«У лік вышэйшых чыноў Мінздароўя ўсё часцей трапляюць малаадукаваныя людзі»
Лекар Станіслаў Салавей, які з'ехаў з Беларусі ва Украіну ў сувязі з палітычным пераследам, заўважыў цікавыя новаўвядзенні ў галіне беларускай аховы здароўя. Мінздароўя наважылася браць з даверлівых грамадзян грошы за продаж паветра — па ўсёй краіне.
— У пастанове Савета Міністраў №237 ад 10 красавіка 2023 года быў замацаваны пералік платных медыцынскіх паслуг, якія могуць прадастаўляць дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя, — нагадаў Станіслаў Салавей у інтэрв'ю ipetitions.by. — У гэтым пераліку вельмі шмат разумных і зразумелых пунктаў: стаматалогія, хірургія, розныя даследаванні і гэтак далей. Але сярод іх згубіліся некалькі пазіцый, якія выглядаюць вельмі незвычайна.
Дзве з іх — «Эндагенная і экзагенная біярэзанансная тэрапія». Для шараговага грамадзяніна гучаць гэтыя тэрміны досыць пераканаўча. Але на практыцы канцэпцыя заключаецца ў тым, што па нейкіх міфічных «біярэзанансах», якія вылучаюць нашы клеткі, можна вызначыць тое ці іншае захворванне і нават лячыць яго.
«Палачкавы метад» нібыта дазваляе рабіць цуды: ён не проста выяўляе, што той ці іншы орган хворы, але нават паказвае, у якім канкрэтным яго месцы існуюць праблемы. І нават дазваляе выявіць глістоў!
— Як правіла, адразу пасля правядзення даследавання вам прапануюць лекі ад хвароб — біялагічна актыўныя дабаўкі, — кажа Салавей.
Сам лекар падобныя метады, не апрабаваныя і не прызнаныя навуковай медыцынай, лічыць вельмі сумніўнымі.
— Па сутнасці гэта двайны развод: спачатку вы плаціце за абсалютна бессэнсоўнае даследаванне, а пасля аддаяце немалыя грошы за псеўдалекі, што ў сапраўднасці з'яўляюцца фуфламіцынамі — прадуктамі, якія ў лепшым выпадку, патрапіўшы ў ваш арганізм, неўзабаве з яго выйдуць, не аказаўшы ніякага ўплыву, а ў горшым — нашкодзяць.
Часам абсурднасць таго, што адбываецца, зашкальвае: аператар апарата біярэзананснай тэрапіі можа прапанаваць вам пакласці руку на пласціну, драты ад якой ідуць якраз да той самай скрыначкі, і па чарзе будзе ўкладваць у далонь «фуфламіцыны», назіраючы за тым, як на гэта рэагуе скрыначка. Маўляў, арганізм сам абярэ патрэбную таблетку!
Тое, што ўсё гэта трызненне, было пераканаўча даказана яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя. Існуе таксама некалькі сучасных навуковых манаграфій, якія аўтарытэтна даказваюць поўную бессэнсоўнасць усіх гэтых працэдур. З такім жа поспехам тэсціраваць вашы органы можна, раскінуўшы ігральныя карты ці выплюхнуўшы на сподак кававую гушчу.
Гэта псеўданавука, лахатрон, які спрабуюць маштабаваць на ўсю краіну. Памятаеце Чумака і Кашпіроўскага? Мы вяртаемся ў пачатак 90-х.
Нават у Вікіпедыі, якая, як вядома, сцерпіць усё, артыкул пра біярэзанансную тэрапію тлуста намякае на тое, што гэту методыку ніяк нельга назваць навуковай.
Разам з дадзенымі працэдурамі Салавей пералічвае і іншыя, якія, на яго думку, не павінны аказвацца платна ў дзяржаўных медыцынскіх установах.
— Я б адзначыў два самыя відавочна антынавуковыя метады: ірыдадыягностыка і гамеапатыя.
Ірыдадыягностыка — гэта методыка, якая нібыта дазваляе абследаваць унутраныя органы чалавека, назіраючы за зменамі вясёлкавай абалонкі вока. І ў гэтай зусім антынавуковай канцэпцыі цікава абсалютна ўсё. Напрыклад, хоць бы тое, што навукова даказана — вясёлкавая абалонка вока чалавека з'яўляецца фенатыпічнай рысай. Гэта значыць — не змяняецца на працягу ўсяго жыцця.
— І, нарэшце, гамеапатыя. Гэта яшчэ адна псеўданавука — шматразовымі аўтарытэтнымі навуковымі даследаваннямі даказана, што гамеапатыя не працуе, — сцвярджае доктар.
Станіслаў Салавей называе і прычыны, дзякуючы якім, на яго думку, метады лячэння, што не маюць навуковых доказаў, аказаліся ў гэтым пераліку.
— Першая, цалкам рэальная — невуцтва. На жаль, у апошнія гады з прычыны вельмі адмоўнага селектыўнага адбору ў лік вышэйшых чыноў Міністэрства аховы здароўя ўсё часцей трапляюць малаадукаваныя людзі. На паперы яны могуць мець нават высокія навуковыя ступені, але кароткай жывой размовы хопіць, каб зразумець праўдзівы ўзровень іх інтэлекту.
І, вядома, прадстаўнікі нетрадыцыйнай медыцыны настойліва грукаюцца ў кабінеты рэальных медыкаў, прапаноўваючы ім падарункі, бясплатныя паездкі на «семінары» і «канферэнцыі» ў гарачыя краіны.
— А кошт такіх паездак невялікі: сказаць, напрыклад, што гамеапатыя — гэта не шкодна. А ад «не шкодна» да «карысна» — рукой падаць, — сказаў на заканчэнне Салавей.