У Віцебску затрымалі экс-байца "Азова" па мянушцы Тэрор-Машына
Беларускія сілавіка затрымалі экс-байца батальёна "Азоў" па мянушцы Тэрор-Машына, ён толькі днямі выйшаў з-за кратаў, бо быў асуджаны да 7 гадоў зняволення.

Станіслаў Ганчароў
У Беларусі затрымалі былога байца ўкраінскага батальёна «Азоў» Станіслава Ганчарова па мянушцы Тэрор-Машына. Яго «палоннае» відэа апублікаваў 11 ліпеня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Праўладныя крыніцы адзначылі, што Ганчароў быў затрыманы віцебскімі сілавікамі, «ледзь паспеўшы вызваліцца з турмы», піша Люстэрка.
У сакавіку 2017 года яго асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі за злоснае хуліганства, распальванне варожасці і рабаванне.
Глядзіце таксама

У апублікаваным сілавікамі відэа ён падкрэсліў, што «да апазіцыі ніколі ніякага дачынення не меў» і «пытаннямі гэтымі» не цікавіцца. Паводле яго слоў, ім зацікавіліся аператыўнікі з-за «татуіровак, якія тлумачацца як нацысцкая сімволіка». Частку з іх ён ужо перарабіў, а ў будучыні паабяцаў перабіць і астатнія.
Як раней паведамляла МУС, з 2014 да 2016 года Ганчароў «браў удзел у баявых дзеяннях ва Украіне ў складзе батальёна „Азоў“».
Як пісаў НЧ, у беларускіх праваахоўных органах распавядалі падчас суда над Ганчаровым у 2017 годзе: «Ганчароў у нас ішоў пад нумарам адзін у спісе тых баевікоў, якія падлягаюць затрыманню ў выпадку вяртання ў Беларусь». Адзначалася, што сярод таварышаў па службе Ганчароў карыстаўся аўтарытэтам з-за сваёй бескампраміснасці. Таксама ён прытрымліваецца неанацысцкіх поглядаў. На грудзях у яго ёсць тату з лічбай 88 — гэта абрэвіятура, якая азначае «Хайль Гітлер», на спіне — герб асобага батальёна СС Дзірлевангера.