Тэрор-машыне з «Азова» далі сем гадоў калоніі ў Беларусі
Былы баец «Азова» Ганчароў прысуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі. Судовы працэс праходзіў у Віцебску.
20-гадовы жыхар Віцебска Станіслаў Ганчароў, вядомы па мянушцы «Тэрор-машына», сем гадоў правядзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе ont.by.
Абвінавачванне Ганчарову было прад'яўлена адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх вымагальніцтва, рабаванні, распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці. Свае злачынствы Ганчароў здымаў на відэа і выкладваў ў інтэрнэт. Суд прызнаў яго вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачвання. У справе — 10 тамоў і яшчэ сем фігурантаў. Усе яны атрымалі розныя тэрміны — ад года абмежавання да шасці гадоў пазбаўлення волі.
З 2014 па 2016 гады Ганчароў удзельнічаў у баявых дзеяннях ва Украіне ў складзе батальёна «Азоў» пад пазыўным Тэрор-машына. Пра затрыманне маладога чалавека стала вядома ў красавіку мінулага года пасля таго, як ён вярнуўся з Украіны ў Віцебск. «Ганчароў у нас ішоў пад нумарам адзін у спісе тых баевікоў, якія падлягаюць затрыманню ў выпадку вяртання ў Беларусь», — распавялі тады ў праваахоўных органах.Сярод таварышаў па службе Ганчароў карыстаўся аўтарытэтам з-за сваёй бескампраміснасці. Таксама ён прытрымліваецца неанацысцкіх поглядаў. На грудзях у яго ёсць тату з лічбай 88 — гэта абрэвіятура, якая азначае «Хайль Гітлер», на спіне — герб асобага батальёна СС Дзірлевангера.
Паводле eurobelarus.info