«Запатрабавалі звольніць». Беларусы расказалі, якія праблемы ў іх былі праз карту паляка
На мяжы сілавікі пачалі патрабаваць у беларусаў адмовіцца ад карты паляка. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», вядома не менш чым пра дзесяць такіх выпадкаў. «Люстэрка» папрасіла чытачоў з картамі паляка расказаць, ці сутыкаліся яны праз гэта з павышанай увагай з боку чыноўнікаў, памежнікаў або сілавікоў. Вось дзве гісторыі.
«У аддзеле кадраў пракуратуры спыталі, адкуль у мяне віза на 365 дзён»
Віталь (імёны герояў публікацыі змененыя) атрымаў карту паляка яшчэ ў 2015 годзе, калі быў студэнтам і паралельна падзарабляў у дзяржаўнай установе. Пра свой намер атрымаць гэты дакумент Віталь паведаміў кіраўніцтву, бо браў адпачынак за свой кошт, каб здаць неабходныя экзамены.
Тады ніякіх пытанняў да яго на працы не ўзнікла, нягледзячы на тое, што ў той час ужо дзейнічалі патрабаванні закона «Аб дзяржаўнай службе». Згодна з імі, чыноўнікі мусяць перадаваць у кадравую службу сваёй арганізацыі дакументы замежных дзяржаваў, якія даюць права на льготы (да іх адносіцца і карта паляка).
Пасля заканчэння ўніверсітэта Віталь звольніўся і пачаў шукаць новае месца. Ён паспрабаваў уладкавацца ў адно з падраздзяленняў пракуратуры. Але да яго ўзніклі пытанні з нагоды польскай візы, выдадзенай на падставе карты паляка.
— Праглядаючы мой пашпарт, у аддзеле кадраў пракуратуры спыталі, адкуль у мяне віза на 365 дзён знаходжання і ці няма ў мяне «той самай карты», — успамінае Віталь. — Я сказаў, што ёсць і што не бачу ніякай праблемы ў гэтым. Бо ў законе «Аб дзяржаўнай службе» выразна прапісана, што я абавязаны яе здаць на час працы дзяржслужбоўцам. Сказаў, што планую зрабіць гэта ў выпадку працаўладкавання. Кадравіка такі адказ не задаволіў, і ён мне адказаў: «Давайце вы год пажывяце ў Беларусі, не выязджаючы за мяжу, а пасля гэтага мы вернемся да пытання пра вашае працаўладкаванне».
Так беларусу не ўдалося стаць пракурорскім работнікам. А пасля 2020 года, кажа ён, гэта стала яму ўжо і нецікава. Цяпер Віталь і ягоная дзяўчына плануюць пераязджаць у Польшчу, яны ўжо сабралі ўсе неабходныя для гэтага дакументы і купілі білеты. Навіны пра тое, што на мяжы сілавікі могуць запатрабаваць ва ўладальніка карты паляка адмовіцца ад яе пад пагрозай арышту, Віталя не палохаюць:
— Літаральна ўчора мае знаёмыя, у якіх ёсць карты паляка, перасякалі мяжу, і іх ніхто не спыняў, не прасіў пісаць ніякіх заяваў. Дарэчы, да 2020 года я настолькі не парыўся з нагоды карты, што часам выкарыстоўваў яе як дакумент, які сведчыць асобу, нават алкаголь і цыгарэты ў беларускіх крамах купляў, паказваючы карту паляка.
«Мая маці была полькай, я не збіраюся ад яе адракацца»
Юрый працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве на рабочай пасадзе. У канцы мінулага года да яго на працу прыйшоў супрацоўнік КДБ і запрасіў на размову. Спачатку «чэкіст» запатрабаваў ад Юрыя даць для праверкі ягоны тэлефон і доўга разглядаў там нейкія фатаграфіі. Не знайшоўшы ў апараце нічога крымінальнага, супрацоўнік КДБ перайшоў да роспытаў пра карту паляка.
— Пытаўся, навошта я яе атрымаў і ці не хачу ад яе адмовіцца і запісаць відэа пра тое, што атрымаў я гэты дакумент па непаразуменні, пра што цяпер вельмі шкадую, — расказвае Юрый. — Я адмовіўся. Мая маці была полькай, і я не збіраюся ад яе адракацца.
Якім чынам Камітэт дзяржбяспекі даведаўся, што ў яго ёсць карта паляка, Юрый не ўяўляе:
— Ні за якія акцыі мяне не затрымлівалі, але тры разы цягам года я выязджаў за мяжу, магчыма, гэта і стала прычынай увагі да мяне.
Праз некалькі дзён кіраўніцтва прадпрыемства паведаміла Юрыю, што яго «запатрабавалі звольніць».
— І гэта нягледзячы на тое, што я прапрацаваў там больш за 20 гадоў, тэрмін майго кантракта яшчэ не заканчваўся і ніякіх нараканняў на выкананне працоўных абавязкаў да мяне не было, — расказвае наш чытач.
Цяпер Юрый працуе ў прыватнай кампаніі, куды яго ўзялі
без усялякіх праблем. Кажа,
што ў даходах не страціў.