яе абранай прэзідэнткай. Аднак такі тэрмін не зусім дарэчны, паколькі на сфальсіфікаваных выбарах апрыёры не можа быць пераможцы. Тым не менш даступныя звесткі пра фальсіфікацыі і масавыя пратэсты пасля выбараў даюць падставы казаць пра наяўнасць у Ціханоўскай публічнага мандата ад беларускага грамадства на каардынацыю дзеянняў па дэмакратызацыі ў Беларусі. Іншая справа, што ўсе дзеянні структур, звязаных з Ціханоўскай, маюць мінімальны ўплыў на рэальную сітуацыю ў Беларусі. У гэтым назіраецца пэўная і досыць трагічная паралель паміж сённяшняй сітуацыяй у Беларусі і падзеямі крыху больш чым стогадовай даўнасці.


Глядзіце таксама

Яшчэ адна трагічная паралель палягае ў тым, што і тады, і цяпер спробы беларускага грамадства пабудаваць дэмакратычную і рэальна незалежную дзяржаву сутыкаліся з невырашальнай праблемай фактару Масквы. Язэп Варонка ў сваёй кнізе «Беларускі рух з 1917 па 1920 год: кароткі агляд», выдадзенай у 1920 годзе ў Коўне, пісаў, што «беларусаў напаткаў лёс украінцаў: яны пакінулі сваю сталіцу пад напорам крывавай маскоўскай сілы». Можна з упэўненасцю сказаць, што няўдача пратэстаў пасля выбараў 2020 года ў Беларусі шмат у чым звязана з падтрымкай рэжыму Лукашэнкі Крамлём, а таксама адсутнасцю якіх-небудзь рэальных рычагоў у заходніх дэмакратый на тое, каб гарантаваць дэмакратычныя змены ў Беларусі. У самога беларускага грамадства наўрад ці былі дастатковыя рэсурсы, каб забяспечыць гэтыя змены без знешняй падтрымкі. Прычым тут гаворка не ідзе ні пра слабасць беларускага пратэсту, ні пра яго мірны характар.

Пасля 24 лютага 2022 года беларускае грамадства стала закладнікам імперскіх амбіцый Расіі, а тыя хто заклікае да калектыўнай адказнасці беларусаў за тыя ці іншыя дзеянні рэжыму Лукашэнкі ці да аднолькавых абмежаванняў для беларусаў і расійцаў (тым больш, у сучасным свеце, з яго тэхналогіямі і магчымасцямі атрымання інфармацыі), толькі гуляюць на руку расійскай прапагандзе.


Вялікая беларуская рада. Фота: wikipedia.org

Вялікая беларуская рада. Фота: wikipedia.org

Тут, зноў жа, да месца працытаваць згаданую вышэй кнігу Язэпа Варонкі. У ёй ён піша: «...бальшавіцка-правакатарскія [газеты]: маскоўская "Дзянніца" і петраградскі "Чырвоны Шлях", якія прадаліся "народнаму камісару" нацыянальных спраў нейкаму С.Джугашвілі, гаварылі. што мінскія беларусы працуюць па ўказцы немцаў (!) і палякаў (!)». Дадзены досыць эмацыйны пасаж толькі падкрэслівае значную ролю прапаганды як тады, так і цяпер. І тэзіс аб тым, што праціўнікі рэжыму Лукашэнкі дзейнічаюць па ўказцы і ў інтарэсах так званага «калектыўнага Захаду» і асобных яго краін і сёння жыве і буяе на прапагандысцкіх рэсурсах Крамля і рэжыму Лукашэнкі.

Магчыма, у параўнанні з многімі народамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, беларусы з'яўляюцца гэткімі шлімазламі, калі гаворка ідзе пра пабудову дэмакратычнай дзяржавы. Аднак здаецца, што дадзеная праблема крыецца не ў самім грамадстве, а ў неабходнасці эфектыўнай падтрымкі яго памкненняў з боку ўплывовых знешніх сіл, паколькі без дэмакратычнай і прадказальнай Беларусі немагчымая бяспека рэгіёна, які знаходзіцца паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Дадзеная праблема мае паралелі ў мінулым, а досвед Літвы як месца прыстанішча беларускіх палітычных актывістаў цяпер і ў мінулым можа адыграць у гэтым адну з ключавых роляў.