Мінус 1,5 года ў прысудзе Эдуарду Бабарыку. Што кажуць юрысты

6 ліпеня ў Мінскім абласным судзе Эдуарду Бабарыку быў агучаны прысуд: 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ў фінальны тэкст пастановы суда не былі ўключаны 1,5 года з тых трох, што Эдуард Бабарыка адседзеў у СІЗА КДБ. «Белсат» спытаў у юрыстаў, што хацелі сказаць улады, пайшоўшы на такі крок.

Фота sb.by

Фота sb.by

Пакаранне без злачынства

Пастанова прысуду ўтрымлівае абвінавачанне Эдуарда Бабарыкі па такіх артыкулах, як ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342, (удзел і дапамога ў арганізацыі парушэння грамадскага парадку) ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (узбуджэнне варожасці) Крымінальнага кодэксу.

Пакаранне, якое было прызначана Эдуарду Бабарыку, прадугледжвае пазбаўленне волі на 8 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 5000 базавых велічыняў.

Нагадаем, што Эдуард не прызнаў ніводнага з выстаўленых яму абвінавачанняў, аб чым і заяўляў у судзе: «Я не здзяйсняў ніводнага са злачынстваў, у якіх мяне абвінавачваюць. Следствам не было знойдзена ніводнага доказу маёй віны».

У той жа час праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ў тэрмін не залічылі час знаходжання ў СІЗА КДБ ад 18 чэрвеня 2020 года (калі ён быў арыштаваны) да 14 снежня 2021 (калі ў дачыненні да яго была пачата новая крымінальная справа, па якой ён і быў асуджаны).  Гэта фактычна працягвае тэрмін знаходжання Эдуарда ў зняволенні.

Справа ў тым, што тры гады, праведзеныя ў СІЗА, паводле закона, павінны быць роўныя 4,5 гадам зняволення («дзень за паўтара»). Гэта значыць, што пасля абвяшчэння прысуду Эдуарду Бабарыку засталося б адбыць тры з паловай гады зняволення. А так ён павінны будзе правесці яшчэ каля пяці з паловай гадоў за кратамі.


Глядзіце таксама

Чаму яны так робяць? Меркаванні юрыстаў

На думку Рамана Кісляка, юрыста і праваабаронцы «HUMAN RIGHTS IMPACT», уся гэта сітуацыя вельмі дзіўная і абсалютна непрымальная. «Відавочна, што гэта нейкія такія маніпуляцыі і хітрыкі. Я спадзяюся, што пры абскарджанні гэтае пытанне будзе выпраўлена. Яўна тут парушэнне нават дзеючых палажэнняў крымінальна-працэсуальнага кодэксу», – адзначыў юрыст.

Так, ён лічыць, што здараюцца ўсялякага роду памылкі — як наўмысныя, так і ненаўмысныя. Бо гэта «судовы канвеер: адна справа заканчваецца, другая пачынаецца», але для гэтага ёсць абарона, якая павінна паставіць гэтае пытанне пры абскарджанні. Такія відавочныя памылкі павінны выпраўляцца. Можа быць, дапускае юрыст, гэта спецыяльна і зроблена дзеля таго, каб пасля ўсё прывесці ў норму і паказаць: вось як мы выпраўляем свае памылкі.

Раман Кісляк адзначае, што падобных выпадкаў за час яго практыкі ў Беларусі не здаралася: «Калі я працаваў, то гэта быў бы скандал, была б скарга, і пасля на ўзроўні касацыі гэта было б выпраўлена адназначна».

Але ў любым выпадку, адзначае юрыст, згодна з працэдурамі так рабіць немагчыма. Эдуард Бабарыка быў затрыманы, і, у выніку атрымліваецца, што адседзеў незаконна. Таму, лічыць ён, адвакату, які прадстаўляе інтарэсы Бабарыкі, трэба дабівацца выпраўлення гэтай сітуацыі.

Міхаіл Кірылюк, праўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, таксама адзначае, што за трыццаць гадоў сучаснай Беларусі такога выпадку яшчэ не было. «Калі б такое было, пра гэта б ужо ведалі ўсе», — адзначае юрыст.


Глядзіце таксама

Ва ўладаў на Бабарыку нічога няма, але ёсць мэсэдж для нас

Агулам жа Раман Кісляк адзначыў, што ўвогуле не бачыць падставаў для гэтай крымінальнай справы: «Я лічу, што яна высмактана з пальца: чалавека адвольна затрымалі і проста такую вялікую колькасць часу трымалі». На ягоную думку, чым больш чалавек сядзіць пад вартай, тым з большай верагоднасцю гэта азначае або тое, што справа вельмі-вельмі складаная, на шмат тамоў, або тое, што ў следства нічога на чалавека няма, «яны высмоктваюць усё з пальца».

Міхаіл Кірылюк таксама гаворыць, што пачынаць гэтую размову трэба менавіта з пытання: а ці вінаваты на самай справе быў Эдуард Бабарыка?

Бо па ўсіх дзеяннях улады, у тым ліку пракурораў і следчых, бачна, што факту злачынства не было. Бо Эдуарда абвінавачваюць ва ўхіленні ад аплаты падаткаў, у тым, што ён рабіў гэта сумесна з бацькам, банкірам Віктарам Бабарыкам. Але ў той жа час бацьку як галоўнага сведку абвінавачання не выклікалі на працэс, хоць па прававой логіцы павінны былі гэта зрабіць. Таму мы і прыходзім да той сумнай высновы, адзначае суразмоўца, што ніякага ўхілення ад выплаты падаткаў не было. Гэта такі спосаб праз пакаранне сына запужаць аднаго з найбольш папулярных кандыдатаў у прэзідэнты 2020 года — Віктара Бабарыку.

«Адначасова гэта спроба запужаць аўдыторыю прыхільнікаў гэтых людзей. Таму гэта месэдж усім нам: вы хацелі, каб Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка быў ва ўладзе? Вось глядзіце, што мы можам з вамі за гэта зрабіць», — падкрэслівае юрыст.

Калі глядзець на сітуацыю з няўлікам палутара гадоў у прыгаворы Эдуарду Бабарыку з такога боку, адзначае Міхаіл Кірылюк, то атрымліваецца, што навошта шукаць нейкія зачэпкі і працэдуры? «Наадварот, — кажа суразмоўца, — трэба максімальна паказаць, што для нас, калі датычыцца ворагаў улады, ніякія зачэпкі і працэдуры не патрэбныя, мы вышэйшыя за іх. Вось і ўсё. Гэта такі мэсэдж».


Глядзіце таксама

Не існуе катэгорыі права

Таксама Міхаіл Кірылюк падкрэсліў, што для ўладаў не існуе катэгорыі права, і таму, калі мы хочам зразумець іх логіку, нам таксама трэба адмовіцца ад гэтай катэгорыі. Бо рэжым на самай справе разважае катэгорыямі як з ваеннапалоннымі: вось ёсць ворагі, якія жадаюць захапіць уладу, таму трэба іх генералаў узяць у палон, катаваць іх, ціснуць на іх, шантажаваць, каб не даць ім забраць у уладу, бо для рэжыма ўлада важнейшая за жыццё некалькіх дзясяткаў, соцень ці тысячаў людзей.

Для суддзі, які выносіць прысуд, «больш істотна загад выканаць, чым меркаванне медыяў і людзей увогуле» — так адказаў Міхаіл Кірылюк на пытанне, ці не прасцей было прысудзіць максімальны тэрмін Бабарыку-малодшаму, чым ствараць нагоду для СМІ, не ўключыўшы паўтара года ў агульны прысуд.

Пасля 2020 года, кажа юрыст, атрымалася так, што тыя, хто застаюцца суддзямі ў беларускай сістэме, ужо на палову маральна гатовыя, што ім могуць накіраваць нейкую справу, якую яны павінны будуць разглядаць. Таму якая для гэтых суддзяў розніца, адзначае суразмоўца, што скажуць людзі, якія на іх жыццё не ўплываюць — больш істотна, што скажа начальнік, які можа не адправіць у адпачынак ці выпісаць або не выпісаць прэмію.

Пры гэтым Міхаіл Кірылюк падкрэслівае, што «калі суддзя, пракурор, следчы — цэлая каманда — робіць арганізаваную фальсіфікацыю, якая цягнецца часам не першы год, то гэта працяглае злачынства, г. зн. не спантаннае, а спланаванае і арганізаванае, што дадае цяжкасці». Калі вынікам гэтай фальсіфікацыі з’яўляецца ўтрыманне заведама невінаватага ў турме (у выпадку Эдуарда Бабарыкі гэта ўтрыманне цягам 8 гадоў за кратамі), то гэта можна трактаваць як цяжкае злачынства, учыненае так званымі прадстаўнікамі правасуддзя, яно караецца пазбаўленнем волі да 10 гадоў паводле артыкула 392 Крымінальнага кодэксу.


Глядзіце таксама

Логіка ўладаў ад былога следчага

Цікавым з’яўляецца каментар, які выданне «Медыязона» ўзяло ў былога беларускага следчага. Ягоныя словы спрабуюць апісаць логіку, якой кіраваліся прадстаўнікі беларускага правасуддзя падчас абвяшчэння прысуду Эдуарду Бабарыку: «Можна меркаваць, што СК расследуе справу і бачыць, што няма складу, справа ідзе на спыненне. Перад прыняццем рашэння аб спыненні ДФР заводзіць новую справу і арыштоўваю Бабарыку. У гэты час першая справа спыняецца, а ДФР перадае справу ў СК для далейшага расследавання. І калі яна прыходзіць у СК, першай справы як быццам няма, падставаў для ўзнаўлення і аб’ядняння няма. Фармальна справы не звязаныя адна з адной. І тэрмін ідзе па другой справе, а па першай ён [Эдуард Бабарыка] мае права звяртацца па кампенсацыю. Чысцейшай вады маніпуляцыя».