Апошні мірны жнівень
Як жыла Заходняя Беларусь за месяц да Другой сусьветнай вайны? Мы прасачылі гэта па паліцэйскіх пратаколах 1939 году. У тым жніўні людзі яшчэ жылі так, нібыта заўтра будзе падобнае да ўчора. Хадзілі на кірмашы, наймаліся пастухамі, танчылі на вясковых забавах, сушылі тытунь на гарышчах, фатаграфаваліся, палявалі на дзікоў, сварыліся ў рэстарацыях і пісалі заявы ў паліцыю. Празь некалькі тыдняў гэты сьвет разарве вайна.

1 верасьня 1939 году Нямеччына нападзе на Польшчу. 17 верасьня з усходу на беларускія землі ўвойдзе Чырвоная армія. Польскія ваяводзтвы, гміны, паветы, пастарункі і камісарыяты зьнікнуць разам з дзяржавай. Але ў жнівеньскіх паперах гэтага яшчэ няма. У іх захаваліся апошнія сьляды мірнага жыцьця.
Крыніца гэтых гісторый — дакумэнты Ваяводзкай камэндатуры Дзяржаўнай паліцыі ў Берасьці. У справе пад назвай «Сытуацыйныя данясеньні пра грамадзка-палітычны рух і стан бясьпекі за чэрвень — жнівень 1939 году» сабраныя кароткія паведамленьні з Палесься і навакольля.
У рацэ Мухавец каля вёскі Шчэглікі патануў 13-гадовы Ян Пугач. Ён паходзіў з Рагозна, а апошнім часам служыў пастухом у гаспадара з Жабінкаўскай гміны. Цела дасталі з вады і перадалі сям'і. Паліцыя занатавала: «Віны трэціх асобаў ня выяўлена». У гэтай фразе адчуваецца ўся халоднасьць дакумэнту і канцылярская бесстароннасьць: вінаватых няма. Прыкладна так пачынаецца апошні месяц лета перад вайной.
Трагедыя на паляваньні
30 ліпеня каля другой гадзіны ночы Бэрнард Юргенсан, саўладальнік маёнтку Заазер'е Драгічынскага павету, зладзіў паляваньне на дзікоў. Адзін з удзельнікаў, Пётр Каверэц з Рышкавічаў, павінен быў стаяць каля дарогі, каб ніхто не выйшаў у бок засадаў. Была ноч. За трыццаць мэтраў ад Юргенсана нехта, сагнуўшыся, ішоў у ягоны бок. На чалавеку быў кажух, вывернуты воўнай наверх, і Юргенсан прыняў яго за дзіка і стрэліў.
Пётр Каверэц атрымаў раненьне ў грудзі і праз паўгадзіны памёр. Паліцыя назвала гэта «неасьцярожным прычыненьнем сьмерці».
Празь месяц па гэтых мясьцінах ужо будуць хадзіць іншыя ўзброеныя людзі.
Рабаваньне
1 жніўня 1939 году каля паловы адзінаццатай вечара на дарозе паміж чыгуначнай станцыяй Крымна і навакольнымі хутарамі чалавек вяртаўся пешшу з кірмашу ў Камянцы. На яго напаў знаёмы Лукаш Відзук і пад пагрозай рэвальвэра прымусіў аддаць грошы — чатыры злотыя. А потым вярнуў адзін злоты.
Пратакол апісвае гэта амаль будзённа: нападнік і ахвяра добра ведалі адзін аднаго. Відзук вярнуў частку нарабаванага і загадаў нікому не расказваць пра здарэньне.
У той жа дзень у Пінску адбыўся іншы выпадак. Службовец Пінскай катэдры Адам Бульчынскі паведаміў паліцыі, што невядомы пралез у незамкнёную крыпту пад катэдрай і з труны нябожчыка біскупа Зыгмунда Лазінскага скраў скарбонку разам зь яе зьмесьцівам. Нават у апошні мірны жнівень знаходзіліся людзі, якія былі гатовыя лезьці па грошы ў крыпту.

«Яшчэ Польска...»
31 ліпеня ў рэстарацыі Кохаштэйна ў Пінску п'яны Канстантын Капрэвіч (прынамсі, так пазначана ў пратаколе) сьпяваў: «Яшчэ Польшча не загінула, але загінуць мусіць». Гэта была зьняважлівая для тагачаснай улады пераробка польскага гімну. Калі яму зрабілі заўвагу, ён адказаў абразамі. У пратаколе выпадак атрымаў загаловак «Зьнявага Польскай дзяржавы».
Празь месяц гэтыя словы набудуць зусім іншае гучаньне. Польская дзяржава сапраўды абрынецца пад ударамі двух агрэсараў — нацысцкай Нямеччыны і камуністычнага СССР.
Бойка
2 жніўня на вечарыне ў каапэратыве «Выгода» на хутары Калятычы Пружанскага павету пачалася бойка. Солтыс вёскі Міхаіл Карпыз паспрабаваў яе спыніць. Яго пакалолі нажамі, і ён памёр на месцы. Тыя ж людзі пасьля гэтага па дарозе жорстка зьбілі яшчэ аднаго вяскоўца — Яна Сахарука. Яго адвезьлі ў шпіталь у Пінску. У выніку паліцыя затрымала пяць падазраваных.
Пагоня
4 жніўня каля трэцяй гадзіны ночы паліцэйскі патруль з пастарунку ў Камяніцы-Жыравецкай спрабаваў затрымаць на Кавалёўскай шашы фурманку з двума коньмі. На ёй ехалі двое мужчынаў і дзьве жанчыны, якіх у дакумэнце называюць цыганамі.
Калі яны заўважылі паліцыю, то кінуліся ўцякаць у бок Берасьця. Паліцыянты гналіся за імі на роварах. На вуліцы Шпаноўскага адзін з паліцыянтаў дагнаў фурманку. Паводле пратаколу, адзін з мужчынаў адкрыў агонь, паліцыянт таксама пачаў страляць. Калі патроны скончыліся, другі ўцякач ударыў яго бізуном па галаве. Пазьней на вуліцы Сабескага адзін з мужчынаў адчапіў каня і паспрабаваў уцячы верхам. Паліцыянт стрэліў з карабіна, трапіў каню ў галаву і забіў яго, але мужчыну ўдалося ўцячы.
Да пагоні далучыўся яшчэ адзін камісарыят. Паліцыянты заўважылі мужчыну і жанчыну каля чыгуначных рэек паміж вуліцамі Кобрынскай і Баторыя. Калі наблізіліся прыкладна на дваццаць мэтраў, выскачылі з засады і крыкнулі: «Рукі ўгору!» Жанчына спынілася, а мужчына пабег. Па ім адкрылі агонь, а пазьней знайшлі параненым у двары на вуліцы Баторыя.
У фурманцы знайшлі дзьве жывыя і дзьве задушаныя куры. У затрыманых былі пісталет, дакумэнты на коней і тры залатыя пярсьцёнкі, верагодна, крадзеныя. Ноч у Берасьці больш нагадвала сцэну з чорна-белага крымінальнага фільму.
Згвалтаваньне
5 жніўня ў Мікашэвічах здарылася тое, што ў пратаколе пазначана адным словам: «згвалтаваньне». 21-гадовы працоўны фабрыкі «Ольза» Міхал Судар, паводле матэрыялаў паліцыі, пад пагрозай звальненьня з працы згвалціў 21-гадовую Аполёнію Кірыевіч, супрацоўніцу той жа фабрыкі. Гэтая гісторыя сьведчыць, што гвалт мог трымацца ня толькі на фізычнай сіле, але і на залежнасьці ад становішча і страху страціць працу. Судар быў затрыманы і дастаўлены да сьледчага судзьдзі ў Лунінцы.

Рэжымны аб'ект
6 жніўня чыгуначны вартаўнік Аляксей Карчоўскі затрымаў у Берасьці фатографа Айзыка Яліву. Той рабіў здымкі на фоне чыгуначнага масту праз Мухавец на лініі Берасьце — Ковель. Фотаапарат і плёнку канфіскавалі, а самога фатографа зьмясьцілі пад варту пры I камісарыяце. Пратакол называе гэта «фатаграфаваньнем забароненых аб'ектаў». У гэтай гісторыі ўжо адчуваецца набліжэньне вайны.
Сьмяротная навальніца
7 жніўня навальніца пракацілася па Палесьсі. За адзін дзень маланка забіла людзей у розных паветах. Ад яе ўдару загінула 27-гадовая Адалія Улітка з вёскі пад Пінскам. У той жа дзень загінуў 55-гадовы Сяргей Цэван з вёскі Валішчы. На хутары Красёнка Лунінецкага павету маланка забіла 47-гадовага Яна Радзюка, калі той насіў сена на лузе. Каля Сьвятой Волі загінуў 17-гадовы Мікалай Сьлесарчук. На полі каля хутару Удава, падчас уборкі збожжа, маланка забіла Анастасію Церасюк, а Кацярына Алясюк, якая працавала побач, атрымала раненьні.
Тытунь па-за законам
Тым часам дзяржава займалася нелегальнымі пасевамі. У пачатку жніўня паліцыянты разам са скарбовымі чыноўнікамі хадзілі па вёсках Кашырскага павету і шукалі нелегальныя плянтацыі тытуню. У Красьліне на гарышчы жылога дому Дзьмітра Забалоцкага знайшлі 200 грамаў высушанага тытуню. У гміне Любяшоў у 16 жыхароў выявілі 414 тытунёвых расьлінаў. У гміне Сошычна — 218 расьлінаў, шэсьць мэтраў пасадак, 209 грамаў насеньня і кіляграм 200 грамаў тытунёвай сыравіны, схаванай на гарышчы. Расьліны зьнішчалі на месцы, а на гаспадароў складалі карна-скарбовыя пратаколы.
Да пачатку Другой сусьветнай вайны заставаліся лічаныя тыдні. Але ў жнівеньскіх справаздачах паліцыя ўсё яшчэ падрабязна ўлічвала тытунёвыя расьліны, насеньне і мэтры нелегальных пасеваў.
Забівалі сябе раней за камуністаў і нацыстаў

У ноч на 15 жніўня ў Чарнаўчыцах на гарышчы ўласнага дому павесіўся 58-гадовы Эміліян Ліхтар. Паліцыя запісала прычыну: працяглая хвароба страўніка. 12 жніўня ў лесе за паўтара кілямэтра ад вёскі Каралін знайшлі цела 52-гадовага Паўла Дайнэкі, які павесіўся на дрэве. У пратаколе адзначана, што Дайнэка пакутаваў на псыхічнае захворваньне. За некалькі дзён да гэтага ён ужо спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, выпіўшы воцатную эсэнцыю, але сям'я здолела яго ўратаваць. Пазьней гэтага зрабіць ужо не пасьпела.
Гэтыя паліцэйскія пратаколы паказваюць сьвет, які яшчэ ня ведае, што стаіць на парозе вайны. Для людзей, чые гісторыі захаваліся ў гэтых дакумэнтах, гэта быў звычайны жнівень. Але мы чытаем іх ужо пасьля таго, як ведаем, што адбудзецца далей.
Замест польскай паліцыі прыйдуць савецкія крымінальныя справы, допыты, нацыяналізацыя, арышты і дэпартацыі. Потым — нямецкая акупацыя, Галакост, партызанская вайна, новыя сьмерці і новыя архіўныя паперы. Але ў жніўні 1939 году гэтага яшчэ няма.