Як Сталін карміў Трэці Рэйх
22 чэрвеня 1941 году ў памяці беларусаў пачынаецца з выбухаў. Аднак у архівах гэтая раніца мае яшчэ адзін гук, далёкі ад стрэлаў і забойстваў, — гук грошай пад грукат колаў. Пакуль нямецкія войскі ўжо пераходзілі мяжу, да Рэйху яшчэ ішлі савецкія эшалёны з зернем, нафтай, мэталамі і іншай сыравінай. Перад гэтым амаль два гады камуністы і нацысты вялі маштабны гандаль.

Адольф Гітлер і Вячаслаў Молатаў
Савецкая, а пазьней і лукашэнкаўская вэрсія гісторыі пакідала людзям простую карціну: 22 чэрвеня 1941 году адбылася вялікая здрада, напад нацыстаў і пачатак вайны. Аднак рэальнасьць была больш складанай і ўтрымлівала значна больш нязручнай праўды. Да тае раніцы два таталітарныя рэжымы пасьпелі ня толькі падзяліць чужыя тэрыторыі, але і выбудаваць эканамічны мэханізм узаемнай выгады.
У 1940 годзе нацысцкая Нямеччына стала галоўным зьнешнегандлёвым партнэрам камуністычнага СССР. На яе прыпадала каля 40% усяго савецкага вонкавага таваразвароту. За гэтымі адсоткамі стаялі тысячы вагонаў, сотні тысячаў тон сыравіны і сотні мільёнаў рэйхсмарак.
Першы крок быў зроблены яшчэ 19 жніўня 1939 году — за чатыры дні да палітычнага пакту Молатава-Рыбэнтропа. Нямеччына дала Савецкаму Саюзу таварны крэдыт на 200 мільёнаў рэйхсмарак. Калі перакласьці гэтую суму ў маштабы тагачасных заробкаў, яна адпавядала прыкладна 96 тысячам сярэдніх гадавых заробкаў звычайных нямецкіх працаўнікоў. За гэтыя грошы СССР мог замаўляць у Нямеччыне машыны, станкі, прамысловае абсталяваньне, оптыку і частку ўзбраеньняў.
Нямецкі дыплямат Карл Шнурэ ў таемным мэмарандуме пісаў, што крэдыт будзе пагашацца савецкай сыравінай. Пералік уражваў: лес, бавоўна, кормавае зерне, алейны жмых, фасфаты, плятына, футра, нафта і іншыя тавары. Паводле Шнурэ, толькі першапачатковыя савецкія сыравінныя абавязаньні складалі 180 мільёнаў рэйхсмарак, а агульны рух тавараў у наступныя гады мог перавысіць мільярд.
Гітлеру гэта было патрэбна тэрмінова. Нямеччына ўваходзіла ў эпоху войнаў зь моцнай арміяй, але з хранічнай праблемай рэсурсаў. Трэцяму Рэйху бракавала нафты, каўчуку, марганцу, хрому, бавоўны, харчоў і каляровых мэталаў. Брытанская марская блякада пагражала адрэзаць Нямеччыну ад сусьветнага рынку. У гэтай сытуацыі СССР стаў для Бэрліну кантынэнтальным складам сыравіны і транзытным калідорам.

11 лютага 1940 году ў Маскве падпісалі вялікае гандлёвае пагадненьне. Афіцыйна яно называлася «абменам таварамі», але насамрэч стварала лягістыку для будучай вайны. СССР абавязваўся на працягу першага году паставіць Нямеччыне тавараў на 420–430 мільёнаў рэйхсмарак, а ў наступныя шэсьць месяцаў — яшчэ на 220–230 мільёнаў.
Каб зразумець маштабы супрацоўніцтва камуністаў з нацыстамі, дастаткова параўнаць Нямеччыну зь іншымі партнэрамі СССР. Яшчэ ў 1938 годзе на Нямеччыну прыпадала менш за 7% савецкага экспарту і менш за 5% савецкага імпарту. Найбуйнейшым пакупніком савецкіх тавараў была Вялікая Брытанія.
Але пасьля пакту карціна рэзка зьмянілася. У 1940 годзе Нямеччына ўжо займала каля 40% усяго зьнешнегандлёвага тавараабароту СССР. ЗША, якія заставаліся важным тэхналягічным партнэрам, ішлі другімі — прыкладна з 20%. Манголія, трэці партнэр, мела каля 6%. Гандаль зь Вялікай Брытаніяй і Францыяй, колішнімі значнымі эўрапейскімі кірункамі, да таго часу амаль зьнік.
Што менавіта ішло ад Сталіна да Гітлера?
У дакумэнтах фігуруюць 900 тысячаў тон нафтапрадуктаў — ад сырой нафты да змазачных матэрыялаў, аўтамабільнага і авіяцыйнага бэнзіну; 100 тысячаў тон якаснай бавоўны; 500 тысячаў тон апатытаў; 300 тысячаў тон марганцу; 800 тысячаў тон кармоў; 200 тысячаў тон харчовага зерня. Апроч таго — каля мільёна тон розных рудаў, 15 тысячаў тон лёну, лес на мільёны марак. У іншых пераліках асобна пазначаліся мільён тон кормавога зерня і бабовых, а таксама 2400 кіляграмаў плятыны.
Гэта былі ня проста тавары, а канкрэтныя элемэнты вайны. Нафта забясьпечвала рух танкаў, грузавікоў і самалётаў. Авіяцыйны бэнзін дазваляў Люфтвафэ ажыцьцяўляць баявыя вылеты. Марганец і хром станавіліся матэрыялам для гарматаў, брані і снарадаў. Бавоўна выкарыстоўвалася як кампанэнт для вытворчасьці выбуховых рэчываў. Плятына была патрэбная для дакладнай тэхнікі і хімічнай вытворчасьці.

СССР дапамагаў Нямеччыне абыходзіць блякаду, а савецкая тэрыторыя выкарыстоўвалася як транзытны калідор для тавараў з Усходу. Праз Транссыбірскую магістраль ішлі грузы з Японіі і Маньчжурыі, у тым ліку соя і каўчук. Эканаміст і гісторык Марк Гарысан падкрэсьліваў, што справа была ня ў тым, што савецкі гандаль складаў вялізную долю ўсёй нямецкай эканомікі, а ў тым, што ён закрываў крытычныя прабелы ў крытычны момант.
А што атрымліваў Сталін?
Нямецкія пастаўкі выглядалі як мара індустрыялізацыі і мілітарызацыі. У сьпісах былі станкі, прамысловыя ўстаноўкі, горнае абсталяваньне, электраабсталяваньне, турбіны, генэратары, дызэльныя рухавікі, лякаматывы, караблі, стальныя трубы, вугаль і тэхналёгіі вытворчасьці сынтэтычнага каўчуку.
Але былі і рэчы, якія нельга назваць мірнымі нават з вялікай нацяжкай. СССР атрымліваў недабудаваны цяжкі крэйсэр «Лютцаў», пляны лінкора «Бісмарк», праект вялікага эсьмінца, марскую артылерыю, абсталяваньне для караблебудаваньня, пэрыскопы, оптыку, радыё- і тэлефонную апаратуру.
У авіяцыйным сьпісе былі самалёты «Гайнкель», «Мэсэршміт», «Юнкерс», «Дарнье», а таксама гелікоптэры «Фокэ-Ахгеліс». У артылерыйскім разьдзеле месьціліся цяжкія гаўбіцы, зэнітная батарэя і балістычная лябараторыя. У бранятанкавым — узор танка «Панцэр III», а таксама абсталяваньне для вытворчасьці выбуховых рэчываў і сродкаў для хімічнай вайны.
Гэта быў цынічны абмен патрэбамі. Гітлеру была патрэбная савецкая сыравіна для вайны на Захадзе і падрыхтоўкі наступных кампаніяў. Сталіну былі патрэбныя нямецкія тэхналёгіі, каб узмацніць уласную ваенную прамысловасьць. Абодва рэжымы лічылі, што выкарыстоўваюць адзін аднаго.

10 студзеня 1941 году, калі ў Бэрліне ўжо існаваў плян «Барбароса», Сталін і Гітлер падпісалі яшчэ адно пагадненьне. Яно пашырала эканамічную праграму і рэгулявала гандаль аж да жніўня 1942 году — даты, да якой гэты «мірны» абмен, вядома, ужо не дажыў. Савецкі бок абяцаў далейшыя пастаўкі сыравіны, нафтапрадуктаў і харчоў, асабліва зерня. Нямеччына абяцала ўзамен прамысловае абсталяваньне.
Так эканоміка падводзіць нас да нямецкага пляну «Барбароса». Напад на СССР меў выразную рэсурсную лёгіку. Тое, што да 22 чэрвеня 1941 году паступала ў Рэйх паводле дамоваў, пасьля 22 чэрвеня плянавалі забіраць сілай.
Для Беларусі гэтая гісторыя асабліва балючая. Нас дзесяцігодзьдзямі вучылі, і мы часта гаворым пра 22 чэрвеня як пра момант, калі вайна прыйшла на нашу зямлю. Але перад гэтым два таталітарныя рэжымы ўжо дамовіліся пра падзел Эўропы, ужо перакройвалі межы і сфэры ўплыву. Беларусь апынулася паміж дзьвюма імпэрыямі, якія спачатку супрацоўнічалі паміж сабой, а потым ператварылі наш рэгіён у поле адной з найстрашнейшых войнаў у гісторыі чалавецтва.

Сталінскі рэжым быў партнэрам Гітлера на пачатку Другой сусьветнай вайны і істотным пастаўшчыком рэсурсаў для нацысцкай ваеннай машыны.
Апошнія савецкія цягнікі з зернем падыходзілі да мяжы акурат раніцай 22 чэрвеня 1941 году. Пакт камуністаў і нацыстаў скончыўся выбухамі. Але да самага апошняга моманту ён пасьпяхова рухаўся па рэйках.