МЗС Польшчы: Дзеянням улад у Мінску няма апраўдання

У МЗС Польшчы заявілі пра «рашучы пратэст» у сувязі з ціскам на ўладальнікаў карты паляка ў Беларусі. У ведамстве заявілі, што «з трывогай назіраюць за палітыкай беларускага рэжыму» ў дачыненні да палякаў, якія жывуць у Беларусі.

Фота з gopl.by

Фота з gopl.by

«Рэпрэсіі, пераслед і ціск закранаюць не толькі ўладальнікаў карты паляка, але і сябраў Саюза палякаў, польскую адукацыю, польскія мемарыяльныя аб'екты, размешчаныя ў Беларусі», — нагадалі ў МЗС.

Там падкрэслілі, што ўладальнікі карты паляка застаюцца беларускімі грамадзянамі, бо яна не мяняе грамадзянства ўладальніка.

«Рэпрэсіі і абмежаванні, што накладаюцца на ўладальнікаў карты паляка, выклікаюць наш рашучы пратэст, які неаднаразова перадаваўся па дыпламатычных каналах. Дзеянням улад у Мінску няма апраўдання», — заявілі ў польскім МЗС.

У заяве МЗС таксама гаворыцца, што Польшча «ўважліва адсочвае і аналізуе далейшыя выпадкі парушэння правоў чалавека ў Беларусі і прымае ўсе магчымыя меры для мінімізацыі наступстваў антыпольскай кампаніі, якая праводзіцца дыктатарскім беларускім рэжымам».

Глядзіце таксама

Нагадаем, днямі з'явілася інфармацыя, што беларускія ўладальнікі карт паляка на мяжы сутыкаюцца з ціскам. Паводле звестак праваабаронцаў, калі памежнікі бачаць у пашпарце на польскай візе «мэта выдачы 24», якая паказвае, што віза атрымана на падставе карты паляка, грамадзян адпраўляюць на размову з супрацоўнікамі КДБ. Прадстаўнікі органаў дзяржбяспекі прапануюць добраахвотна адмовіцца ад карты, прама на мяжы напісаўшы адпаведную заяву на імя консула. У выпадку адмовы чалавеку пагражаюць суткамі.

Праваабаронцам вядома як мінімум пра дзясятак такіх выпадкаў.

Дзеянні Польшчы ў адказ на рэпрэсіі Мінска адносна польскай меншасці апошнім часам былі даволі рашучымі. Напрыклад, у адказ на асуджэнне да зняволення аднаго з лідараў польскай меншасці Анджэя Пачобута Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі — Бераставіца».

У Польшчы ходзяць думкі ўвогуле цалкам закрыць мяжу з Беларуссю.

Глядзіце таксама