Як галоўны прапагандыст Франка стаў адным з архітэктараў дэмакратычнай Іспаніі

Мануэль Фрага кіраваў цэнзурай, апраўдваў рэпрэсіі і быў адным з галоўных прапагандыстаў франкісцкай дыктатуры. Аднак пасля смерці Франка менавіта ён увайшоў у лік аўтараў новай Канстытуцыі Іспаніі і ўдзельнікаў пабудовы дэмакратычнай дзяржавы. Як чалавек, якога называлі «іспанскім Гебельсам», прайшоў такі шлях?

Мануэль Фрага. Фота: Anefo / Wikimedia Commons (CC0)

Мануэль Фрага. Фота: Anefo / Wikimedia Commons (CC0)

Неспавядальныя шляхі прапагандыстаў. Як прыклад — біяграфія Мануэля Фрагі, які прымудрыўся прайсці шлях ад галоўнага прапагандыста дыктатуры Франка да аднаго з архітэктараў іспанскай дэмакратыі.

Да таго як стаць міністрам інфармацыі і турызму ў 1962 годзе, Мануэль Фрага (нар. 1922) зрабіў бліскучую акадэмічную і адміністрацыйную кар'еру. Аднак для большасці іспанцаў яго імя стала вядомым менавіта пасля таго, як ён узначаліў ведамства, якое адказвала за цэнзуру і прапагандысцкі апарат рэжыму.

Да Фрагі мадэль цэнзуры ў Іспаніі была вельмі архаічнай і прымітыўнай: цэнзары, часта прадстаўнікі каталіцкай царквы, старанна выпраўлялі ці забаранялі цэлыя фрагменты тэкстаў яшчэ да іх публікацыі.

Магчыма, самае цікавае адбывалася на маральным фронце: з фільмаў выразалі пацалункі, прыбіралі «эратычныя» тэксты, дамалёўвалі жанчынам на фатаграфіях больш доўгія спадніцы і нават перараблялі сюжэты кніг, каб яны не намякалі чытачу на шлюбную нявернасць.

Новы міністр паабяцаў лібералізацыю. Асновай новай палітыкі стаў Закон аб друку і друкаваных выданнях (Ley de Prensa e Imprenta) 1966 года, які фармальна адмяняў папярэднюю цэнзуру для друкаваных выданняў. Аднак пры гэтым закон пакідаў за рэжымам права «наступнага пакарання», што, па сутнасці, было не менш эфектыўным сродкам кантролю.

Першай ахвярай гэтага закона стаў пісьменнік Ісаак Мантэра. Натхнёны рэформамі Фрагі, ён паспрабаваў выдаць арыгінальную версію сваёй кнігі, якую раней не хацелі друкаваць праз цэнзуру. У выніку ўвесь тыраж быў канфіскаваны проста ў друкарні, а самому аўтару прыгразілі турэмным зняволеннем.

Другім ключавым элементам закона Фрагі быў артыкул 2, які дазваляў уладам накладаць штрафы, канфіскоўваць тыражы і нават закрываць выданні на падставе таго, што яны «не праяўляюць належнай павагі да інстытутаў улады». Неўзабаве са спасылкай на гэты артыкул была закрытая газета Madrid, якая стала пляцоўкай для ўмерана-ліберальнага крыла франкісцкага рэжыму.

Жорсткая цэнзура, татальны ідэалагічны кантроль і змрочная атмасфера культурнага застою спрыялі таму, што ў апазіцыйных колах і частцы прэсы Фрагу пачалі называць «іспанскім Гебельсам».

Глядзіце таксама

Імя Фрагі таксама звязана са справай Хуліяна Грымаў Гарсіі (Julián Grimau García) — адным з самых змрочных эпізодаў франкісцкай дыктатуры. Грымаў быў адным з кіраўнікоў камуністычнага падполля. У 1962 годзе яго арыштавалі, падверглі збіццю і катаванням, а пасля супрацоўнікі паліцыі скінулі яго з акна другога паверха.

Пазней Хуліяна Грымаў прысудзілі ваенным трыбуналам да смяротнага пакарання, нягледзячы на шматлікія працэсуальныя парушэнні, непацверджаныя абвінавачванні і просьбы аб памілаванні ад вядомых асоб, у тым ліку Папы Рымскага, прымаса Іспаніі і каралевы Бельгіі.

Падчас працэсу Фрага асабіста ўзначаліў маштабную прапагандысцкую кампанію, якая павінна была прадставіць лідара камуністаў як злачынцу і апраўдаць яго пакаранне. Калі пасля прысуду паўстала пытанне аб памілаванні, Фрага быў сярод 19 міністраў, якія аднагалосна прагаласавалі супраць.

Але пасля смерці Франка ў 1975 годзе гэтага чалавека нібы падмянілі. Фрага імкліва адышоў ад франкісцкіх структур і стаў адным са стваральнікаў новай дэмакратычнай Іспаніі. У прыватнасці, яго лічаць адным з сямі «бацькоў Канстытуцыі» 1978 года, якая замацавала ў краіне дэмакратычную мадэль дзяржаўнага ладу.

Аднак гэтым былы «іспанскі Гебельс» не абмежаваўся. Ён заснаваў цэнтрысцкую партыю Alianza Popular, якая пазней трансфармавалася ў Народную партыю. Менавіта яна стала адным з галоўных палітычных інструментаў інтэграцыі значнай часткі франкісцкіх эліт у новую дэмакратычную сістэму.

Глядзіце таксама

Памёр Мануэль Фрага ў 2012 годзе. Пры гэтым у апошнія гады сваёй палітычнай кар'еры ён выступаў за далейшую лібералізацыю інфармацыйнага заканадаўства.

Застаецца дадаць, што ацэнкі спадчыны Фрагі і сёння застаюцца цесна звязанымі з незагойнымі ранамі іспанскай гісторыі. Для адных ён — прагматычны дзяржаўны дзеяч, які дапамог краіне пазбегнуць хаосу пасля смерці Франка. Для іншых — сімвал рэпрэсій, цэнзуры і прапаганды.

У любым выпадку Мануэль Фрага ўвасабляе сабой складаны і часта неадназначны характар пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі, калі людзі, якія яшчэ ўчора абслугоўвалі дыктатарскі рэжым, раптам становяцца ўдзельнікамі будаўніцтва новай палітычнай сістэмы.