Экспарт расійскага газу ў Еўропу абрынуўся да мінімуму амаль за 50 гадоў

«Газавы мост» Расія — Еўропа, які быў збудаваны ў часы Леаніда Брэжнева і больш чым паўстагоддзя забяспечваў Крэмль энергетычнымі звышпрыбыткамі, канчаткова здадзены на сметнік гісторыі, піша «The Moscow Times».

Фота прэс-службы «Газпрама»

Фота прэс-службы «Газпрама»

Па выніках першага паўгоддзя 2023 года «Газпрам» прапампаваў у еўрапейскія краіны толькі 12,1 млрд кубаметраў газу, паведамляе «Reuters» са спасылкай на ўласныя разлікі. У параўнанні з леташнімі аб'ёмамі, мінімальнымі з часу апошніх гадоў СССР, аб'ёмы паставак на некалі найбуйнейшы рынак «Газпрама» абваліліся яшчэ амаль утрая.

Калі бягучыя тэмпы прапампоўкі захаваюцца, то па выніках года Еўропа атрымае прыкладна 24 млрд кубоў газу з РФ супраць 62 млрд у мінулым годзе і 170-180 млрд у рэкордныя для «Газпрама» 2017-2019 гады.

Так мала газу ў Еўропу «Газпрам» не прадаваў з другой паловы 1970-х гадоў. Так, у 1975 годзе аб'ёмы экспарту складалі 19,3 млрд кубаметраў у год, а ў 1980-м, пасля заключэння буйнога кантракта з Германіяй, ужо 54,8 млрд.

Валодаючы найбуйнейшымі ў свеце разведанымі запасамі газу, Расія засталася без магчымасці яго прадаваць пасля няўдалай спробы замарозіць еўрапейскіх кліентаў, каб дамагчыся саступак па Украіне. Як вынік: на радовішчах ад Ямала да Сібіры газавікі вымушаны спыняць свідравіны.

У параўнанні з даваеннымі ўзроўнямі аб'ёмы газаздабычы ў РФ упалі на 24% — велічыню, якой статыстыка не бачыла ні разу ў гісторыі расійскай газавай прамысловасці. У траўні, паводле афіцыйных звестак, у краіне было здабыта 48,2 млрд кубаметраў газу, хоць у тым жа месяцы 2022 года гэта было 57,5 млрд кубоў, а ў даваенным траўні 2021 года — 63,1 млрд кубаметраў.

Даходы бюджэту ад экспарту газу бразнуліся на 80% і за першае паўгоддзе склалі 241 млрд рублёў, хоць годам раней перавышалі 1,1 трлн.


Глядзіце таксама

У другім паўгоддзі 2022 года, калі ад расійскага газу былі паслядоўна адключаны амаль усе еўрапейскія краіны, «Газпрам» атрымаў чыстую страту ў памеры 1,3 трлн рублёў, а на яе пакрыццё выдаткаваў палову ўсіх запасаў наяўных на рахунках.

Сёлета выручка «Газпрама» на еўрапейскім рынку можа ўпасці яшчэ на 75%, прагназуе аналітык БКС Рональд Сміт. Акрамя аб'ёмаў, кампанія губляе і кошт: ён, паводле ацэнкі Сміта, складзе $445 за тысячу кубаметраў супраць $830 за мінулы год.

У бліжэйшыя гады «Газпрам» можа сутыкнуцца з сур'ёзнай пагрозай сваёй фінансавай стабільнасці, папярэджвае старшы аналітык Альфа-банка Мікіта Блахін.

На еўрапейскі рынак прыпадала 80% газавага экспарту ў далёкае замежжа, і альтэрнатыў яму пакуль няма. Кітай, згодна з планам эскплуатацыі газаправода «Сіла Сібіры», купіць сёлета толькі 22 млрд кубаметраў — у 7 разоў менш, чым да вайны імпартаваў ЕС. Спроба дамовіцца аб будаўніцтве трубы «Сіла Сібіры — 2» і павелічэнні паставак у шэсць разоў скончылася фіяска: Сі Цзіньпін адмовіўся падпісваць новы газавы кантракт падчас візіту ў Маскву, а праз месяц даў дабро на новы газаправод з Туркменіі замест расійскага.

Нават у гіпатэтычным сцэнары, калі вайна заканчваецца, рэжым Уладзіміра Пуціна разбураецца, а Масква спрабуе нармалізаваць стасункі з Захадам, вярнуцца на еўрапейскі газавы рынак будзе няпроста, мяркуе Кацярына Філіпенка, кіраўнік нафтагазавых даследаванняў у «Wood Mackenzie»: «Расія разбурыла давер бізнесу і ўрадаў у Еўропе. І спатрэбіцца час, каб зноўку выбудаваць гэты давер і вярнуцца з якімі-небудзь дадатковымі аб'ёмамі (газу)».