Літва ўзмацніла праверкі тых, хто прыязджае з Беларусі і Расіі: Ці могуць наогул закрыць мяжу
Калі пагрозы ў рэгіёне будуць узрастаць, Літва рыхтуецца да магчымасці закрыцця дзяржаўнай мяжы з Беларуссю.

Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ загадала ўзмацніць кантроль і праверкі асоб, якія заязджаюць з Беларусі і Расіі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні МУС Літвы, піша «Люстэрка».
Памежнікі будуць больш пільна правяраць дакументы і візы таксама ў асоб, якія едуць праз тэрыторыю Літвы транзітам.
«У выпадку змены ўзроўню пагроз у рэгіёне дзяржаўная мяжа таксама гатова да закрыцця», — гаворыцца ў паведамленні літоўскага ведамства.
У МУС Літвы таксама адзначылі, што з 1 студзеня 2023 года ў Літву не пусцілі 1200 грамадзян Беларусі і 1300 грамадзян Расіі.
Глядзіце таксама

Як паведамляе BNS са спасылкай на прадстаўніка МУС Літвы Дайву Ульбінайтэ, узмацненне мер звязана з «агульнай сітуацыяй з бяспекай у рэгіёне». Асцярогі ўзмацніліся пасля таго, як з’явілася інфармацыя пра размяшчэнне ў Беларусі падраздзяленняў ПВК «Вагнер».
Узмацняе сваю мяжу і Польшча. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер польскага ўрада Яраслаў Качыньскі. Польшча лічыць, што знаходжанне наймітаў з ПВК «Вагнер» у Беларусі (а іх можа налічвацца да 8 тысяч) можа таксама пагражаць і суседнім з ёй краінам — Літве і Украіне.
Сёння ж «The New York Times» апублікавала свежыя спадарожнікавыя здымкі будаўніцтва лагера пад Асіповічамі ў былой вайсковай часці. Не выключана, што туды збіраюцца размясціць членаў ПВК «Вагнер». Прынамсі, аднаўленчыя працы пачаліся 25-26 чэрвеня, якраз пасля абяцання Лукашэнкі забраць «вагнераўцаў» у Беларусь. І на фатаздымках бачна прыкладна 130 намётаў. «Памер, колер і размяшчэнне пабудоў аналагічныя іншым вайсковым намётавым месцам, якія былі пабудаваны ў Беларусі і РФ з пачатку 2022 года», — адначаюць журналісты. У такіх намётах можна расмясціць 6,5 тысяч чалавек.