Літва перакрыла рух праз памежны пераход Мядзінінкай — Каменны Лог. Што вядома?

Літва спыніла афармленне людзей і транспарту, якія перасякаюць мяжу, у пункце пропуску «Мядзінінкай» (Каменны Лог з беларускага боку). Пра гэта паведаміў Дзяржпагранкамітэт Беларусі. Як пазней высветлілася, прычынай стаў інцыдэнт на нейтральнай паласе.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Афармленне спынілася ў 13.00. Прычыны ў ГПК не назвалі.

«Падкрэсліваем, што беларускі бок гатовы ажыццяўляць пропуск асоб і транспарту. Уся адказнасць за абвастрэнне абстаноўкі на мяжы і ўтварэнне чэргаў ляжыць на літоўскім баку», — заявіў Дзяржпагранкамітэт. Ведамства рэкамендуе выбіраць для перасячэння мяжы іншыя пункты пропуску.

Як пазней паведаміла «Люстэрка» са спасылкай на людзей, якія стаялі ў чарзе на мяжы, у тэматычных чатах, прычынай перакрыцця руху стаў інцыдэнт на так званай нейтральнай паласе — тэрыторыі паміж беларускім і літоўскім пунктамі пропуску. Прапускаць транспарт літоўцы перасталі нават раней, каля паловы на першую.

У чаце пішуць, што праблема ўзнікла праз нейкага мігранта, які знаходзіўся на нейтральнай паласе. Мяркуючы з усяго, ён хацеў трапіць у Літву, аднак літоўскія памежнікі адмовіліся яго прапускаць праз адсутнасць візы або дакументаў. Тады мужчына сеў на нейтральнай паласе. Літоўцы папрасілі беларускіх памежнікаў вярнуць яго на тэрыторыю Беларусі, але тыя адмовіліся. Тады літоўскія памежнікі спынілі пропуск. Яны перакрылі дарогу загародай.

Адпаведна, і беларускі бок прыпыніў афармленне транспарту. Тым, хто ўжо заплаціў за ўезд у зону чакання, прапанавалі вярнуць грошы і з'ехаць на іншыя пункты.


Глядзіце таксама

Праз пэўны час Дзяржаўная памежная служба Літвы (VSAT) пацвердзіла перакрыцце руху праз мяжу ў абодва бакі.

«Была прынятая пастанова аб часовым закрыцці дзяржаўнай мяжы, бо беларускія ўлады адмовіліся прыняць грамадзяніна Пакістана, які спрабаваў уехаць у Літву па падробленых дакументах», — паведаміў прадстаўнік VSAT Гедрус Мішуціс у каментары агенцтву BNS.

Ён распавёў, што ў пятніцу ўвечары літоўскія памежнікі пры афармленні аўтобуса Мінск — Вільня выявілі, што адзін з пасажыраў, пакістанец, прад'явіў для праверкі падробленыя дакументы — румынскі пашпарт і румынскія правы кіроўцы. У такіх выпадках афармляецца адмова ва ўездзе, і чалавека вяртаюць у тую краіну, адкуль ён прыбыў.

«Аднак беларусы адмовіліся яго прыняць. Чалавек не можа ўехаць у Літву, а беларусы незаконна адмаўляюцца ўпусціць яго назад. Ён практычна сядзіць на нейтральнай паласе. Часам ён кладзецца на асфальт. У гэтым месцы не павінна быць чалавека, там звычайна вялікі рух, вельмі шмат транспарту», — сказаў прадстаўнік VSAT.

Калі ні ад самога замежніка, ні ад беларускіх памежнікаў нічога дамагчыся не ўдалося, было прынята рашэнне перакрыць рух транспарту.

«Да гэтага моманту мы спрабавалі пагаварыць з імі, паведаміць ім пра сітуацыю, але яны не пускаюць чалавека, хоць абавязаныя гэта зрабіць», — падкрэсліў Мішуціс.

Калі будзе адноўлены рух, незразумела. Памежная служба Літвы рэкамендуе падарожнікам выбіраць іншыя памежныя пераходы.