502-гі дзень вайны. Украіна праводзіць павольны контрнаступ адмыслова?
Шмат хто незадаволены павольным прасоўваннем украінскіх войскаў у час контрнаступу. Але ў той жа час украінскія войскі вызвалілі тэрыторыю памерам з Адэсу. А аналітыкі лічаць, што «павольны контрнаступ» — гэта адмысловая стратэгія УСУ на гэты час.
Генштаб Украіны пра абстаноўку на франтах
У ранішняй зводцы 10 ліпеня Генштаб УСУ паведамляе, што расійцы засяродзілі намаганні на Усходзе Украіны. У той жа час УСУ трымаюць абарону і вядуць наступальныя дзеянні на двух паўднёвых кірунках.
«Праціўнік і далей засяроджвае асноўныя намаганні на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар'інскім кірунках, працягваюцца цяжкія баі», — падкрэслілі ў Генштабе.
10 ліпеня Military Media Center са спасылкай на спікера Генеральнага штаба Андрэя Кавалёва паведаміў, што з пачатку наступу ўкраінскія войскі вызвалілі 169 квадратных кіламетраў на поўдні. «Гэта прыкладна суразмерна з плошчай горада Адэса. На гэтых тэрыторыях ідуць мерапрыемствы па размініраванні мясцовасці», — сказаў Кавалёў.
Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ўзброеныя сілы Украіны працягваюць адціскаць ворага каля Кляшчыеўкі і вядуць баі ў Запарожскай вобласці, тым часам акупанты аднаўляюць свае пазіцыі на затопленых тэрыторыях Херсонскай вобласці.
9 ліпеня ўкраінскія войскі працягнулі контрнаступальныя дзеянні ў раёне Бахмута. Камандуючы Усходняй групоўкай войскаў УСУ генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што ўкраінскія войскі атрымалі поспех і працягваюць наступ на бахмуцкім кірунку.
Расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што ўкраінскія сілы прасунуліся на захад ад Андрэеўкі (8 км на поўдзень ад Бахмута), але ім не ўдалося захапіць важную вышыню. Іншыя расійскія блогеры сцвярджалі, што сітуацыя для ўкраінскіх сіл паблізу Кляшчыеўкі паляпшаецца, і паўтаралі, што расійскі кантроль над гэтым населеным пунктам жыццёва важны для больш шырокай расійскай абароны Бахмута.
Адзін вайсковы блогер паскардзіўся, што расійская 72-я мотастралковая брыгада (3-ці армейскі корпус) неадэкватна абараняецца ў раёне Кляшчыеўкі і пакінула дзіркі ў сваіх абарончых рубяжах.
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што спецназ «Ахмат» нібыта перакінулі на бахмуцкі кірунак і яны нібыта ваююць у Кляшчыеўцы.
Атакі з паветра і новыя ваенныя злачынствы
У Арэхаве Запарожскай вобласці расійскія войскі скінулі авіябомбу на месца выдачы гуманітарнай дапамогі, паведаміў кіраўнік Запарожскай вобласці Юрый Малашка. «Рашысты здзейснілі ваеннае злачынства ў прыфрантавым Арэхаве — ударылі кіраванай авіябомбай падчас выдачы гуманітарнай дапамогі ў жылым квартале. Чатыры чалавекі загінулі на месцы: жанчыны 43, 45, 47 гадоў і 47-гадовы мужчына. Адзінаццаць жыхароў былі шпіталізаваны з раненнямі рознай ступені цяжкасці», — гаворыцца ў паведамленні.
Кіраўнік Херсонскай ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін паведаміў, што за мінулыя суткі расійцы 51 раз абстралялі вобласць, выпусціўшы 328 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, авіяцыі, танкаў, «Градаў», АГС і БПЛА. Па горадзе Херсон вораг выпусціў 8 снарадаў. Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, будынак гандлёвай установы ў Берыславе. Праз расійскую агрэсію 5 чалавек атрымалі раненні.
Уначы 10 ліпеня войскі РФ нанеслі ракетны ўдар па аб'екце інфраструктуры ў Мікалаеве, паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім. «Вораг ужыў балістыку. Удар быў нанесены па аб'екце інфраструктуры, як мяркуецца, ракетай «Іскандэр-М». Падрабязная інфармацыя ўдакладняецца», — адзначыў кіраўнік рэгіёна.
Наўмысны павольны контрнаступ
АмерыканскіІнстытут вывучэння вайны (ISW),прааналізаваўшы дзеянні УСУ, прыйшоў да высновы, што ўкраінскія войскі наўмысна прытрымліваюцца тактыкі, пры якой наступ ажыццяўляецца больш павольнымі тэмпамі — для захавання ўласнай моцы і знясілення ворага.
«ISW працягвае ацэньваць, што цяперашнія тэмпы ўкраінскага контрнаступлення з'яўляюцца адлюстраваннем наўмысных намаганняў захаваць украінскую баявую моц і адвесці расійскую жывую сілу і тэхніку коштам больш павольнага тэрытарыяльнага прасоўвання», — гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, у справаздачы ISW паведамляецца, што Украіна вядзе контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту: на бахмуцкім, бярдзянскім і мелітопальскім.
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter напісала, чаму ў Расіі такія вялікія страты на фронце. Па меркаванні брытанскай выведкі, у Расіі паўстаў крызіс ваеннага медыцынскага забеспячэння, бо ў сярэднім на працягу 17 месяцаў штодня атрымлівалі раненні каля 400 чалавек.
Па даных брытанскай выведкі, прыток вайскоўцаў, верагодна, падарваў нармальнае прадастаўленне некаторых расійскіх грамадзянскіх медыцынскіх паслуг, асабліва ў прыгранічных раёнах блізу Украіны. Цалкам верагодна, што многія спецыялізаваныя ваенныя шпіталі зарэзерваваныя для параненых афіцэраў.
Па сцвярджэнні начальніка навучальнага аддзела баявой медыцыны роты Калашнікава, цалкам верагодна, што да 50% смерцяў у ходзе баявых дзеянняў у Расіі можна было б прадухіліць пры ўмове аказання належнай першай дапамогі.
«Вельмі павольная эвакуацыя параненых у спалучэнні з неналежным выкарыстаннем грубага расійскага баявога жгута з'яўляецца асноўнай прычынай смяротных выпадкаў, якіх можна было б пазбегнуць, і ампутацый», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны Брытаніі.
ISW у зводцы ў тым ліку ацэньвае ўнутраны стан арміі Расіі. Па ацэнцы спецыялістаў, рашэнне Пуціна не караць групу «Вагнера» і не пераследаваць удзельнікаў бунту ставіць яго самога і ягоных падначаленых у няёмкае становішча.
Адзначаецца, што ПВК «Вагнер» усё яшчэ вярбуе новых членаў у Расіі, у той час як Мінабароны Расіі праводзіць канкурэнтную кампанію па вярбоўцы байцоў «Вагнера» для падпісання кантрактаў з МА РФ. Таму рашэнне Пуціна не распускаць ПВК «Вагнер» — раней найбольш баяздольную сілу Расіі — абцяжарвае для Пуціна і расійскіх сілавікоў разуменне таго, як узаемадзейнічаць з «Вагнерам», яго лідарамі і баевікамі.
У Расіі можа адбыцца яшчэ адзін мяцеж
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі напярэдадні саміту NATO раздае інтэрв’ю замежным СМІ. У нядзелю, 9 ліпеня, у інтэрв'ю ABC News ён выказаў меркаванне, што ў Расіі можа адбыцца яшчэ адзін мяцеж.
Са слоў Зяленскага, бунт правадыра ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына паказаў слабасць Пуціна ўнутры Расіі. «Ёсць сігнал, што ў Расіі можа адбыцца яшчэ адзін мяцеж, рэвалюцыя, – сказаў Зяленскі. — Больш за тое, ёсць шмат людзей, якія могуць падтрымаць такі мяцеж».
Мяцеж Прыгожына выявіў слабасць пуцінскага кіраўніцтва, лічыць Зяленскі: «У Пуціна няма вайсковай сілы ўнутры Расіі, і цывільнае насельніцтва там не абаронена».
А раней у інтэрв'ю CNN Зяленскі сказаў, што вайсковы мяцеж Яўгена Прыгожына падтрымалі 18 або 19 рэгіёнаў Расіі, а 21 рэгіён — дзеючага прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, што дэманструе разбалансаваныя настроі ў грамадстве краіны-агрэсара.
Зяленскі адзначыў, што імклівае прасоўванне «вагнераўцаў» углыб Расіі і захоп некаторых рэгіёнаў сведчыць, у прыватнасці, пра тое, што Пуцін ужо не кантралюе сітуацыю ў краіне.
«Мы бачым вельмі цікавую аналітыку: палова Расіі падтрымала Прыгожына, палова Расіі падтрымала Пуціна. Яшчэ некаторыя рэгіёны балансавалі — не ведалі, каго падтрымаць. Мы бачым наступныя працэсы: палова людзей у Расіі вагаецца», — заявіў Зяленскі.