Беларусь, якая цалкам кантралюецца Расіяй, — гэта кепская гісторыя для ўсёй Еўропы

Аўстралійскі тэлеканал ABC паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі з размяшчэннем наймітаў ПВК «Вагнер» у Беларусі і з тым, якіх наступстваў варта чакаць для беларусаў, для Украіны і Захаду.

Лукашэнка гуляе ва ўсё больш небяспечную гульню. Ілюстрацыйнае фота: Midjourney

Лукашэнка гуляе ва ўсё больш небяспечную гульню. Ілюстрацыйнае фота: Midjourney

Аляксандр Лукашэнка выхваляўся сваёй роляй у перамовах па спыненні бунту Яўгена Прыгожына, пасля якіх з'явілася інфармацыя пра тое, што кіраўнік «Вагнера» будзе знаходзіцца ў Беларусі. На думку дыктатара, гэта добрая здзелка для яго дзяржавы — маўляў, армія магла б павучыцца ў расійскіх наймітаў. 

Але амаль праз два тыдні Прыгожын знік без вестак, і Лукашэнка заявіў журналістам, што сумна вядомы сваёй жорсткасцю кіраўнік ПВК — свабодны чалавек. «А што адбудзецца пазней, я не ведаю».

Паколькі месцазнаходжанне Прыгожына публічна не раскрываецца, існуе рызыка таго, што роля міратворца Лукашэнкі канчаткова аслабне і ў рэшце рэшт ён застанецца з баевікамі «Вагнера» ў Беларусі, але без свайго сябра ў якасці іх кіраўніка. 

Лідары апазіцыі ў выгнанні і прадстаўнікі партызанскіх рухаў заяўляюць, што «Вагнер» стварае «новую пагрозу незалежнасці Беларусі». Некаторыя аналітыкі таксама мяркуюць, што найміты могуць нават пагражаць самому Лукашэнку, таму што ён запрасіў у свой дом людзей, узброеных да зубоў.

Беларусы — «пешкі ў гульнях улады»

Аляксандр Азараў, кіраўнік аднаго з аб'яднанняў былых сілавікоў BYPOL, сказаў ABC, што не паверыў таму, што Лукашэнка першапачаткова расказаў пра здзелку па спыненні бунту.

«Я мяркую, што Лукашэнка сам не запрашаў Прыгожына ў Мінск, і гэта быў загад Пуціна, — сказаў ён. — Лукашэнка пусціў расійскіх вайскоўцаў на беларускую тэрыторыю і назіраў, як Пуцін пачаў вайну з Беларусі. Цяпер мы ведаем, што Лукашэнка захоўвае расійскую ядзерную зброю і адчыніў дзверы байцам "Вагнера", каб яны жылі сярод беларусаў». 

Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская напісала ў сваім твітары: «Беларусы заслугоўваюць свабоды, а не таго, каб быць пешкамі ў гульнях за ўладу паміж тыранамі». 


Глядзіце таксама

Падчас бунту Прыгожына BYPOL, «Кіберпартызаны» і іншыя ўдзельнікі супраціву ўважліва сачылі за сітуацыяй. Да іх даходзяць паведамленні пра тое, што Беларусь будуе некалькі лагераў для размяшчэння баевікоў «Вагнера», але на гэтым этапе незразумела, ці сапраўды хто-небудзь з іх перасёк мяжу. 

«Мы дакладна ведаем, што недалёка ад Асіповічаў будуецца адзін лагер для "вагнераўцаў" на некалькі тысяч чалавек, — заяўляе Азараў. — Беларускія вайсковыя часткі будуць знаходзіцца ў вялікай напрузе, і перад імі будзе пастаўлена задача стрымліваць гэтую масу наймітаў. І, вядома, гэта будзе праблемай для беларускага насельніцтва, паколькі найміты "Вагнера" — былыя злачынцы, якіх Прыгожын завербаваў з турмаў. Іх паводзіны на тэрыторыі Беларусі будуць непрадказальнымі, уключаючы камунікацыю з простымі беларусамі і з беларускімі вайскоўцамі, з якімі яны будуць служыць разам».

«Вагнер» у Беларусі

Валер Кавалеўскі, прадстаўнік па замежных справах Пераходнага кабінета, заявіў, што малаверагодна, што Лукашэнка вымусіў Прыгожына вярнуцца ў Расію:

«Мне цяжка ўявіць, што ён выдаў бы Прыгожына. Але Лукашэнка адкрыта казаў пра пагрозы або рызыку для свайго жыцця. Ён адкрыта разважаў пра гэта. Давайце ўявім, што група людзей, добра навучаных, бязлітасных і з вялікай колькасцю зброі, аказваецца на чужой тэрыторыі і пачынае паводзіць сябе так, як ім падабаецца. Яны некантралюемыя, яны грозныя, і ніхто не хоча кідаць ім выклік. Яны могуць рабіць усё, што захочуць. І які закон рэгулюе іх паводзіны?»

На думку Кавалеўскага размяшчэнне «вагнераўцаў» у Беларусі ператворыць краіну ў «ачаг праблем», які Лукашэнка не зможа кантраляваць.

«Гэта сур'ёзна. Замежная група наймітаў, якая была прызнана злачыннай арганізацыяй, што мае дачыненне да шматлікіх ваенных злачынстваў не толькі ва Украіне, але і па ўсім свеце. Гэта вельмі небяспечныя людзі, якія прыязджаюць, каб застацца на нашай тэрыторыі. Яны ніколі не будуць прысягаць на вернасць Лукашэнку».


Глядзіце таксама

Вікторыя Ляўкавец, экспертка па Беларусі і навуковая супрацоўніца Стакгольмскага цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў, сказала, што, на яе думку, сяброўства паміж Прыгожыным і Лукашэнкам сыходзіць каранямі досыць далёка і было дастаткова моцным, каб уздымаць аўтарытэт апошняга, пакуль кіраўнік «Вагнера» знаходзіцца побач.

«Мы ведаем пра даўняе сяброўства паміж Лукашэнкам і Прыгожыным; паводле наяўных звестак, яны ведаюць адзін аднаго каля 20 гадоў, — сказала яна. — І я не думаю, што Прыгожын быў бы зацікаўлены ў тым, каб якім-небудзь чынам пайсці супраць Лукашэнкі цяпер. Я б сказала, што, магчыма, прысутнасць "Вагнера" патэнцыйна можа ўяўляць некаторыя рызыкі для Лукашэнкі, асабліва калі Пуцін у нейкі момант наважыць пазбавіцца Прыгожына і замяніць яго больш лаяльным кандыдатам».

Ляўкавец кажа, што важна адсочваць за тым, як прасоўваецца перасяленне «Вагнера», а таксама якія ў іх будуць мэты ўнутры Беларусі:

«Для чаго яны там? Калі проста для трэніровак, то гэта адна гісторыя. Але калі Лукашэнка прыме рэкамендацыі міністра абароны аб стварэнні падраздзялення [Вагнера] у беларускім войску... Гэта іншы ўзровень», — сказала яна.

Экспертка адзначае, што прысутнасць ПВК у Беларусі «абцяжарвае спробы беларускіх дэмакратычных сіл паўплываць на перамены на месцах». 

Пагроза Лукашэнку   

Лукашэнка кіруе гвалтам. Любому моцнаму дзеячу апазіцыі пагражаюць, саджаюць у турму. Або яны знікаюць.  Як і Пуцін, ён стварыў сетку людзей, якія залежаць ад яго ў плане доступу да рэсурсаў і якія падтрымліваюць яго пазіцыю.

Прыгожын — яго стары сябар, але Лукашэнка не дазволіў прыватным вайсковым кампаніям (ПВК) існаваць у Беларусі так, як яны існуюць у Расіі. Лічыцца, што ў яго дзейнічае адна ПВК, але яна нашмат меншая, чым расійскія прыклады, так што «Вагнер» надасць гэтай справе новую дынаміку. 

«Яму не выгадна мець Прыгожына ў Беларусі, і тым больш ваеннага, які валодае ваеннай сілай і які можа паўтарыць кампанію супраць Масквы, толькі гэтым разам супраць Мінска», — кажа Азараў.

Бунт наймітаў таксама паслужыў сігналам для руху супраціву, які працуе над вызваленнем Беларусі ад улады Лукашэнкі і Пуціна. Група кіберпартызанаў, мэтай якой з'яўляецца атака на кампутарныя сістэмы абодвух рэжымаў, заявіла, што паўстанне было шанцам праверыць іх уласную гатоўнасць.


Глядзіце таксама

«Мы рыхтаваліся да мерапрыемства тыпу "Чорны лебедзь", дзе ў нас ёсць такая магчымасць, — сказала прэс-сакратарка «Кіберпартызанаў» Юльяна Шэметавец. — Вы можаце бачыць, з якой лёгкасцю група "Вагнера" толькі што рухалася да Масквы. Ніхто не аказаў аніякага супраціву».

Група актывістаў-хакераў расцаніла гэта як генеральную рэпетыцыю патэнцыйнага падзення пуцінскага рэжыму.

«Мы ў асноўным засяродзіліся на тым, каб усё падрыхтаваць, каб быць гатовымі. І ўбачылі некаторыя прабелы, над якімі нам усё яшчэ трэба папрацаваць», — дадала Шэметавец.

Валерый Кавалеўскі таксама лічыць, што некаторыя з нядаўніх рашэнняў Лукашэнкі могуць каштаваць яму падтрымкі беларускай эліты:

«Беларусь ператварылася ў свайго роду пустку для найгоршых [рэчаў], якія Расія можа прапанаваць: расійскіх вайскоўцаў, ядзернай зброі, наймітаў, якія былі датычныя да ваенных злачынстваў. Гэта не тая траекторыя, якую нават самыя лаяльныя людзі з атачэння Лукашэнкі маглі б ўявіць для Беларусі. Раней ён быў свайго роду майстрам выжываць у многіх крызісах, і ў яго такая рэпутацыя... што ён вытрымае любы шторм. Але цяпер больш немамгчыма хаваць, што ён усё больш становіцца марыянеткай Крамля».

«Вагнер» усё яшчэ ўяўляе пагрозу для Украіны

Нават нягледзячы на тое, што ў людзей Прыгожына, відаць, няма мэты, іх прысутнасць у Беларусі па-ранейшаму ставіць Украіну пад пагрозу, кажа Кавалеўскі.

«З заходняй часткі Беларусі можа адбыцца ўварванне ва Украіну, каб перакрыць любыя заходнія пастаўкі. Але таксама краіны NATO — Латвія, Літва і Польшча — могуць стаць мішэнню падобных правакацый».


Глядзіце таксама

Спадарыня Ляўкавец мяркуе, што Лукашэнка, хутчэй за ўсё, паспрабуе адцягнуць гэты сцэнар так доўга, як толькі зможа. Яна кажа, што гэта таксама дае магчымасць Лукашэнку выкарыстоўваць свой статус перамоўшчыка ў якасці рычага ціску — альбо на Пуціна, альбо на Захад. Калі ён захавае лаяльнасць, незразумела, ці зможа Пуцін адплаціць свайму сябру, магчыма, льготнымі крэдытамі або таннымі нафтай і газам, «але Лукашэнка адназначна рана ці позна нешта запатрабуе».

АПК, у сваю чаргу, хоча, каб міжнародная супольнасць зрабіла больш жорсткім стаўленне да рэжыму Лукашэнкі, і збіраецца падняць гэтае пытанне ў кулуарах саміту NATO.

«Што NATO хоча рабіць у такой сітуацыі? — задаецца пытаннем Валерый Кавалеўскі. — Ці гатовыя яны пачакаць і паглядзець, што там адбываецца? Або яны сапраўды гатовыя зрабіць больш рашучыя крокі? Беларусь, якая цалкам кантралюецца Расіяй, — гэта кепская гісторыя для ўсёй Еўропы».