Кадыраў заявіў аб сыходзе. Пакуль толькі ў адпачынак

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў сышоў у адпачынак з 3 ліпеня. Яго абавязкі будзе часова выконваць старшыня ўрада рэспублікі Муслім Хучыеў. Сёлета чачэнскі кіраўнік сыходзіў у адпачынак у студзені і ў красавіку.

Фота РІА «Новости»

Фота РІА «Новости»

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў сышоў у адпачынак, распараджэнне аб гэтым апублікавана на сайце кіраўніка рэспублікі.

«Сыходжу ў штогадовы аплачваемы адпачынак з 3 ліпеня 2023 года. Выкананне абавязкаў кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі на перыяд майго адпачынку ўскладаю на Хучыева Мусліма Магамедавіча, старшыню ўрада Чачэнскай рэспублікі», — гаворыцца ў дакуменце.

Кадыраў сёлета ўжо як мінімум два разы сыходзіў у адпачынак: у красавіку і студзені, нагадвае РБК.

У красавіку кіраўнік Чачні зрабіў гэта падчас Рамадана. «Абавязкі кіраўніка будзе выконваць Муслім Хучыеў. Усё неабходнае для гэтага ў яго ёсць. Цяпер я магу спакойна наведваць зіярты і больш часу надаваць набажэнству», — казаў ён. У студзені Кадыраў таксама паведамляў, што ўзяў штогадовы аплачваемы адпачынак.

Рамзан Кадыраў займае пасаду кіраўніка Чачні з 2007 года, ён знаходзіцца на сваёй пасадзе даўжэй за ўсіх іншых дзейных кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў. Апошні раз Кадыраў пераабіраўся на пасаду кіраўніка рэспублікі ў верасні 2021 года, тэрмін яго паўнамоцтваў заканчваецца ў 2026 годзе.

У верасні 2022 года Кадыраў апублікаваў відэа, у якім казаў, што «заседзеўся» на пасады і «заслужыў бестэрміновы і доўгі адпачынак». Тым не менш праз некалькі дзён пасля публікацыі роліка кіраўнік Чачні заявіў, што мае намер стаць новым «доўгажыхаром» сярод рэгіянальных лідараў Расіі і «так проста сысці» з пасады не можа. «Сысці магу, толькі спытаўшы народ і прэзідэнта Расіі. Таму размовы аб бестэрміновым адпачынку пакінем на будучыню», — казаў Кадыраў.


Глядзіце таксама

Варта адзначыць, што цягам апошніх месяцаў у інтэрнэце рэгулярна з’яўляюцца звесткі пра дрэнны стан здароўя Кадырава. Нібыта ў яго вялікія праблемы з ныркамі, праз што ён набраў вагу і мае кепскі выгляд. Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма, але чачэнскі кіраўнік сапраўды час ад часу знікае з публічнай прасторы. Якраз нядаўна Кадыраў тыдзень адсутнічаў у медыя, што спарадзіла чуткі пра яго перадсмяротны стан. 3 ліпеня ён апублікаваў відэа ў сваім тэлеграм-канале, у якім разам з дэпутатам Дзярждумы ад Чачні Адамам Дзелімханавым заявіў, што «мы будзем жыць коратка, але прыстойна».

Цяперашні сыход Кадырава ў адпачынак адбываецца таксама на тле гучных падзей.

Па-першае, падчас мяцяжу Прыгожына ў Грозным заявілі аб накіраванні сваіх сілавікоў на барацьбу з вагнераўцамі, але кадыраўцы так нікуды і не даехалі. Гэта спарадзіла чарговы парад мемаў у сацсетках пра цікток-ваяроў з Чачні.

Па-другое, 4 ліпеня стала вядома пра жорсткае збіццё ў Чачэнскай Рэспубліцы журналісткі недзяржаўнай «Новай газеты» Алены Мілашынай і адваката Аляксандра Немава. У журналісткі дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму і зламаныя пальцы рук. У адваката выявілі нажавое раненне. Інцыдэнту абурыліся нават у Крамлі.