Пасля рэлакацыі ў Польшчу беларускія лекары атрымліваюць у некалькі разоў больш

Польшча — прывабная краіна для лекараў з Беларусі і Украіны, якія зарабляюць там больш, чым у сябе на радзіме. Пра гэта заявіў польскі сацыёлаг Дарыюш Вадоўскі з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта.

medycyna_1.jpg

Даследаванне праводзіў Фонд развіцця Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў Любліне — ён вывучаў зацікаўленасць медперсаналу, у асноўным з Беларусі і Украіны, у прафесійнай дзейнасці ў Польшчы. У анкетаванні прыняў удзел 101 медык з абедзвюх краін, піша «Люстэрка».
Як высветлілася, беларускія і ўкраінскія лекары, якія прыехалі ў Польшчу, адразу пасля пачатку працы разлічваюць на сярэдні заробак больш за 6000 злотых у месяц нета (каля 1500 долараў), а праз пяць гадоў — больш за 11 000 злотых у месяц (амаль 2700 долараў).
Медыкі з Беларусі і Украіны, якія хочуць працаваць у Польшчы (ці ўжо там працуюць), — гэта ў асноўным жанчыны маладзейшыя за 40 гадоў, урачы або медсёстры з вопытам работы як мінімум некалькі гадоў, расказаў сацыёлаг.
Паводле яго слоў, часцей за ўсё ў якасці прычын пераезду яны ўказваюць вайну або рэпрэсіі, а таксама нізкія заробкі на радзіме.
— Польшча, безумоўна, прывабная краіна для медыкаў з Украіны і Беларусі. Яны зарабляюць тут больш, чым у сябе на радзіме, але, як правіла, атрымліваюць ніжэйшы заробак, чым польскія лекары, — паведаміў Дарыюш Вадоўскі.
Ён таксама адзначыў, што медыкі-імігранты высока ацэньваюць умовы і арганізацыю работы ў Польшчы, расклад змен і аб'ём абавязкаў.
Па словах сацыёлага, летась у краіне выдалі каля трох тысяч дазволаў на працу медыкам з Беларусі і Украіны.

А што ў Беларусі?

Нагадаем, нядаўна Белстат апублікаваў агляд да Дня медыцынскага працаўніка, які ў Беларусі адзначаюць 18 чэрвеня. Паводле гэтых даных, у 2022 годзе сярэдні заробак беларускіх лекараў склаў 2 306,8 рубля (каля 770 даляраў па курсе Нацбанка на 18 чэрвеня). Гэта на 4,6 працэнта больш, чым у 2021-м. Пры гэтым інфляцыя па выніках года была 12, 8%. Гэта значыць, што ў рэальным выражэнні сярэдні беларускі лекар стаў бяднейшым.
Сярэдні медперсанал зарабляў летась каля 1361 рубля (каля 460 долараў па курсе Нацбанка). Гэта менш за паказчык 2021 года нават у намінальным выражэнні на 0,9% (тады сярэдні заробак гэтых работнікаў быў 1 373,5 рубля).
Як вынікае з агляду, на канец 2022 года ў Беларусі налічвалася 55,1 тысячы ўрачоў-спецыялістаў, з якіх 48 тысяч — гэта практыкуючыя ўрачы, а таксама 124,6 тысячы сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Гэта больш, чым у папярэднім годзе, аднак "рост" можна растлумачыць зменай методыкі падліку.
За мінулы год колькасць паліклінік павялічылася з 2378 да 2660, бальніц стала на 8 менш, а колькасць станцый або аддзяленняў хуткай дапамогі зменшылася на 23.