Навумчык: Што агульнага паміж Лукашэнкам і Прыгожыным?
Аналітык Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале праводзіць выразныя паралелі паміж Лукашэнкам у 1990-я і Прыгожыным сёння. Вы здзівіцеся.
Апошнім часам ня мог пазбавіцца ад адчуваньня, што кіраўнік расейскай ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын, які днямі заявіў пра «двух карлікаў» (відавочны намёк на канкрэтных асобаў у Крамлі), мне кагосьці нагадвае. І нарэшце зразумеў: Лукашэнку пачатку 90-х.
Узыходжаньне Прыгожына было б немагчымым без спрыяньня высокапастаўленых крамлёўскіх асобаў, найперш Пуціна і ягонага атачэньня.
Як публічны палітык Лукашэнка ў значнай ступені ўзвысіўся дзякуючы Станіславу Шушкевічу і Вячаславу Кебічу. Бяз гэтага ніякае спрыяньне расейскіх спэцслужбаў (а менавіта на Лукашэнку зрабіла стаўку Лубянка, якая ўжо падмінала старую партнемэнклатуру ў выглядзе Ельцына і Чарнамырдзіна, што сымпатызавалі Кебічу) не дапамагло б.
... Ёсьць у палітычнай біяграфіі Лукашэнкі факт, які ён і ягоныя афіцыйныя біёграфы старанна абыходзяць.
Напрыканцы 1991-га старшыня Саўміну Кебіч прызначыў Лукашэнку сваім дарадцам па аграрных пытаньнях. Пасада была, наколькі мне вядома, без аплаты (як тады казалі, «на грамадзкіх асновах»), але з немалымі паўнамоцтвамі (дастаткова сказаць, што пасьля Лукашэнкі гэтую пасаду заняў Сямён Шарэцкі, будучы старшыня ВС-13).
Гэта дазволіла Лукашэнку ўсталяваць цесныя і трывалыя кантакты з высокапастаўленымі службоўцамі і кіраўнікамі рэгіёнаў. Прычым ня ў якасьці даверанай асобы кіраўніка выканаўчай улады, у якога (а зусім не ў старшыні Вярхоўнага Савету) і знаходзіліся рэальныя рычагі ўпраўленьня краінай. І менавіта такі імідж (адрозны ад іміджу дэпутата, які падскоквае да мікрафону па якой заўгодна тэме ў дыяпазоне ад дэфіцыту жаночых панчохаў да вываду ядзернай зброі) быў у Лукашэнкі, як я ня раз меў магчымасьць пераканацца, сярод зусім немалой часткі высокапастаўленых службоўцаў. У тым ліку і ў рэгіёнах.
Ну, а ў чэрвені 1993 году старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч энэргічна падтрымаў вылучэньне Лукашэнкі на пасаду так званай антыкарупцыйнай камісіі, паставіўшы на галасаваньне толькі ягоную кандыдатуру (былі і іншыя). Шушкевіч сказаў тады, што хоча, каб Лукашэнка быў «вялікім начальнікам» — зразумела, у іранічным тоне.
Але ёсьць сытуацыі, калі іронія абарочваецца зусім ня сьмехам.
Праз паўгода, у сьнежні 1993-га, свой «антыкарупцыйны» даклад, які і вывеў яго ў вялікую палітыку, Лукашэнка пабудаваў на цалкам неабгрунтаваных абвінавачваньнях у бок старшыні Вярхоўнага Савету. Пазьней стала вядома, што даклад гэты пісалі супрацоўнікі адміністрацыі Кебіча і журналісты падкантрольнай Кебічу ж «Советской Белоруссии».
У вачах насельніцтва Шушкевіч быў прадстаўлены «карупцыянэрам», ну а Лукашэнка выглядаў абаронцам народу. Празь месяц па ініцыятыве Лукашэнкі Шушкевіч быў адпраўлены ў адстаўку.
«Дабіваў» Шушкевіча Лукашэнка ўжо выступамі па дзяржаўным радыё — на загад Кебіча яму прадастаўлялі этэр ледзь не штодня. Але ўсё часьцей кляйміў «нацыяналістаў з БНФ».
Кебіч і ягоныя паплечнікі паціралі рукі: шлях да прэзыдэнцтва быў расчышчаны, заставалася дробязь — увесьці само прэзыдэнцтва ў Канстытуцыю, што і было зроблена з дапамогай падкантрольных Кебічу дэпутатаў.
У сакавіку 1994-га, калі прымалася Канстытуцыя, я запытаўся ў Вячаслава Францавіча, ці не падаецца яму, што ён вельмі моцна памыляецца, калі верыць у адданасьць Лукашэнкі. Прэм’ер, які звычайна не дапускаў падвойных інтэрпрэтацый сваіх словаў, гэтым разам адказаў нешта няўцямнае. Кшталту таго, што, магчыма, я і маю рацыю, але як яно будзе — пакажа час.
Праз некалькі дзён Вячаслаў Францавіч атрымаў цудоўную магчымасьць вызначыцца ў сваім меркаваньні. У прамым радыёэтэры Лукашэнка заявіў, што калі Кебіч ня будзе абраны прэзыдэнтам — будзе сядзець у турме. Казалі, Вячаслаў Францавіч быў шакаваны гэткім вераломствам. Але ягоныя інтарэсы Лукашэнку ўжо не цікавілі (зрэшты, як і раней).
І з гэтага моманту напады на Кебіча (нароўні з «такую страну развалили!») зрабіліся асноўным лейтматывам выступаў Лукашэнкі. І закрыць рот «народнаму абаронцу» ні Кебіч, ні хто іншы ўжо былі ня здольныя.
Некаторыя аналітыкі, камэнтуючы ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Расеі і яе магчымыя пэрспэктывы, кажуць, што Прыгожын імкліва набірае палітычную вагу ў грамадзтве і асабліва — у той частцы дзяржаўнага і сілавога апарату, якая выступае за працяг вайны з Украінай любымі сродкамі і для якой Пуцін недастаткова рашучы.
Сёньня цяжка ўявіць, што Прыгожын можа зрабіцца кіраўніком Расеі: гэта чалавек імпульсіўны, здольны на самыя радыкальныя заявы, для якога не існуе аўтарытэтаў. Ня кажучы ўжо пра непрыхавана злачынны характар дзеяньняў узброенага фармаваньня, якім ён кіруе. І ў нармальных дэмакратычных грамадзтвах такія людзі, калі ім і ўдаецца выйсьці на палітычную арэну, зьбіраюць электаральна нязначную колькасьць прыхільнікаў і застаюцца на маргінэзе.
Але ў сытуацыі палітычнай ды эканамічнай нестабільнасьці якраз такія асобы атрымліваюць шанцы ўзвысіцца аж да самых высокіх пасадаў. І прыклад Адольфа Гітлера ў Нямеччыне пачатку 30-х гадоў — самы вядомы, але далёка не адзіны на эўрапейскім кантынэнце.
І ў Лукашэнкі, і ў Прыгожана, пры ўсёй розьніцы іх біяграфій, ёсьць адна агульная якасьць, якая на фоне іншых рысаў характару здаецца, магчыма, і неістотнай. Але асабіста для мяне яна шмат пра што кажа. Гэта чалавечая няўдзячнасьць да тых, каму яны абавязаныя сваім узвышэньнем.
У выпадку Лукашэнкі можна ўзгадаць ня толькі Кебіча і Шушкевіча, але і Ганчара, і Фядуту, і Лябедзьку, і шмат каго іншага. Ня варта забывацца і пра Васіля Лявонава, які на пасадзе першага сакратара Магілёўскага абкаму ўратаваў дырэктара саўгасу «Гарадзец» Лукашэнку ад турмы за зьбіцьцё мэханізатара — і, як міністар сельскай гаспадаркі, быў пасаджаны ў турму прэзыдэнтам Лукашэнкам.
Адносна Прыгожына ўжо цяпер можна назваць прозьвішчы Пуціна і Мядзьведзева — магчыма, з цягам часу даведаемся і іншыя.
Пра такіх людзей кажуць, у пераносным сэнсе: «пойдзе па трупах».
Але здараецца, што фраза набывае і рэальнае ўвасабленьне.