«Мора нам толькі сніцца...» Што ў беларусаў з адпачынкам?

Ужо некалькі гадоў паездкі на мора і ў Еўропу, якія сталі традыцыяй для многіх беларусаў, амаль немагчымыя — праз недасяжнасць віз, закрытыя межы і адсутнасць пералётаў. Ці ёсць выйсце з гэтай сітуацыі, разбіралася «Deutsche Welle».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Вось ужо чацвёртае лета запар для многіх грамадзян Беларусі арганізацыя некалі звыклага і жаданага адпачынку ля мора ператвараецца ў сапраўдны квэст. На змену пандэміі COVID-19, з яе абмежаваннямі і закрытымі межамі, прыйшлі вострыя наступствы грамадска-палітычнага крызісу, а цяпер яшчэ і вайна ў суседняй Украіне.

Дарэчы, менавіта ўкраінскі напрамак для летняга адпачынку доўгія гады лічыўся ў беларусаў бюджэтным варыянтам і знаходзіўся ў ліку самых запатрабаваных. Дабрацца да чарнаморскага ўзбярэжжа па даступных цэнах можна было рознымі спосабамі, уключаючы цягнікі, аўтобусы і  асабісты транспарт.

Пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну амаль усе варыянты для легальных паездак на мора для жыхароў Беларусі адпадаюць. Вось ужо амаль паўтара года пункты пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы не дзейнічаюць, а значная частка тэрыторыі каля іх замініравана.

Жыхарам Беларусі прапануюць адпачынак у Крыме            

Дзіўна, але некаторыя транспартныя кампаніі па-ранейшаму прапануюць беларусам скарыстацца аўтобуснымі рэйсамі ва Украіну. Праўда, гаворка ідзе пра акупаваную тэрыторыю гэтай краіны, а большая частка маршруту праходзіць праз Расію.

Сярод тых, хто прапануе адпачыць у анексаваным РФ Крыме — кампанія «Intercars», якая ажыццяўляе гэтым летам аўтобусныя рэйсы з беларускай сталіцы ў Ялту. Агульная працягласць маршруту складае амаль 2500 кіламетраў і, паводле інфармацыі ў самой кампаніі, займае прыкладна 40 гадзін. Кошт квітка з Мінска да Ялты — ад 240 беларускіх рублёў (каля 72 еўра).

У «Intercars» заяўляюць, што маршрут карыстаецца вялікай папулярнасцю, паколькі праз праблемы з візамі ў жыхароў Беларусі цяпер не вельмі вялікі выбар для падарожжаў на мора.

Звяртае на сябе ўвагу адна важная дэталь: пасля перасячэння беларуска-расійскай мяжы турыстаў чакае перасадка ў Бранску, далей у Крым яны едуць ужо на расійскім аўтобусе. 


Глядзіце таксама

Для саміх пасажыраў такая паездка цалкам можа абярнуцца непрыемнасцямі ў будучыні. Згодна з украінскім заканадаўствам, трапіць на тэрыторыю Крыма легальна цяпер можна толькі з мацерыковай часткі Украіны. Парушальнікам гэтага патрабавання пагражае забарона на ўезд у краіну тэрмінам на 5 гадоў.

І яшчэ адзін цікавы момант. Напярэдадні гэтага летняга сезона было абвешчана, што з Мінска запусцяць рэгулярны аўтобусны маршрут і ў акупаваны Расіяй Данецк. Кошт паездкі ў адзін бок павінен быў складаць 175 беларускіх рублёў (крыху больш за 50 еўра), аднак да рэалізацыі гэтых планаў справа так і не дайшла.

Расійскі напрамак прыцягвае, але не курортамі

Калі Украіна ў цэлым і Крым у прыватнасці даступныя цяпер толькі тым беларусам, хто гатовы рызыкаваць і парушаць законы суседняй краіны, то паездкі ў Расію перажываюць свой пік. Як расказалі ў прадстаўніцтве адной з беларускіх турыстычных кампаній, попыт на падарожжы ў гэтым кірунку вырас у некалькі разоў.

«Вядома, галоўны фактар звязаны з тым, што адкрыць турыстычную шэнгенскую візу стала значна складаней і атрымаць яе цяпер можна, як правіла, толькі на кароткі тэрмін і пад канкрэтны тур у еўрапейскую краіну», — падзялілася з «DW» суразмоўніца ў турфірме.

У выніку беларусы сталі куды часцей выбіраць для сваіх паездак з турыстычнымі мэтамі расійскія гарады. Пры гэтым Санкт-Пецярбург па папулярнасці абыходзіць Маскву. «Гэта заўважаем не толькі мы, але і расійскія калегі, — кажа прадстаўніца беларускай турыстычнай кампаніі. — І цяпер назіраем, як у ажыўленых месцах з'яўляецца рэклама, якая заклікае наведаць Маскву: раней такога бачыць не даводзілася».


Глядзіце таксама

Што тычыцца адпачынку ля мора на расійскіх курортах, то ён такой жа ажыятажнай цікавасцю сярод беларусаў пахваліцца не можа. Як адзначаюць эксперты турыстычнай галіны, перш за ўсё жадаючых адпуджваюць цана і не заўсёды годны сэрвіс.

«Мне ёсць з чым параўноўваць: заўважна падаражэў адпачынак і ў Турцыі, і ў іншых краінах, куды грамадзянам Беларусі яшчэ можна дабрацца без віз, але нават на гэтым фоне Сочы або Анапа выглядаюць празмерна затратна», — мяркуе жыхар Мінска Сяргей, які нядаўна пабываў на чарнаморскім узбярэжжы Расіі.

У Еўропу хочацца — калі б не было праблем з візамі

Для тых беларусаў, хто вырашыў не здраджваць традыцыям і праводзіць свой адпачынак у Еўропе, самай надзённай тэмай застаецца адкрыццё візы. Брэстаўчанцы Лізавеце гэта ўдалося: днямі яна выправілася ў Барселону, але гэтую паездку яна называе самай цяжкай у сваім жыцці.


Глядзіце таксама

«У мяне добрая візавая гісторыя, і да 2020 года я рэгулярна ездзіла на еўрапейскія курорты, а Барселона — наогул любімы горад пасля Брэста, — смяецца Лізавета. — Але ўсе ранейшыя спосабы адкрыць новы «шэнген» сёлета былі беспаспяховымі, і давялося ехаць у Маскву, каб адкрыць візу ў іспанскай амбасадзе. Не лічачы транспартных выдаткаў і кошту самой візы, давялося заплаціць пасярэднікам 800 беларускіх рублёў. Сяброўкі кажуць, што мне яшчэ пашанцавала». 

Брэстаўчанка расказвае, што многія беларускія вандроўнікі гатовы трываць шматгадзінныя чэргі на мяжы і неабходнасць вылятаць на адпачынак з аэрапортаў Польшчы і Літвы, але візавая праблема ставіць у тупік.

Мінчук Сяргей таксама пацвярджае, што пераспрабаваў розныя варыянты для атрымання «шэнгену», але пакуль усё выглядае занадта дорага ці доўга. «Можа, я позна спахапіўся і стаў цікавіцца візавай тэмай толькі ў лютым, але цяпер для турыстычных мэт яе адкрыць амаль немагчыма, калі не аддаваць вялікія грошы пасярэднікам, — дзеліцца жыхар сталіцы. — Ведаю, што хтосьці спрабуе рызыкнуць і адкрываць працоўныя візы па «ліпавых» запрашэннях з Польшчы, каб потым падарожнічаць па Еўропе. Але такі варыянт дакладна не для мяне».