Плакаты пра Беларусь у цэнтры Варшавы

У сталіцы Польшчы пачала дзейнічаць экспазіцыя, якая складаецца з пераможцаў конкурсу «Бел-чырвона-белы» — да другой гадавіны паўстання беларускага народа.

plakat_1_1.jpg


На конкурс было даслана 243 працы.
Інфармацыйная шыльда на выставе ў Пленэрнай галерэі музея Каралеўскіх Лазенак паведамляе: «Мы апелюем да таго, каб памятаць пра рэпрэсаваных за польскай усходняй мяжой польскага грамадства падчас барацьбы «Салідарнасці» ў складаныя гадзіны ваеннага становішча».
Пра памяць і падтрымку казаў на адкрыцці выставы віцэ-прэм'ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны прафесар Пётр Глінскі.

plakat_5_1.jpg


«Два гады таму Аляксандр Лукашэнка фальсіфікаваў выбары, знішчыў свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Гэты акт прыгнёту выклікаў натуральны вызваленчы рух з глыбінь беларускага грамадства. Конкурс і прэзентацыя прац, якія атрымалі прэмію конкурсу з прыгожай назвай «Бел-чырвона-белы», якая суадносіцца са сцягам свабоднай Беларусі, закліканы нагадаць у грамадскай прасторы пра тое, што адбылося два гады таму ў Беларусі.
Мы не павінны мірыцца з беларускім рэжымам, гэтаксама, як не павінны мірыцца з расійскай агрэсіяй ва Украіне», — паведаміў віцэ-прэм'ер.
Таксама Пётр Глінскі нагадаў, што грамадскія пратэсты, якія пачаліся два гады таму ў Беларусі, патрабавалі неймавернай мужнасці: «У такой рэпрэсіўнай дзяржаве выходзіць на вуліцу і паведамляць пра жаданне быць свабодным чалавекам, — справа не простая. Мы памятаем гэта з часоў ПНР, але людзі схільныя забываць. Два гады грамадства Беларусі пратэстуе, сотні тысяч людзей вымушаныя эміграваць. На дадзены момант у Беларусі не менш за 1300 палітвязняў, не менш за 30 журналістаў заключаны ў турму і асуджаныя, у тым ліку журналісты Польскага тэлебачання і Белс*та».
Адметна, што большасць плакатаў былі дасланы польскімі аўтарамі. Два з іх выйгралі першыя месцы.
Пераможца конкурсу Каміль Скшыпец.

plakat_2_1.jpg


Плакат Каміля – гэта лаканічнае паведамленне, складзенае з дапамогай мовы знакаў. Зрэзаная – як лязом – лічба 2020, зрушаны 2022-гі, дзве лічбы ўтвараюць сэрца, паводле аўтара – гэта рух да сэрца, то-бок да свабоды, да любові, да павагі ў дачыненні да іншага чалавека. Мова плакату ясная і выразная, збудаваная на прыгожай візуальнай гульні.
Другое месца заняў твор Пётра Дэпта-Клесьты, выбраны паводле выразна аформленага тэкставага паведамлення. Фактычна, гэта сказ, напісаны з імітацыяй рукапіснага пісьма: «Б – як свабода». Хай беларускага гледача не ўводзіць у зман наўмысная брутальнасць плакату. Гэта фірмавы стыль старой польскай школы, то-бок такі антыафіцыёзны і свабодалюбівы трэнд.

plakat_3_2.jpg


Трэцяе месца аддалі беларусцы – Яўгеніі Мужавай, што цяпер жыве ў Варшаве. Фатаграфія стала асновай яе плаката, толькі ў адрозненне ад першых двух аўтараў, сваю працу яна рабіла не адмыслова да конкурсу. Плакат Яўгеніі «Мы не мяса» датуецца жніўнем 2020 года. Любы беларус, паглядзеўшы на яго, можа зразумець, на аснове якіх здымкаў вырасла гэта гранічна ясная метафара. Сілу вобразу ўзмацняе ўсведамленне таго, што на выяве сама аўтарка, яе пафарбаванае ў белы колер цела пракрэслена чырвонымі лініямі па ўзору разрэзкі мяса жывёл. Такое калектыўнае сэлфі брутальных часоў.

plakat_4_1.jpg


Адкрытая экспазіцыя будзе працаваць да 4 верасня на агароджы парку Каралеўскіх Лазенак у Варшаве з боку алей Уяздоўскіх.