Расія правядзе мабілізацыю не толькі ў сябе, але і ў Паўночнай Карэі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што РФ рыхтуе не толькі сваю мабілізацыю, але і гатовая атрымаць яшчэ 30 тысяч салдат ад Паўночнай Карэі. Пуціну дасылаюць сігналы пра спыненне вайны нават праз прэзідэнта Казахстана Такаева, але кіраўнік Расіі іх не слухае, і кідае ў мясарубку ва Украіне ўсё больш людзей. Ідуць 1613-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 258 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 штурмаў расійскіх захопнікаў у раёнах Шахава, Сафіеўкі, Радзінскга, Грышына, Котліна, Удачнага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 29 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля і ў бок Сцяпанаўкі, Доўгай Балкі і Новапаўлаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 25 атак у бок Верхняй Тэрсы, Стараукраінкі, Цвятковага, Уздвіжаўкі, Горкага і Чароўнага і ў іншых.
На Славянскім кірунку армія РФ штурмавала 21 раз у раёнах Крывой Лукі, Закітнага і ў бок Піскуноўкі, Мікалаеўкі і Рай-Аляксандраўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійскія войскі 12 разоў атакавалі ў раёнах Прыліпак, Старыцы, Вільчы і ў бок Ізбіцкага і Хатняга.
На Ліманскім кірунку расіяне 10 разоў спрабавалі прасунуцца ў раёнах Навасёлаўкі, Дробышава і ў бок Лімана, Ставак, Дзібровы.
* * *
Камандуючы Сіл беспілотных сістэм УСУ Роберт «Мадзяр» Броўдзі паведаміў, што Расія працягвае нарошчваць колькасць войскаў непасрэдна на лініі фронту.
Па словах камандуючага СБС, колькасць расійскіх ваенных на перадавой вырасла на 18% у параўнанні з траўнем і на 12% у параўнанні з чэрвенем. Гэта стала вынікам таго, што расійскае камандаванне асцерагаецца праверак рэальнай сітуацыі на фронце і разыходжанняў паміж фактычным станам спраў і афіцыйнымі справаздачамі. Таму расіяне павялічваюць колькасць асабовага складу, які кідаюць у рызыкоўныя атакі і спробы прарыву ўкраінскіх пазіцый, закліканых стварыць бачнасць прасоўвання.
У сувязі з гэтым Броўдзі заклікаў цвяроза ацэньваць сітуацыю на фронце і ўлічваць магчымасці праціўніка па рэгулярным папаўненні асабовага складу.
* * *
Расійскія войскі ў ноч на 26 ліпеня атакавалі Кіеў балістычнымі ракетамі. У Шаўчэнкаўскім раёне горада абломкі ракеты ўпалі на 18-павярховы дом, адбылося ўзгаранне на ўзроўні 7–8 паверхаў. Пра пацярпелых не паведамляецца.
Раніцай 26 ліпеня расійскія войскі атакавалі Крывы Рог у Днепрапятроўскай вобласці, загарэўся гандлёвы цэнтр. Агулам за мінулыя за суткі расіяне амаль 20 разоў атакавалі тры раёны вобласці артылерыяй і беспілотнікамі, у выніку пацярпеў адзін чалавек.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце заявіў, што Расія рыхтуецца атрымаць ад Паўночнай Карэі яшчэ 30 тысяч ваеннаслужачых.
«Мы бачым і супрацоўніцтва Расіі з Паўночнай Карэяй. Расія хоча атрымаць яшчэ 30 тысяч ваеннаслужачых з Паўночнай Карэі: ужо з чэрвеня ў Варонежскай вобласці рыхтуюцца да іх прыёму. Таксама Паўночная Карэя рыхтуецца перадаць Расіі новыя пускавыя ўстаноўкі для балістычных ракет», — сказаў ён.
Па яго словах, Расія дапамагае Паўночнай Карэі вучыцца весці вайну і ўдасканальвае яе ўзбраенне, і гэта ўяўляе пагрозу «для кожнага ў Азіі, хто знаходзіцца ў зоне дасягальнасці паўночнакарэйскіх ракет».
«Мы будзем процідзейнічаць», — дадаў Зяленскі.
Ён зноў адзначыў, што Расія рыхтуецца да пашырэння мабілізацыі восенню.
«У нас ёсць падрабязныя справаздачы разведкі аб расійскіх планах на восень. Чаго там няма — у расійскіх планах, — дык гэта міру. На жаль. Пакуль што няма. Пуцін рыхтуе ўмовы для пашырэння мабілізацыі.
Пуцін рыхтуецца проста забіраць новых расіян на вайну. Ён маскіруе гэта іншымі словамі, сігналамі, але рыхтуецца. Важна, каб мы з партнёрамі маглі аказаць на Расію дастатковы ціск, каб думкі аб спыненні гэтай агрэсіі сталі дамінаваць — думкі аб міры, а не аб дадатковай расійскай мабілізацыі», — лічыць Зяленскі.
* * *
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у час сустрэчы ў Омску сказаў кіраўніку Расіі Уладзіміру Пуціну, што яму да гэтага часу не зразумелая прычына расійскай агрэсіі супраць Украіны, і прапанаваў «замарозіць канфлікт на аснове стамбульскіх дамоўленасцей».
«Можа быць, гэты канфлікт ужо варта замарозіць і вярнуцца да Стамбульскай формулы 2.0, паколькі там былі дасягнуты значныя вынікі. Ну, і затым ужо, – натуральна, пад гарантыі вялікіх дзяржаў, уключаючы Расію, – далей рухацца», — сказаў Такаеў.
Па яго словах, ён падняў гэтую тэму, паколькі да яго «паступае шмат сігналаў» адносна расійскай вайны супраць Украіны. «Я не буду хаваць, што да мяне паступае шмат сігналаў… З Еўропы, з Злучаных Штатаў Амерыкі сігналы, якія тычацца цяперашняга становішча канфліктнай сітуацыі паміж Украінай і Расіяй», – заявіў Такаеў.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў у адказ на прапанову прэзідэнта Казахстана заявіў, што «замарозка немагчымая», усклаўшы адказнасць за гэта на Кіеў.
У адказ на пытанне, як Пуцін у ходзе размовы адрэагаваў на прапанову Такаева, Пяскоў сказаў: «Ён (Пуцін) падрабязна яму ўсё расказаў пра спецыяльную ваенную аперацыю».
«Для нас ёсць галоўная ўмова – мы павінны дасягнуць сваіх мэт», – сказаў прадстаўнік Крамля.
* * *
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў сацыяльнай сетцы Х папярэдзіў аб магчымасці выкарыстання Расіяй «фальшывай дыпламатыі» з мэтай пазбягання санкцый ЗША.
Як адзначыў Сібіга, у апошнія гады прасочваецца выразная заканамернасць: кожны раз, калі надыходзяць новыя маштабныя санкцыі, асабліва з боку ЗША, кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін робіць усё магчымае, каб выйграць час.
«Яго любімая зброя — фальшывая дыпламатыя, пастановачныя тэлефонныя званкі і сустрэчы з не добрасумленнымі намерамі. Улічваючы, што на наступным тыдні на разгляд выносіцца законапраект сенатара Грэма аб санкцыях, мы павінны заставацца пільнымі. Расія можа паспрабаваць сарваць яго, прыкідваючыся, што клапоціцца аб міры», — адзначыў дыпламат.
Сібіга дадаў, што ўзмацненне санкцыйнага ціску на Маскву «жыццёва важна для процідзеяння расійскаму тэрору і прымусу да рэальнага спынення гэтай вайны».