Пераход «Мядзінінкай» на мяжы з Літвой дагэтуль закрыты. Пакістанец начаваў у нейтральнай зоне
Памежны пераход «Мядзінінкай» (з беларускага боку — «Каменны Лог») застаецца закрытым пасля таго, як беларускія памежнікі адмовілі ва ўездзе грамадзяніну Пакістана, які прыехаў па падробленых дакументах. Пра гэта піша літоўскае агенцтва BNS.
![Фота VSAT Фота VSAT](/img/v1/images/1016544834_0_0_1100_732_1440x900_80_0_1_fca71bdfce2968f5cfcf8027b271a18a.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота VSAT
«Мужчына стаіць
на лініі сцяны побач з дарогай. Там ён пераначаваў, памежнікі далі яму вады,
прапанавалі ежу, а Беларусь працягвае яго не пускаць», — распавёў журналісту
выдання ў нядзелю прадстаўнік Дзяржаўная памежнай службы Літвы (VSAT) Гедрус Мішуціс.
Паводле яго слоў, сітуацыя каля пагранперахода нармальная, чэргаў машын няма.
«Памежнікі стаяць на пасту і накіроўваюць аўтамабілі ў іншыя пункты. Яны не чакаюць каля пункту пропуска. Колькасць грузавікоў у зонах чакання такая ж, як і ўчора раніцай», — заявіў Мішуціс.
«Мабыць, папярэджанні аб сітуацыі на пункце спрацавалі», — дадаў ён.
Нагадаем, у суботу каля 13:00 перасячэнне мяжы з абодвух бакоў — з боку Літвы і Беларусі — было спынена на памежным пераходзе «Мядзінінкай». Уезд і выезд дазволены толькі маршрутным аўтобусам з літоўскімі нумарамі і дыпламатычнаму транспарту.
Літоўскія памежнікі вырашылі часова закрыць дзяржмяжу пасля таго, як беларускія ўлады адмовіліся прыняць грамадзяніна Пакістана, які спрабаваў уехаць у Літву па падробленых дакументах.
У пятніцу ўвечары літоўскія памежнікі пры праверцы дакументаў маршрутнага аўтобуса Мінск — Вільнюс выявілі, што адзін з пасажыраў прад'явіў меркавана падробленыя асабістыя дакументы.
Глядзіце таксама
![Літва ўзмацніла праверкі тых, хто прыязджае з Беларусі і Расіі: Ці могуць наогул закрыць мяжу Літва ўзмацніла праверкі тых, хто прыязджае з Беларусі і Расіі: Ці могуць наогул закрыць мяжу](/img/v1/images/_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле слоў Мішуціса, грамадзянін Пакістана прад'явіў для праверкі падробленыя румынскія правы кіроўцы і румынскае пасведчанне асобы. У такіх выпадках фіксуецца адмова ва ўездзе асобы ў краіну і яго вяртаюць у краіну, з якой яна прыбыла.
«Аднак беларусы адмовіліся яго прыняць, чалавек не можа ўехаць у Літву, беларусы незаконна адмаўляюцца яго пускаць назад. Да гэтай гадзіны яны спрабавалі пагаварыць, паведаміць пра сітуацыю, але не пускаюць гэтага чалавека, хоць павінны былі б гэта зрабіць, — сказаў у суботу прадстаўнік VSAT. — Ён практычна сядзіць на сцяне, на лініі. Часам ён кладзецца на асфальт. У гэтым месцы не павінна быць чалавека, там звычайна вялікі трафік, высокія патокі».
Паводле слоў Мішуціса, пасля таго, як замежніка не ўдалося вярнуць назад у Беларусь, было прынята рашэнне спыніць рух у абодвух напрамках.
У такой нявызначанай сітуацыі VSAT рэкамендуе
падарожнікам з і ў Беларусь выбіраць іншыя памежныя пункты.