Дзень медыка: Калі свята — не свята
Сёння, 18 чэрвеня, у Беларусі адзначаецца дзень медыцынскага работніка. У краіне не сціхаюць рэпрэсіі супраць медычнай супольнасці, а дэфіцыт лекараў у Беларусі, толькі па афіцыйных даных, — больш за 5 тысяч чалавек.
У апошні месяц у Беларусі назіраецца чарговы віток цікавасці да тэмы медыцыны з боку людзей, якія ўтрымліваюць уладу ў Беларусі, піша тэлеграм-канал беларускіх медыкаў. То беларускі кіраўнік ладзіць нараду, то яго пасланцы рэхам паўтараюць сказанае.
Днямі, 14 чэрвеня, Раман Галоўчанка правёў ва ўрадзе нараду па ахове здароўя:
"...Па-ранейшаму няма адчування, што ўсімі правільна ўспрынятыя і ўзятыя да выканання асноўныя пасылы кіраўніка дзяржавы. А іх, нагадаю, тры:
- Належная арганізацыя кіравання сістэмай аховы здароўя
- Павышэнне якасці аказання медыцынскай дапамогі
- забеспячэнне чулага і ўважлівага стаўлення да пацыентаў.
Менавіта гэта ў прыярытэце. І пра гэта нельга забываць".
Чаму наогул аховай здароўя ўзяліся кіраваць людзі, якія не маюць да яго ніякага дачынення? Хоць гэта ў нашай дзяржаве нікога не здзіўляе, прафесара медыцыны ўжо навучыліся паслухмяна ківаць галоўнаму вірусолагу.
У “Белых Халатаў” ёсць адказ на пытанні, якія рубам паставіў перад чыноўнікамі Раман Галоўчанка.
1. Арганізацыя кіравання сістэмай аховы здароўя
Праваленая па прычыне адсутнасці пісьменнага менеджменту на ўсіх узроўнях.
Міністэрства аховы здароўя не збірае і не публікуе сапраўднай статыстыкі — і шматкроць было заўважана ў падробцы фактаў.
Міністэрства аховы здароўя спускае ў бальніцы "чорныя спісы" на звальненне, а адміністрацыі выконваюць.
У лячэбных установах уведзеныя пасады намеснікаў галоўных лекараў па кадрах, якія пагражаюць супрацоўнікам, падвяргаюць іх псіхалагічнаму гвалту.
Знішчаныя незалежныя прафсаюзы медработнікаў, якія абаранялі правы лекараў і медсясцёр.
2. Якасць медыцынскай дапамогі
Ніхто ў Міністэрстве аховы здароўя ні разу не адказаў на пытанне, што значыць гэта самая “якасць”. Гэта слова страціла сэнс у вуснах чыноўнікаў і ператварылася ў пустышку.
Аднак, у адпаведнасці з СААЗ і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця, асновамі высакаякаснай медыцынскай дапамогі з'яўляюцца:
Матываваныя кадры сістэмы аховы здароўя, якія атрымліваюць неабходную падтрымку для аказання якаснай дапамогі. (А тым часам дэфіцыт лекараў у краіне, толькі па афіцыйных даных, амаль 5000).
Арганізацыі аховы здароўя, якія маюць неабходнае абсталяванне. (Чарга на пратэзаванне расцягнулася на гады, для таго, каб пацыенту зрабіць МРТ, КТ, а часта і УГД, трэба ехаць як мінімум у раённы цэнтр).
Наяўнасць эфектыўных і бяспечных лекавых сродкаў, расходных матэрыялаў і прылад, а таксама прымяненне сучасных эфектыўных методык. (У лячэбных установах існуе доступ толькі да прэпаратаў айчыннай вытворчасці; вытворцы бягуць з рынку, а пацыенты праз відэазвароты вымушаныя самі вырашаць праблему недахопу медыкаментаў).
Інфармацыйныя сістэмы для пастаяннага маніторынгу і павышэння якасці медыцынскай дапамогі. (У 21-м стагоддзі ў Беларусі справаздачы Міністэрства аховы здароўя збірае на паперках і нават не можа скласці даклад, каб не супярэчыць самім сабе)
Механізмы фінансавання, якія спрыяюць павышэнню якасці дапамогі. (За закупкі з дзяржаўнага бюджэту адказвае штучна створаная структура "Белмедтэхніка". У выніку закупка банальных расходнікі рэалізуецца гадамі).
3. Забеспячэнне чулага і ўважлівага стаўлення да пацыентаў
Гэта задача, відавочна, асабіста для Галоўчанкі, таму што лепшыя кадры бягуць за мяжу або пазбаўляюцца працы па рашэнні Міністэрства аховы здароўя. Дактары вельмі ўважліва ставяцца да пацыентаў, але ўжо ў іншых краінах.
У такіх абставінах датычныя да аховы здароўя чыноўнікі павінны былі б скласці свае паўнамоцтвы, аднак пакуль ніхто з іх не панёс адказнасці за свае рашэнні.