Класкоўскі: Лукашэнка чакае вынікаў міжсабойчыка расійскіх персанажаў

Ці будзе «Вагнер» наогул у Беларусі, пакуль незразумела. І вырашае гэта пытанне дэ-факта Масква, гандлюючыся з правадыром няўдалага бунту Яўгенам Прыгожыным. Беларускі ж кіраўнік у гэтай гісторыі — на падхопе. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі аналізуе, як здзімалася рыторыка беларускага правадыра з часу мяцяжу Прыгожына.

scale_1200__6__1.webp

Зорны піяраўскі час беларускага правадыра, які намаляваў было сябе выратавальнікам Расіі ад смуты, хутка прайшоў. Чым далей, тым больш выразна вымалёўваецца іншая карціна. Падобна на тое, што Крэмль проста выкарыстаў Лукашэнку, каб хутчэй купіраваць бунт, даць Прыгожыну нейкія варыянты адыходу. І магчымае з'яўленне нейкай часткі «вагнераўцаў» у Беларусі — гэта, хутчэй, выклік і галаўны боль для яе кіраўніка, чым каштоўнае набыццё.

Вобраз Збавіцеля Пуціна стаў хутка здзімацца

Так, Лукашэнка, несумненна, быў зацікаўлены, каб мяцеж удалося пагасіць як мага хутчэй. Ён шчыра сказаў сваім сілавікам і прапагандыстам яшчэ 27 чэрвеня: «Калі абрынецца Расія, пад абломкамі будзем усе мы». На прэс-канферэнцыі ён прызнаў, што ў выпадку разрастання смуты «горача было б усім. Але нам дакладна. Нам было б не адседзецца, я гэта зразумеў адразу. Таму я і ўключыўся ў гэты працэс».

Лукашэнка паведаміў, што падчас бунту ў Беларусь прыбыло «пяць ці сем» расійскіх самалётаў, каб пры неабходнасці перакінуць на абарону Масквы брыгаду беларускіх сіл спецыяльных аперацый. Хутчэй за ўсё, на падмозе настойваў Пуцін, Лукашэнка напэўна не хацеў удзелу сваіх байцоў у кровапраліцці. Гэта і стала адным са стымулаў пайсці на перамовы з Прыгожыным.

Ступень жа блізкасці стасункаў беларускага кіраўніка з кіраўніком «Вагнера» некаторыя каментатары відавочна перабольшваюць. Сёння Лукашэнка заявіў, што «Пуцін Прыгожына ведае значна лепш, чым я. Я яго проста бачыў пры арганізацыі тых ці іншых мерапрыемстваў».

Гэтая рэмарка таксама можа ўскосна казаць, што ўключэнне «малодшага брата» ў перамовы з Прыгожыным было спантанным сітуацыйным рашэннем Масквы. Кагосьці там, верагодна, асяніла: а давайце сплавім мяцежніка ў Беларусь, дамо якія-небудзь гарантыі ад імя яе кіраўніка, ён жа не асмеліцца адмовіцца.

Можна меркаваць, што пасля феерычных заяў беларускага правадыра на ўручэнні генеральскіх пагонаў сваім сілавікам яму з Крамля параілі не выпінаць свае заслугі ў гісторыі з мяцяжом.

Лукашэнка ўжо не маляваўПуціна ў той сітуацыі разгубленым, а даволі сціпла адзначыў, што «мы, згуляўшы пэўную ролю, і ён (заўважце, Пуцін ужо на першым месцы. А.К.), і я не дапусцілі гэтай смуты». І пачаў пераконваць, што «роля Беларусі (цяпер наперад выносіцца Беларусь. —А.К.) і мая, у прыватнасці, роля не нашкодзіла Расійскай Федэрацыі».

Карацей, вобраз выратавальніка Расіі і яе правадыра хутка пачаў здзьмувацца. Ужо трэба даказваць, што ты «старэйшаму брату» не нашкодзіў.

Глядзіце таксама

У лаяльнасці «прыгожынцаў» беларускі кіраўнік не ўпэўнены

Разам з тым даводзіцца пераконваць публіку і ў тым, што «Вагнер» не нашкодзіць Беларусі.

Раней Лукашэнка заявіў, што былых зняволеных з ліку байцоў гэтай ПВК на беларускай тэрыторыі не будзе. Потым ён спрабаваў падаць «прыгожынцаў» высакароднымі рыцарамі, якія «ваююць па ўсім свеце, адстойваючы дэмакратыю або незалежнасць тых ці іншых краін, дзе Францыя ці Злучаныя Штаты хацелі б паставіць кагосьці на калені». Таксама Лукашэнка працягвае пераконваць, што «вагнераўцы» будуць яму даспадобы як вопытныя ваенныя інструктары.

Але пры гэтым асаблівага натхнення не адчуваецца. Разважаючы, ці можа ў Беларусі паўтарыцца сітуацыя, якая адбылася з «Вагнерам» у Расіі, кіраўнік туманна заўважыў, што «гадаць на кававай гушчы сэнсу няма. Але я не думаю, што «Вагнер» дзесьці паўстане і паверне сваю стрэльбу супраць беларускай улады і беларускай дзяржавы. У жыцці ўсякае бывае. Але я сёння не бачу такой сітуацыі. Працаваць трэба з людзьмі».

Пагадзіцеся, упэўненасці, а тым больш драйву — няма. Прыбыццё «вагнераўцаў» кіраўнік разглядае хутчэй як кучу праблем, як выдаткі сваёй спантаннай «міратворчасці», а па сутнасці — вольнага або міжвольнага ўсоўвання ва ўнутрырасійскія разборкі.

Глядзіце таксама

«Пытанне відавочна не да мяне»

Але вішанька на торце — гэта фактычнае прызнанне Лукашэнкі, што зусім не ён вырашае, ці быць «Вагнеру» ў Беларусі: «Гэта кампанія, вы выдатна разумееце, расійская. Таму пытанне відавочна не да мяне».

«Будуць яны ў Беларусі ці не будуць, у якой колькасці — найбліжэйшым часам мы разбяромся», — дадаў беларускі кіраўнік. Ён паведаміў, што будзе абмяркоўваць гэта пытанне з Пуціным. І калі, маўляў, расійскае кіраўніцтва і ПВК «Вагнер» палічаць неабходным размясціць пэўную колькасць байцоў у Беларусі для адпачынку і падрыхтоўкі, ён, Лукашэнка, сваё абяцанне аб гатоўнасці прыняць іх стрымае.

Гэта значыць, у пытанні далейшай дыслакацыі ПВК «Вагнер», што ўжо паставіла на вушы суседзяў Беларусі, насцярожыла яе насельніцтва, вырашальнае слова — за Крамлём і Прыгожыным, якія цяпер, падобна, працягваюць сваю дамову па паняццях. Лукашэнка, ва ўсякім выпадку, паведаміў, што экс-правадыр бунту «знаходзіцца ў Піцеры. Дзе ён сёння раніцай? Можа быць, у Маскву паехаў...»

Адбываюцца цікавыя рэчы. Чалавек, якога Пуцін абвясціў было здраднікам, які нанёс удар у спіну, спакойна курсіруе па Расіі. Прыгожыну вяртаюць канфіскаваныя пры ператрусе ў яго офісе грошы і зброю. Ідзе каламутная закулісная гульня. Уражанне такое, што гандаль працягваецца. Як лічаць іншыя аналітыкі, Крэмль мог змякчыцца таму, што Прыгожын ведае занадта шмат непрывабных таямніц.

Але ў любым выпадку Лукашэнка тут відавочна па-за гульнёй, ён проста чакае вынікаў гэтага міжсабойчыка расійскіх персанажаў.

Глядзіце таксама

Кантракт на сваю галаву

А пакуль кіраўнік спрабуе супакоіць публіку тым, што ў выпадку прыбыцця «вагнераўцаў» у Беларусь звяжа іх нейкім юрыдычным кантрактам: «На ўзроўні закона або ўказа прэзідэнта будуць вызначаны рамкі, у якіх будзе дзейнічаць гэтае падраздзяленне».

Але наколькі ўдасца такім чынам узяць спецыфічных гасцей пад кантроль? Як можна зразумець, «прыгожынцы »ўжо цяпер паказваюць нораў, круцяць носам. З прызнання Лукашэнкі вынікае, што спешна абсталяваны лагер пад Асіповічамі гасцям недаспадобы. У іх, вы разумееце, «іншае бачанне па размяшчэнні». І Беларусь, маўляў, гатова прапанаваць некалькі пунктаў для дыслакацыі.

Тут варта ўдакладніць: не Беларусь, а кіраўніцтва рэжыму. Беларусаў ніхто не пытаўся.

Ну а галоўнае — атрымліваецца, што ў гэтым сюжэце ўмовы дыктуюць Крэмль, Прыгожын і яго арлы. Горды ж кіраўнік Беларусі вымушаны дзейнічаць у духу «чаго жадаеце?».

І нарэшце, верагодная легалізацыя «Вагнера» ў Беларусі — гэта таксама перспектыва так сабе. Вядома, згламэздаць указ, заключыць з гэтай ПВК нейкі кантракт, пра што кажа Лукашэнка, — справа тэхнікі. Але гэта будзе кантракт з арганізацыяй, якую на Захадзе лічаць тэрарыстычнай або злачыннай. І як вынік — новыя праблемы на сваю галаву. Не толькі для рэжыму, але і для ўсёй краіны.

Глядзіце таксама