«Здрада Эрдагана». Аб Пуціна ўжо выціраюць ногі
Рэха прыгожынскага мяцяжу не прымусіла сябе доўга чакаць. Прагнозы наконт падзення міжнароднага рэйтынга Уладзіміра Пуціна пачынаюць збывацца. Найбольш красамоўна сваё грэблівае стаўленне да Крамля прадэманстравала Турцыя.
У суботу стала вядома, што Анкара падтрымлівае ўступленне Украіны ў NATO. Адпаведную заяву па выніках сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім зрабіў турэцкі прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган.
Само па сабе гэта б не выклікала вялікага розгаласу, бо Турцыя ад пачатку вайны палітычна балансуе паміж Кіевам і Масквой. З аднаго боку, адміністрацыя Эрдагана не прызнае Крым, выказваецца на карысць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а турэцкія беспілотнікі-байрактары вельмі дапамаглі УСУ адбіць першую атаку расійцаў у лютым-сакавіку мінулага года.
З іншага боку, Анкара супрацоўнічае з Расіяй у эканоміцы, не далучаецца да санкцый і, паводле некаторых крыніц, нават дапамагае дзяржаве-агрэсару гэтыя санкцыі абыходзіць.
Да таго ж Турцыя адыгрывае важную ролю мадэратара ў збожжавай здзелцы паміж Кіевам і Масквой, што падкрэслівае яе намінальна нейтральны статус.
Падтрымка далучэння Украіны да Паўночнаатлантычнага альянсу цалкам укладваецца ў стратэгічную лінію Турцыі, тым больш усе разумеюць: бліжэйшым часам ніякіх рэальных рашэнняў на гэты конт прынята не будзе.
Але фокус у тым, што пасля візіту Зяленскага ў Стамбул адбылося яшчэ нешта, што кінула густы цень на расійскага дыктатара Пуціна.
Эрдаган даў дазвол на вяртанне ва Украіну камандзіраў палка «Азоў» Дзяніса Пракапенкі, Святаслава Паламара, Сяргея Валынскага, Алега Хаменкі і Дзяніса Шлегі. Яны, паланёныя пры абароне Марыупаля, знаходзіліся ў Турцыі па дамоўленасці з Крамлём. У верасні 2022 года азоўцаў пры пасярэдніцтве Анкары абмянялі на прарасійскага палітыка, пуцінскага кума Віктара Медведчука. Дамова была такой, што да канца вайны вайскоўцы мусяць заставацца ў Турцыі.
Яны і заставаліся. Пакуль не прыехаў Зяленскі і не дамовіўся з Эрдаганам аб вяртанні ўсіх пяцярых на радзіму.
Дадому азоўцы прыехалі якраз на 500-ты дзень вайны. Падзея была прыгожа абстаўлена, і вечарам у суботу камандзіраў разам з Зяленскім радасна сустракалі ў Львове. Дзяніс Пракапенка ў сваім выступленні запэўніў, што неўзабаве азоўцы зноў возьмуць у рукі зброю, каб працягнуць змагацца супраць расійскіх акупантаў.
«Я глыбока ўпэўнены, што армія — гэта камандная праца. І ад сёння мы разам з вамі працягнем барацьбу. Мы абавязкова яшчэ скажам сваё слова ў баі», — сказаў камандзір «Азова».
Сказаць, што ўсё гэта — плявок у твар Пуціну, азначае не сказаць нічога. Добраахвотнікі з «Азова» — менавіта тыя ваяры, якіх крамлёўскі рэжым называе «нацыстамі» і паланенне якіх у Марыупалі малявалася расійскай прапагандай як вялікая перамога. А тут спачатку іх абмянялі, а потым яны і дадому адправіліся. Так вялікая перамога канчаткова пераўтварылася ў вялікую ганьбу. Нездарма ў пабліках імперскіх турбапатрыётаў усчаўся вэрхал пра «здраду Эрдагана» і сусветны халівар абражанага самалюбства.
А што ж Крэмль? А нічога. Звычайна хуткія на пыхлівыя заявы ў адрас Захаду, цяпер афіцыйныя расійскія асобы набралі ў рот вады.
Адзін з нямногіх, хто выказаўся, — прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Ён шчыра прызнаўся, што «Расію ніхто не папярэджваў аб перадачы Украіне верхаводаў тэрарыстычнай групоўкі «Азова» з Турцыі». Дадаў, што «паводле ўмоў дамоўленасцей яны павінны былі знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі да моманту заканчэння канфлікту». І адзначыў, што «парушэнне дамоўленасцей нікога не красіць».
Карацей, Крэмль праглынуў крыўду, якую яму нанёс Эрдаган. Што і патрабавалася даказаць.
Але навошта прэзідэнт Турцыі вырашыў адпусціць азоўцаў? Тыя жылі сабе ў яго краіне, пачуваліся добра, можна было б і далей выконваць дамоўленасці. Эрдаган жа іх абнуліў, прычым дэманстратыўна.
Бадай, не ў апошнюю чаргу гэта адбылося праз вынікі мяцяжу Яўгена Прыгожына. Падчас тых падзей «моцны лідар» Пуцін паказаў сябе слабаком, які спачатку збег з Масквы і схаваўся, а потым няўцямна пачаў разрульваць наступствы псеўдабунту «вагнераўцаў». Апошняе, магчыма, выглядае нават больш прыніжальным, чым уласна паводзіны гаспадара Крамля непасрэдна ў дні прыгожынскага маршу. Верхавод ПВК «Вагнер» спакойна знаходзіцца ў Расіі, вырашае там свае справы, улада пакорліва вяртае яму грошы і іншую маёмасць, якую спачатку забралі ў выніку ператрусаў.
У Прыгожына ўсё добра, хіба толькі прапагандысты кінуліся яго шальмаваць. Але гэта дробязі — у параўнанні з тым, які іміджавы ўрон у вачах міжнароднай супольнасці панёс сам Пуцін.
У 2016 годзе ў Турцыі таксама ледзь не адбыўся ваенны пераварот. Толькі сапраўдны, а не клоўнскі, як у Прыгожына. Тады частка вайскоўцаў паўстала супраць Эрдагана, узяўшы пад кантроль шэраг стратэгічных аб’ектаў у Анкары, Стамбуле і іншых буйных гарадах. Турэцкі прэзідэнт тады нікуды не схаваўся, а цяжкімі намаганнямі ўсё ж падавіў мяцеж. Пасля гэтага ён доўга і зацята зводзіў рахункі з путчыстамі, з цягам часу рэпрэсіі перакінуліся на грамадзянскіх, і ў выніку ў краіне былі праведзены беспрэцэдэнтныя па маштабе палітычныя чысткі. Лічыцца, што менавіта тады Турцыя канчаткова стала на рэйкі аўтарытарызму, але мы зараз пра іншае.
Усе аўтакраты маюць адзін і той жа псіхатып. Культ маскуліннасці, «крэпкія яйцы», «ненахіляемасць» і вось гэта ўсё. Паглядзіце на Лукашэнку — класічны дыктатар з завышанай самаацэнкай і ўпэўненасцю ў сваёй выключнасці. «Прэзідэнтанароджаны», так бы мовіць. Менавіта праз ментальнае падабенства такія палітыкі лёгка знаходзяць агульную мову адзін з адным.
Да нядаўняга часу маскулінна выглядаў і Пуцін. Хай сусветны палітыкум і падазраваў у ім нерашучасць і мяккацеласць, гледзячы на даўжэзныя сталы падчас афіцыйных сустрэч і няўмелы ядзерны шантаж, але ж статус расійскага прэзідэнта ў цэлым сумневам не падвяргаўся. Пакуль не здарыўся прыгожынскі «марш на Маскву». Вось тут і стала зразумела, што Пуцін — ануча ў палітычным сэнсе.
Гэта ўбачылі ўсе, а аўтакраты — найперш. Убачыў Эрдаган, іншыя дыктатары на розных кантынентах — і Лукашэнка таксама ўбачыў. Адпаведна і стаўленне да Крамля змянілася. Цяпер расійскімі так званымі элітамі можна грэбаваць, можна пры зручным выпадку і ногі аб іх выцерці — усё роўна ніякай уцямнай рэакцыі не будзе.
Як напісаў публіцыст Аляксандр Няўзораў, учынак Эрдагана з азоўцамі стаў сімвалам пераводу сённяшняй Расіі ў разрад «палітычных шавак».
Адметна, што якраз у гэтыя дні выразны кухталь прыляцеў у Маскву і з Пекіна. «The Financial Times» напісала, што кіраўнік Кітая Сі Цзіньпінь асабіста перасцярог Пуціна ад прымянення ядзернай зброі ва Украіне падчас свайго афіцыйнага візіту ў Маскву ў сакавіку 2023 года.
Тры месяцы пра гэта ніхто не ведаў, ніякіх уцечак у медыя не было. І вось цяпер «крыніцы» данеслі да міжнароднай супольнасці пазіцыю КНР, якая палягае ў недапушчальнасці ядзернай вайны. Зразумела, зараз зручны момант — з «палітычнымі шаўкамі» так можна абыходзіцца.
Цікава, хто наступны дасць палітычнага выспятка гаспадару Крамля, які раптам аказаўся не тым, за каго сябе выдаваў.