Лорд Гаў-Гаў: смерць прапагандыста

76 гадоў таму за супрацоўніцтва з нацыстамі быў пакараны Уільям Джойс. Яго запомнілі як генія прапагандысцкіх войнаў.

the_capture_of_william_joyce__germany__1945_bu6910.jpg

Вядома, што нацысты, калі захоплівалі тую або іншую тэрыторыю, сярод іншага адразу патрабавалі ад мясцовага насельніцтва здаць усе радыёпрымачы. Можна дапусціць, што акупанты, аддаючы падобныя загады, сыходзілі са свайго вопыту інфармацыйных войнаў і ведалі, наколькі небяспечнай можа быць радыёпрапаганда з таго боку фронту.

Жывым тагачасным прыкладам эфектыўнасці радыё ў часы вайны быў Лорд Гаў-Гаў (можна сустрэць таксама варыянты як «Лорд Гав-гав», або «Лорд Хо-Хо») — ды-джэй нямецкай радыёстанцыі, якая вяла трансляцыі на Англію з мэтай дэмаралізацыі насельніцтва і вайскоўцаў. Першыя выпускі перадачы «Гаворыць Германія», якую чытаў Лорд, выйшлі ў эфір увосень 1939-га. А ўжо на пачатку 1940-га брытанская разведка разглядала іх як сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы.

«Нельга не прызнаваць папулярнасць лорда Гаў-Гаў у прапагандысцкай вайне. Ён выйшаў на пярэдні план і шмат у чым успрымаецца як пазітыўны сімвал нацысцкай Германіі», — рапартавалі тады спецслужбы. Паводле некаторых крыніц, аўдыторыя Лорда Гаў-Гаў у нейкі час даходзіла да 85 % ад усёй колькасці слухачоў Брытаніі. Прычым, як правіла, гэта былі пастаянныя слухачы BBC: у 9 гадзін вечара яны слухалі зводку навін брытанскага радыё, а затым пераключаліся на хвалю праграмы «Гаворыць Германія», якая пачыналася ў 09:15.

У 1942 годзе феномен Лорда нават натхніў кінематаграфістаў зняць фільм пра прыгоды Шэрлака Холмса, якому разведка даручае важную справу — напасці на след групы нямецкіх дыверсантаў пад кіраўніцтвам ды-джэя «Голас жаху». Той «Голас Жаху» фабрыкаваў навіны аб выбухах і іншых дыверсіях, каб навесці жах на брытанскіх слухачоў.

Трыумф Лорда можна патлумачыць шэрагам прычынаў. Напрыклад, арыгінальным стылем дыктара. Каментуючы навіны, ён дазваляў сабе шмат сарказму і фантазіі. Так, «Гаворыць Германія» паведамляла, што ў адказ на афіцыйную кампанію пра пагрозу бамбардзіровак люфтвафе лонданскія модніцы пачалі замаўляць у атэлье шыкоўныя медныя капелюшы. Адзін канадскі журналіст у Лондане ў лістападзе 1939-га натаваў у сваім дзённіку: «Калі нам не хапае забаў, мы ўключаем радыё і настройваемся на гэтага коміка. Пры гэтым мы часта задаемся пытаннем — ці ведае ён сам, колькі смеху выклікае».


Кадр з прапагандысцкага мультфільма саюзнікаў "Токіа Джокіа" 1943 года, на якім антрапаморфны асёл, вядомы як "Лорд Хі-Хо, правадыр ветразуб", адлюстроўвае дыктара радыё Уільяма Джойса, таксама вядомага як "Лорд Хо-Хо"

Кадр з прапагандысцкага мультфільма саюзнікаў "Токіа Джокіа" 1943 года, на якім антрапаморфны асёл, вядомы як "Лорд Хі-Хо, правадыр ветразуб", адлюстроўвае дыктара радыё Уільяма Джойса, таксама вядомага як "Лорд Хо-Хо"

Па-другое, усе спрабавалі зразумець — хто стаіць за мянушкай дыктара? Тое, што праграму вядзе брытанец, не было ніякіх сумневаў. Вядучы размаўляў па-англійску як стандартны жыхар Альбіёну, ведаў нюансы паўсядзённай культуры англічан. З улікам таго, што да вайны хеўра мясцовых арыстакратаў сімпатызавала Гітлеру, народная думка дапускала, што за псеўданімам Лорд Гаў-Гаў хаваецца нават нейкі прадстаўнік каралеўскай сям’і.

На самай справе ўсё аказалася больш празаічна. За той мянушкай хаваўся малавядомы публіцы Уільям Джойс. Ён нарадзіўся ў 1906 годзе ў Злучаных Штатах у сям’і ірландцаў, якія пасля вярнуліся ў Брытанію. Дапускаюць, што на шлях здрады радзіме яго маглі падштурхнуць ірландскае паходжанне або ўдзел у Першай сусветнай вайне. Яе ветэраны часта ненавідзелі эліту і далучаліся да радыкальных груповак. Сам Уільям паспеў да вайны папрацаваць у Саюзе Брытанскіх Фашыстаў, адкуль, праўда, яго выключылі. Улетку 1939-га, калі на гарызонце з’явіліся прыкметы хуткай вайны, ён паспеў збегчы ў Берлін, дзе ўладкаваўся прапагандыстам на радыё.

Напэўна, сам Уільям не чакаў, што будзе такім мегапапулярным. Зрэшты, брытанскія ўлады самі дапамагалі росту інтарэсу да яго трансляцый. Нягледзячы на абвяшчэнне вайны Гітлеру ў верасні 1939-га, Англія так і не пачала вайсковыя дзеянні ў дапамогу Польшчы. Незразумеласць таго, што адбываецца, прымушала простых людзей шукаць адказы ў тым ліку на радыёхвалях нямецкіх станцый.

Пазней, калі Германія акупавала Данію і Нарвегію і пачалася гарачая фаза вайны, сітуацыя змянілася. Цікавасць да выпускаў «Гаворыць Германія» будзе стабільна падаць. Іх працягнуць слухаць шмат у чым праз тое, што ў іх паведамлялі аб збітых самалётах і патопленых караблях саюзнікаў. Усе разумелі, што гэта нацысцкая прапаганда, але яна часам утрымлівала падрабязнасці, якія тычыліся лёсу сяброў або сваякоў на фронце.

Апошняя трансляцыя Джойса была зроблена з Гамбурга 30 красавіка 1945 года, у дзень самагубства Гітлера. Джойс закончыў свой выступ наступнай тырадай: «І зараз я вас шчыра пытаю, ці можа Брытанія выжыць? Я глыбока перакананы, што без дапамогі Германіі ў яе няма шанцаў». Пасля заканчэння эфіру ён сабраў рэчы і накіраваўся ў бок дацкай мяжы, дзе наткнуўся на брытанскі патруль. Магчыма, калі б гэта былі амерыканскія жаўнеры, Джойс (ён меў ліпавыя дакументы) мог бы разлічваць уцячы. А вось брытанцы адразу пазналі голас славутага дыктара «Гаворыць Германія». Так Джойс трапіў у палон.


the_arrest_of_william_joyce___lord_haw_haw___in_germany__may_1945_bu6911.jpg


Суд над Уільямам Джойсам па абвінавачанні ў здрадзе радзіме пачаўся 17 верасня 1945 года. І тут жа стала вядома пра тое, што яго брытанскі пашпарт быў падроблены, і на самай справе ён — грамадзянін ЗША. А паколькі Злучаным Штатам падсудны не здраджваў, яго па логіцы закона варта было выпусціць. Тады генпракурор заявіў, што Джойс выкарыстаў брытанскі пашпарт (нават калі ён з'явіўся ў яго незаконна) з мэтай атрымаць палітычны прытулак у Германіі. Такім чынам, ён абавязаны быў захоўваць вернасць Каралю тады, калі пачаў працаваць на немцаў.

Аргумент быў надзвычай спрэчны, але на гэты час у вачах шмат каго Джойс быў адным з галоўных ворагаў краіны. Ужо праз два дні ён быў асуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне. Пакаранне было праведзена 3 студзеня 1946 года.

Да гонару брытанскай феміды трэба сказаць, што спрэчкі пра справядлівасць згаданага вердыкту цягнуцца да гэтага часу. Таксама працягваюцца спробы ацаніць працу Уільяма на радыё. У 1975-м у Англіі яго нават назвалі лепшым радыёвядучым у гісторыі, прызнаўшы адначасова, што, на жаль, ён загубіў свой талент на службе ворагу.